Дзевяностае лета Ірыны Барук (+відэа)

Галоўнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Незгасальныя іскрынкі мудрасці ў вачах і залаты россып працоўных узнагародаў на грудзях – такой у свой 90-гадовы юбілей гасцей сутракала наша зямлячка з вёскі Лявонавічы, ветэран працы і ўсімі паважаная жанчына Ірына Барук.

У рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” з віншавальнай місіяй і па сакрэты даўгалецця да яе завіталі артысты сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ганна Харлінская, Ірына Бакшук і кіраўнік народнага хору ветэранаў “Ветэраны ў страі” Таццяна Шостка.

Дождж, што выдаўся ў дзень сустрэчы, вымусіў “перанесці” яе ў дом, але і ён не змог астудзіць тых цёплых і шчырых слоў, якія гучалі на адрас доўгажыхаркі ад гасцей і яе родных. Ірыне Яўгенаўне зычылі невычэрпнай энергіі, дабрабыту, бадзёрасці духу і моцнага здароўя на многія гады, каб сустрэла векавы юбілей і заўсёды заставалася такой жа рухавай і няўседлівай, як у сваё асабістае свята. Імянінніца з задавальненнем падпявала артыстам, слухаючы добра вядомыя песні “Цячэ вада ў ярок” і “Мы вам жадаем”. Крыху пазней юбілярка расказала, што на працягу жыцця ёй не часта даводзілася вось так запраста паспяваць, бо лёс не песціў вольным часам, вымусіў перажыць горыч страт. Аднак побач застаюцца і падтрымліваюць любімыя людзі – сын, трое ўнукаў, пяцёра праўнукаў. Сама ж Ірына Яўгенаўна і яе хата як цэнтр прыцягнення ці той чароўны магніт, які збірае ўсю сям’ю разам у Лявонавічах святамі. Не прапускаюць родныя і выхадных дзён: хто-небудзь з іх абавязкова ды зазірне, каб бабуля не сумавала, каб прывезці ёй гарадскіх прысмакаў, хоць і адмахваецца яна, маўляў, навошта столькі ўсяго. Вядома ж, любоў не вымяраецца падарункамі, але для блізкага чалавека ўсе стараюцца зрабіць як мага больш прыемнага, імкнуцца, каб “залатыя гады” яе жыцця працякалі ў прыгажосці, утульнасці, радасці.

– Пойдземце, пакажу вам сваю сядзібу, – прапаноўвае Ірына Барук гасцям.

Вядома ж, каб не дождж, “экскурсія” абавязкова б адбылася, а так даведваемся, што сын не толькі зладзіў у бацькоўскай хаце ўсе выгоды з газавым ацяпленнем, але і добраўпарадкаваў прысядзібны ўчастак, дзе, дзякуючы яго руплівым рукам, з’явіліся саджалка і лазня. Ён мае дачыненне і да ўстаноўкі вясковага крыжа з агароджай, для якіх змайстраваў загатоўкі, а аднавясковец дапамог зварыць усе металічныя дэталі. Анатоль (так завуць сына) удзячны матулі і роднай зямлі за тое, што далі крылы для дарослага жыцця, якое праходзіць у сталіцы.

– У свой час ледзь угаварыла яго застацца студэнтам, – узгадвае Ірына Яўгенаўна даўнія падзеі. – Скончыў Мінскі БДУІР. Шмат гадоў працаваў інжынерам у сталічных электрасетках, цяпер на пенсіі, але работу прадаўжае.

Падзея за падзеяй Ірына Яўгенаўна вяртаецца ўсё далей у мінулае, спыняецца і на сваім дзяцінстве, апаленым Вялікай Айчыннай вайной:

– Нарадзілася я ў 1932 годзе каля Лявонавічаў на хутары Асіпоўшчына. У бацькоў нас было сямёра, жылі цяжка, з дзяцінства даводзілася пасвіць авечак і кароў. У вайну ў вёсцы стаялі немцы, а ў лесе каля нашага хутара бывалі партызаны. Вось і вырашылі ворагі іх разбамбіць. Выбухі былі страшэнныя, потым вяскоўцы здзіўляліся, як наша хата ўцалела ды ўся сям’я выжыла, а я мяркую, што Бог дапамог. У вайну вясковыя жанчыны разам выткалі ахвярны ручнік, абнеслі яго з малітвай вакол вёскі, а мужчыны паставілі крыж, які ручніком і ўпрыгожылі, вось Гасподзь і абараніў нашы Лявонавічы ад бяды.

Свой адзіны дакумент аб адукацыі – пасведчанне аб заканчэнні чатырох класаў – Ірына (тады яшчэ Алішэўская) атрымала ў жніўні пераможнага 1945 года. Яна і цяпер беражліва захоўвае гэту даведку, выдадзеную Народным камісарыятам асветы БССР за подпісам загадчыка Лявонавіцкай школы Казлоўшчынскага раёна Баранавіцкай вобласці В. Палуносіка, ён жа распісаўся за настаўніка. У дакуменце пазначана: “скончыла поўны курс школы і пры выдатных паводзінах паказала наступныя веды”, далей ідзе спіс з 6 дысцыплін з адзнакамі, агульны бал якіх – цвёрдая чацвёрка. На жаль, складаны пасляваенны час не даў Ірыне Яўгенаўне шанцаў прадоўжыць вучобу. У 18 гадоў яна выйшла замуж за мясцовага хлопца, з якім пазнаёмілася на танцах, і ўсё жыццё адпрацавала ў калгасе.

– Стаць цялятніцай мяне паклікалі старшыня гаспадаркі і ветэрынарны доктар, – расказвае юбілярка. – Прыйшлі ў наш недабудаваны дом, паабяцалі, што, калі згаджуся, выдзеляць лес на будоўлю. Спачатку пасвіла быкоў, затым пайшла на ферму на адкорм. Старалася. Памятаю, як сваіх лепшых жывёл вазіла на выставу ў Дзятлава, дзе іх ацэньвала абласная камісія, за поспехі мне выдалі грашовыя прэміі ад раёна і калгаса.

Ірына Яўгенаўна была стараннай працаўніцай, перадавіком, за што атрымлівала заслужаныя ўзнагароды, сярод якіх “За доблесную працу ў азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна” (1970 год), “За трудовое отличие” (за 1971 і 1973 гады), “Пераможцу сацыялістычных спаборніцтваў” (за 1976 і 1977 гады), “Ударніку 11-й пяцігодкі”, пасведчанне “Ветэран працы” (1987 год).

Дома Барукі таксама трымалі вялікую гаспадарку, садзілі бульбу, даглядалі агарод, знаходзіліся ў гаспадыні і хвілінкі на ткацтва, каб аздобіць яркімі пакрываламі і дарожкамі родную хату. Усё паспяваць атрымлівалася, прачынаючыся ў 4 гадзіны раніцы. Ірына Яўгенаўна па старой памяці і ў сваім шаноўным ўзросце ўстае з першымі пеўнямі, а потым садзіцца за малітву. Менавіта веру ў Бога, старанную працу і пастаянны рух 90-гадовая юбілярка лічыць сваімі сакрэтамі даўгалецця. Моладзі яна таксама жадае моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця, марыць, што і яе клапатлівы сын пражыве доўгі век, каб радаваць сваю матулю. А ўсе блізкія імянінніцы спадзяюцца, што ў вокнах роднай хаты яшчэ доўга будзе гарэць агеньчык святла, а Ірына Яўгенаўна прадоўжыць цёплай усмешкай сустракаць іх на парозе.

Ірына СТЫРНІК     

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: