Дзень Дварэцкага сельсавета

Галоўнае Грамадства

Пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага з удзелам старшыняў сельскіх выканаўчых камітэтаў Дзятлаўшчыны адбылася сустрэча з парадкам дня “Аб рабоце Дварэцкага сельвыканкама і сельскага Савета дэпутатаў”.

– Як заўсёды, наведаем некалькі населеных пунктаў, пазнаёмімся з работай некаторых аб’ектаў сельсавета, – задаў тон размове Аляксандр Бараноўскі.

Больш падрабязна аб сацыяльна-эканамічным становішчы і добраўпарадкаванні падведамасных тэрыторый расказаў старшыня сельвыканкама Канстанцін Вінцукевіч:

– Дварэцкі сельскі савет быў створаны ў 1940 годзе, у лістападзе 2013-га да яго далучаны Раготнаўскі, а ў маі 2021-га Мяляхавіцкі сельскія саветы, тэрыторыя складае больш за 22 231 гектар, дзе размешчаны 3 аграгарадкі, 38 вёсак, 2 хутары. Сярод значных вытворчых аб’ектаў – адкрытыя акцыянерныя таварыствы “Дварэц-Агра”, “Дварэцкі льнозавод”, “Граніт-Агра”, “Боркаўскі вытворчы ўчастак Рагозненскага крухмальнага завода”, таксама працуюць “Раготнаўскае лясніцтва”, прадпрыемства па вытворчасці кармавых дабавак ТАА “ТрыалБіяТэх”, дзве фермерскія гаспадаркі. Адукацыйныя працэсы вядуць Дварэцкая сярэдняя школа, Дварэцкі яслі-сад, з 1 верасня 2022 года ў дзіцячы сад будзе пераўтвораны Раготнаўскі дзіцячы сад-базавая школа. Медыцынскае абслугоўванне жыхароў ажыццяўляюць Дварэцкая і Раготнаўская амбулаторыі, Белагурнаўскі ФАП. У ліку гандлёвых аб’ектаў – 3 магазіны змешанага тыпу ў Раготне, Дварцы, Белагурне і кафетэрый “Радуга” спажыўтаварыства, 2 прыватныя харчовыя магазіны. На тэрыторыі сельсавета функцыянуюць 3 аддзяленні паштовай сувязі, Дварэцкі дом культуры, Дварэцкая сельская бібліятэка, з 2020 года Раготнаўская бібліятэка размешчана на базе мясцовай установы адукацыі.

Па стане на 1 ліпеня колькасць насельніцтва сельсавета складае 1799 жыхароў, ёсць 17 шматдзетных сем’яў, дзе гадуюцца 62 дзіцяці; працаздольная частка насельніцтва складае 55 % або 990 жыхароў; 608 – пенсіянеры, сярод якіх 39 адзінокія і 308, якія жывуць адзінока, 8 адзінокіх інвалідаў І-ІІ груп і 41, які жыве адзінока. Большасць насельніцтва згрупавана ў аграгарадках, у 13 вёсках жывуць менш за 5 чалавек.

Пры сельвыканкаме працуе грамадскі пункт аховы правапарадку, функцыянуе камісія па пажарнай бяспецы.

Важным накірункам дзейнасці з’яўляецца работа па добраўпарадкаванні населеных пунктаў сельсавета. Ліквідуюцца струхнелыя дамы, сёлета іх разабрана ўжо 5, яшчэ 14 абследаваны для ўключэння ў рэгістр пустуючых.

Каб не быць галаслоўным, Канстанцін Вінцукевіч запрасіў удзельнікаў Дня сельсавета наведаць шэраг аб’ектаў і пазнаёміцца з людзьмі. Загадчыца Дварэцкага дома культуры Людміла Баклушына расказала пра работу і дасягненні свайго калектыву, цікавінкамі для гасцей сталі майстар-клас па лозапляценні ад Сяргея Балыкова і знаёмства з выставай работ мастака-жывапісца і разбяра па дрэве Аркадзя Сокала.

Наведваючы Дварэцкую сярэднюю школу разам з дырэктарам Веранікай Фабішэўскай удзельнікі сустрэчы аддалі даніну памяці загінуламу воіну-афганцу Дзмітрыю Лазовіку і ўсклалі кветкі да яго мемарыяльнай дошкі, што знаходзіцца на будынку ўстановы. З прыгажосцю, якая ствараецца навучэнцамі на ўроках працы, гасцей пазнаёміла настаўніца Святлана Вінцукевіч. Кіраўнік школьнага музея Сяргей Каско і яго юныя экскурсаводы расказалі аб выніках пошукавай работы і сваіх далейшых планах, пазнаёмілі з музейнымі экспазіцыямі.

Пра галоўную святыню аграгарадка Дварэц – царкву Пакрова Прасвятой Багародзіцы – расказаў яе настаяцель іерэй Сергій Антошкаў.

Наступным прыпынкам стала ААТ “Дварэцкі льнозавод”, экскурсію па якім правяла намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Ала Хамко. Яна расказала, што прадукцыя прадпрыемства пастаўляецца на Аршанскі льнокамбінат і Гродзенскі “Гранітэкс”, летась пастаўкі адбываліся ў Кітай, Расію, Чэхію. На прадпрыемстве, калі лічыць са Слонімскім і Новаяльнянскім участкамі, працуюць 305 чалавек.

Прыемна было наведаць вёску Коцькі, у якую некаторыя з былых жыхароў вяртаюцца ў бацькоўскія хаты, набываюць нерухомасць тут і жыхары іншых рэгіёнаў. Апошнім пунктам маршруту стала шырокавядомая аграсядзіба “Каля дуба” ў вёсцы Цяцейкі, з дзейнасцю якой пазнаёміў гаспадар Сяргей Калпінскі.

Падводзячы вынікі сустрэчы, Аляксандр Бараноўскі падзякаваў Канстанціну Вінцукевічу за работу, адзначыў, што яна вядзецца вынікова, хаця старшыням сельвыканкамаў па-ранейшаму трэба надаваць увагу абкошванню і добраўпарадкаванню населеных пунктаў і могілак, бо ў гэтай рабоце бываюць праблемныя моманты. Радуе, што самі жыхары праяўляюць старанне ў навядзенні парадку на зямлі, вяртаюцца да вытокаў, такая дзейнасць заўсёды будзе вітацца.

Напрыканцы сустрэчы Аляксандр Бараноўскі анансаваў, што наступны Дзень сельсавета адбудзецца ў Дзятлаве.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

 



Теги: