“Ты ўжо набыла цукар?”– замест “добрага дня” з ходу звяртаецца да мяне знаёмая.
“Ды не, у мяне яшчэ не скончыўся ў цукерніцы”, – адказваю ёй. Але варта высветліць, чаму цукар стаў тэмай № 1 у сучасным грамадстве і ці ёсць падставы для хвалявання.
Наведваю магазін “Світанак”, што знаходзіцца непадалёк ад рэдакцыі. Цукар ёсць. Чаргі цяпер няма. Пакупніца, што стаіць перада мной, разважае, які цукар лепшы, выбіраючы з двух рознакаляровых пакункаў. Аднак прадаўцы адзначаюць, што попыт на салодкі прадукт і сапраўды назіраецца павышаны. Толькі за ўчарашні дзень гэта невялікая гандлёвая кропка прадала 800 кілаграмаў цукру! Увечары прывезлі новую партыю.
– Нават стаміліся выносіць са склада і расстаўляць на паліцах. Людзі набываюць яго “оптам”, – адзначае прадавец Вольга Каско.
Сітуацыю з ажыятажам на цукар каменціруе дырэктар Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Мікалай Гародка:
– Сапраўды, павышаны пакупніцкі попыт на цукар ва ўсіх магазінах “Родны Кут” нашага раёна прыкладна з панядзелка. Калі раней мы прадавалі каля 800 кілаграмаў цукру ў дзень, то ў панядзелак рэалізавалі 4,5 тоны, у аўторак – 10 тон, сёння – 12. Развозім цукар у гандлёвыя кропкі Дзятлава, пасёлкаў і аграгарадкоў, загружаем у вялікай колькасці на аўталаўкі. Кожны дзень мы робім пастаўкі гэтай прадукцыі са Скідзельскага цукровага завода, але за дзень тавар “змятаюць” з прылаўкаў магазінаў.
– Галоўным рухавіком цукровага “вар’яцтва” стала верагоднае павышэнне коштаў. Ці чакаецца яно?
– Наш пастаўшчык заявіў, што не збіраецца ў бліжэйшы час павышаць кошты на прадукцыю, яны застаюцца ранейшымі і ў нашых магазінах.
– Ці хопіць цукру ўсім?
– Безумоўна. Цукровы завод сёння працуе ва ўзмоцненым рэжыме, спадзяёмся, да выхадных насыцім попыт і неабгрунтаваны ажыятаж крыху спадзе.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga