Нямногія гаспадыні Дзятлаўшчыны ведаюць, што ад нядаўняга часу гатуюць на сваіх кухнях не проста стравы з бульбы, а гісторыка-культурную каштоўнасць, якая ахоўваецца законам.
Аб тым, як нашы дранікі, бліны, бабка ды іншыя стравы з цёртай бульбы атрымалі статус элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны, расказвае вядучы метадыст аддзела метадычнай работы Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Таццяна Янушкевіч:
– Абласны навукова-метадычны цэнтр кінуў кліч па ўсіх раёнах Гродзенскай вобласці з прапановай сабраць мясцовыя рэцэпты страваў з цёртай бульбы. Ідэя нам спадабалася, і мы актыўна ўзяліся за справу. Па выніках адбору Дзятлаўскі раён патрапіў у суполку 8 раёнаў вобласці, дзе стравы з бульбы прызнаныя нацыянальным набыткам, другім аб’ектам нематэрыяльнай культурнай спадчыны пасля ахонаўскага абраду Юр’я.
– Дык які ён, наш дзятлаўскі кулінарны скарб?
– Праводзячы работу па зборы і сістэматызацыі матэрыялу, мы пераканаліся ў тым, што гаспадыні сярэдняга ўзросту гатуюць па рэцэптах сваіх матуляў і бабуляў, запісаных яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя. Сапраўдная гістарычная каштоўнасць з нашымі рэгіянальнымі асаблівасцямі. Самай папулярнай стравай з цёртай бульбы на Дзятлаўшчыне аказаліся дранікі. Аднак у кожнай гаспадыні яны са сваёй “разынкай”: адна дадае ў страву кіпень, другая – моркву, трэцяя – пару зубочкаў часнаку для водару. У нашым раёне іх называюць дранікамі, картаплянікамі, картафлянікамі, дзерунамі. У выніковую справаздачу ўвайшлі больш за 10 рэцэптаў страваў, у ліку якіх дранікі Меланьі Ткацэвіч з Каменкі (прадстаўляла Тамара Ступак), Соф’і Марцінчык з Гуты (прэзентавала Марыя Кардаш), картаплянікі гатавала Ірына Бакшук па рэцэпце сваёй бабулі Ксеніі Яфімік з вёскі Краглі, Алена Шалесная прадстаўляла вёску Асіпаўшчына, яна таксама пераняла вопыт сваёй маці. Наша калега Таццяна Палуносік карыстаецца рэцэптам сваёй бабулі Браніславы Язерскай з вёскі Заполле. Работа па пошуку цікавых страваў з бульбы прадаўжаецца.
– Як збіраецеся папулярызаваць нашы дранікі?
– Мы атрымалі афіцыйны дакумент Міністэрства культуры і віншаванні з прысваеннем нашым стравам з цёртай бульбы статуса нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці і былі запрошаны на фестываль нацыянальных культур, дзе прадстаўлялі свае стравы, ладзілі конкурс на хуткаснае паяданне дранікаў, які паўторым у Дзень Незалежнасці на фестывалі фальклору ў Дзятлаве на пляцоўцы “Беларуская хата традыцыямі багата”. Будзем актыўна рэкламаваць нацыянальную кухню ў час раённага брэндавага свята, прысвечанага бульбе. Яно прыйдзецца на восень, час уборкі гэтай культуры. У мінулым годзе быў прэзентаваны новы турыстычны маршрут “Ад цара да самавара”, у адкрыцці якога ўдзельнічала тэатр-студыя гульні “Суседзі”. Мяркую, нашы дранікі і майстар-клас па іх прыгатаванні гарманічна ўпішуцца ў гэта мерапрыемства. Таксама ў наступным навучальным годзе плануем расказаць і паказаць школьнікам на пазакласных занятках абодва нашы элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga