Дакрануліся да жывой памяці песняра

Важнае Культура і адпачынак

Штогод у час летняга адпачынку навучэнцы гімназіі № 1 г. Дзятлава  з задавальненнем наведваюць розныя рэспубліканскія экскурсійныя аб’екты.

3 лістапада 2022 года мы будзем адзначаць 140-годдзе з дня нараджэння беларускага песняра Я. Коласа, менавіта таму на гэты раз выбралі Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей імя Я. Коласа.

Непадалёку ад ажыўленага праспекта Незалежнасці, за манументальным гмахам Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, у ціхім падворку, дзе вядуць гамонку з небам хвоі, якія шмат бачылі на сваім вяку, стаіць невялікі ўтульны дом. Тут на працягу апошніх гадоў свайго жыцця працаваў Якуб Колас – славуты майстар мастацкага слова, грамадскі дзеяч, вучоны, адзін  са стваральнікаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы. У музеі зберагаецца гісторыя жыцця і творчасці класіка, клапатліва захоўваецца рабочы кабінет, гасцёўня, сталовая паэта, яго асабістыя рэчы і бібліятэка.

Экскурсавод падрабязна і вельмі цікава распавяла пра творчасць паэта, яго жыццёвы шлях. Дзеці пачулі ўрыўкі з любімых твораў Якуба Коласа. Сустрэча была захапляльнай і пазнавальнай.

Напрыканцы экскурсіі дзеці дакрануліся да жывой памяці аб Я. Коласе, да чатырох дубоў, пасаджаных самім паэтам у гонар сваёй сям’і ў 1945-1947 гг. Чаму чатыры? Вядома, што ў Якуба Коласа было тры сына: Даніла, Юрый, Міхась. А вось у цэнтры пляцоўкі  доўгі час радавала вочы наведвальнікаў прыгожая бярозка, пасаджаная паэтам у памяць аб сваёй жонцы Марыі Дзмітрыеўне. На жаль, да сённяшніх дзён дрэва не захавалася.

Атмасфера дома-музея аб’яднала мінулае пакаленне і сучаснае. Дала магчымасць гімназістам пераасэнсаваць свае адносіны да беларускай літаратуры, натхніла на творчыя пошукі.

Аксана Ванчук,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: