Аляксандр Мармыш: “Ратаўнікі – людзі, адданыя сваёй Радзіме”

Важнае Грамадства

Аляксандр Мармыш не з тых, хто марыў быць пажарным з дзяцінства.

Ён нарадзіўся і жыў у сельскай мясцовасці, пасля заканчэння Раготнаўскай сярэдняй школы выбраў для сябе прафесію, звязаную з сельскай гаспадаркай: артымаў спецыяльнасць інжынера-механіка ў Мінскім аграрна-тэхнічным універсітэце.

Першае працоўнае месца Аляксандр Уладзіміравіч знайшоў на сваёй малой радзіме ў саўгасе “Раготна”: спачатку механікам, затым – галоўным энергетыкам.  Калі ў 1995 годзе ў Раготне стварылі пажарны пост, мужчына вырашыў паспрабаваць сябе ў прафесіі ратаўніка, і застаўся ў ёй надоўга. На працягу 10 гадоў ён служыў камандзірам аддзялення. Разам з гэтым атрымаў завочна другую вышэйшую спецыяльнасць “інжынер-ратаўнік” у інстытуце перападрыхтоўкі кадраў у Барысаве. Гэта паспрыяла павышэнню па службе: ён быў прызначаны начальнікам каравула пажарнай часці ў гарпасёлку Наваельня. Працуючы кіраўніком у розных пажарных падраздзяленнях, мужчына прытрымліваўся галоўных прынцыпаў работы ў камандзе: заўжды быць прыкладам для сваіх падначаленых і ніколі не хлусіць тым, з кім рызыкуеш жыццём у час баявога дзяжурства.

– У абодвух калектывах працавалася з радасцю: хлопцы падабраліся добрыя, разумныя, дысцыплінаваныя. За ўвесь час службы не было ніякіх праблем з калектывам, – успамінае мужчына. – Нават цяпер, калі служба даўно ў мінулым, мы з імі падтрымліваем сувязь, сябруем.

Праз некаторы час Аляксандр Мармыш змяніў абавязкі па тушэнні пажараў на прафілактычную работу: стаў працаваць дзяржаўным інспектарам пажарнага нагляду.

– Давялося займацца самаадукацыяй, самастойнай падрыхтоўкай, каб зразумець спецыфіку работы і адпавядаць ёй, – кажа мужчына.

Ён прысвяціў пажарнай службе раёна два дзесяцігоддзі. Нават цяпер, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, узгадвае іх як найлепшы час у жыцці.

– Найбольш мне падабалася ў службе дакладнасць, дысцыпліна і жыццё па распарадку, – кажа былы ратаўнік. – Гэта загартоўвае характар, умацоўваючы лепшыя мужчынскія якасці.

Па словах Аляксандра Уладзіміравіча, у ратаўніка не бывае вольнага часу: нават у выхадны дзень ён гатовы рэагаваць на надзвычайныя сітуацыі або прыбыць на службу ў выпадку неабходнасці.

– Гэта адданасць сваёй рабоце, Радзіме, якая ў крыві ва ўсіх ратаўнікоў, – дадае ён.

Пасля выхаду на заслужаны адпачынак Аляксандру Мармышу яшчэ доўга сніліся сны пра тое, як ён выязджае на заданне, ратуе людзей. “На рамадзянцы” мужчына прадаўжае весці актыўны лад жыцця: некаторы час працаваў у службе аховы гіпермаркета, цяпер даглядае родных, якія маюць праблемы са здароўем. Аб прафесійным свяце ратаўнікоў ніколі не забывае.

– Вельмі рады, што лепшыя гады свайго жыцця я прысвяціў рабоце, якая сапраўды мне па душы, – падводзіць выснову Аляксандр Уладзіміравіч.

Калегам, якія знаходзяцца на баявым дзяжурстве, у інспекцыі, на іншых пастах пажарнай службы, ён жадае сухіх рукавоў, моцнага здароўя, не губляць сваю мэту ў жыцці і паспяхова яе дасягаць. І галоўнае – ніколі не забываць сваіх сяброў.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga