Звычайна крыкі “горка!” гучаць на адрас маладых.
Гэтым разам галоўнымі героямі свята ў аддзеле ЗАГС горада Дзятлава сталі Віктар Іванавіч і Эліна Феліксаўна Пановы, якія пражылі ў шчаслівым шлюбе 50 гадоў.
– Адкуль ідзе традыцыя ва ўрачыстай абстаноўцы паўтараць вясельную рэгістрацыю ў юбілейныя даты, успомніць не кожны, – заўважае начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Вольга Бародзіч. – Але людзі заўсёды з задавальненнем збіраюцца на сярэбраныя і залатыя вяселлі. Для нашых бацькоў, бабуляў і дзядуляў гэта вялікае свята, бо не ва ўсіх раней была магчымасць ладзіць сапраўдныя вяселлі. Ні “мендэльсона”, ні першага вясельнага танца ў іх таксама не было. А цяпер у акружэнні дзяцей, унукаў, сяброў ёсць унікальная магчымасць зноў перажыць гэту важную для іх сям’і падзею.
Так і нашы юбіляры ў гэты дзень увайшлі ў залу пад вясельны марш, сталі на ручнік, абмяняліся заручальнымі пярсцёнкамі і акунуліся ў кранальную мелодыю памятнага вальса Валерыя Абадзінскага “Гэтыя вочы насупраць”– мелодыі, з якой некалі ўсё пачыналася.
Павіншаваць “залатых” юбіляраў прыйшлі дзеці, унукі, сябры. Цёплыя словы прагучалі на іх адрас ад прафсаюзнага камітэта Дзятлаўскага філіяла “Молочный Мир”, дзе больш за чвэрць стагоддзя працавалі Віктар Іванавіч і Эліна Феліксаўна.
Непрыкметна праляцелі 50 гадоў з таго дня, калі дзве дарогі жыцця маладажонаў-юбіляраў сышліся ў адну. Жаніх Віктар Паноў нарадзіўся ў Тульскай вобласці праз некалькі гадоў пасля Вялікай Айчыннай вайны. Жыццё яго бацькоў было нялёгкім. Мама Віктара Іванавіча ў ваенны час скончыла вучэбку радыстаў-санітараў, была на фронце пад Сталінградам, затым на Курскай дузе. Двойчы была параненая, мела баявыя ўзнагароды. У час вайны загінула яе франтавая сяброўка, у якой засталіся сіротамі дзве дзяўчынкі. Пасля вайны Еўдакія Захараўна забрала дзяўчат да сябе. Бацька Віктара Іванавіча таксама прайшоў усе нягоды ваеннага часу, а ў 1950 годзе, абясшкоджваючы падводную міну ў водах Чорнага мора, капітан 3-га рангу Іван Паноў загінуў.
Віктару споўніўся ўсяго годзік, як не стала яго бацькі. Маці, нягледзячы на цяжкасці пасляваеннага часу, гадавала дзяцей у любові і клопаце. Віктар Іванавіч вучыўся ў хіміка-тэхналагічным тэхнікуме ў Расіі, пасля заканчэння быў накіраваны ў Беларусь на Наваполацкі хімкамбінат, адгэтуль яго прызвалі на тэрміновую службу ў войска.
Восенню 1950 года ў сям’і Граеўскіх у Дзятлаве нарадзілася дачушка Эліна. Яе бацька быў ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, атрымаў у ваенны час цяжкае раненне. Маму немцы хацелі адправіць у Германію, але ў самы апошні момант ёй цудам удалося ўцячы. Нялёгкім было жыццё пасля вайны, але мірнае неба над галавой надавала сіл жыць, працаваць, гадаваць дзяцей і любіць.
Эліна вырасла прыгажуняй, паступіла ў Гродзенскае медвучылішча, дзе атрымлівала адукацыю, адначасова працавала ў радзільні.
Лёсавызначальная сустрэча адбылася ў 1968 годзе: малады салдат Віктар, праходзячы службу ў войску ў вёсцы Страла нашага раёна на запасным аэрадроме, разам з калегамі прыязджаў у Дзятлава ў звальненне. Хадзіць у кінатэатр і мясцовы клуб было для салдат своеасаблівай традыцыяй. У адзін з тых летніх вечароў на белы танец пад песню “Гэтыя вочы насупраць” Віктара запрасіла дзяўчына з адметным іменем Эліна і раскошнай касой. Так адбылося знаёмства будучых мужа і жонкі. Але пра тое, што ім наканавана будзе разам сустрэць свой залаты юбілей, маладыя людзі тады яшчэ не здагадваліся.
На службе ў Віктара не выходзіла з галавы прыгажуня. Адслужыўшы ў войску, паехаў у Гродна, дзе працавала дзяўчына, каб адшукаць суджаную. У абласным цэнтры яны працавалі, вучыліся, і малады чалавек зразумеў, што хоча ўсё жыццё бачыць гэтыя вочы насупраць, вочы Эліны! Зрабіў ёй прапанову рукі і сэрца, і яны паехалі атрымаць блаславенне бацькоў.
18 чэрвеня 1972 года ў аддзеле ЗАГС Дзятлаўскага райвыканкама нарадзілася сям’я Пановых, падзею адзначылі сціпла. Маладыя засталася жыць у Дзятлаве, дзе іх сям’я папоўнілася сынамі Віктарам і Аляксандрам.
Жыццё ішло сваёй чарадой. Бацькі ажанілі сыноў, тым самым знайшоўшы сабе Наталлю і Святлану, дачок, аб якіх заўсёды марыў Віктар Іванавіч. Дачакаліся ўнукаў, якія радуюць усіх сваімі дасягненнямі і поспехамі.
Ідучы па жыцці разам, пераадольваючы цяжкасці і падзяляючы радасці, Віктар Іванавіч і Эліна Феліксаўна захавалі ўзаемную любоў, павагу і адданасць адзін аднаму. У кахання няма канца, а ёсць толькі пачатак. Гэтую народную мудрасць пацвердзіла сваім жыццёвым прыкладам сям’я Пановых. І часцінка гэтай любові – іх дзеці і ўнукі.
Святлана ВІНАКУРАВА,
галоўны спецыяліст аддзела ЗАГС райвыканкама
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga