Адаптацыя інвалідаў да працоўнай дзейнасці

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

За кошт сродкаў бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь арганізуюцца і фінансуюцца мерапрыемствы па адаптацыі да працоўнай дзейнасці інвалідаў, зарэгістраваных у якасці беспрацоўных ва ўпраўленнях па працы, занятасці і сацыяльнай абароне гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў.

На важных нюансах, якія тычацца працоўнай адаптацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі, спынілася намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Баравік:

– Адаптацыя інвалідаў да працоўнай дзейнасці ўяўляе сабой комплекс мерапрыемстваў, скіраваных на набыццё і ўдасканаленне інвалідамі сваіх прафесійных ведаў, уменняў і навыкаў з улікам атрыманай або наяўнай у іх спецыяльнасці ці прафесіі, развіццё і замацаванне на практыцы працоўных здольнасцяў, павышэнне канкурэнтаздольнасці інвалідаў на рынку працы, іх працаўладкаванне па спецыяльнасці ці прафесіі. Яна можа ажыццяўляцца ў арганізацыях любых арганізацыйна-прававых формаў і ў індывідуальных прадпрымальнікаў. Прававыя ўзаемаадносіны ў гэтай сферы рэгулююцца Законам Рэспублікі Беларусь ад 15 чэрвеня 2006 года № 125-З “Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь” і Палажэннем аб парадку арганізацыі і фінансавання мерапрыемстваў па адаптацыі інвалідаў да працоўнай дзейнасці, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2 лютага 2009 года № 128.

Наймальнікі, якія выказалі жаданне ажыццяўляць адаптацыю інвалідаў да працоўнай дзейнасці, павінны ў адпаведнасці з заканадаўствам мець неабходныя магчымасці і ўмовы для рэалізацыі такіх мерапрыемстваў. Адаптацыя інвалідаў да працоўнай дзейнасці ажыццяўляецца наймальнікамі па накіраваннях органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне на дагаворнай аснове ў адпаведнасці з індывідуальнай праграмай рэабілітацыі інваліда і можа рэалізоўвацца на працягу ад шасці месяцаў да аднаго года.

Наймальнікі, якія выказалі жаданне арганізаваць працоўную адаптацыю інвалідаў, падаюць у органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы стварэння працоўнага месца заяву з указаннем спецыяльнасцяў ці прафесій, па якіх магчыма арганізацыя адаптацыі, колькасці і пераліку вакантных працоўных месцаў, а таксама патрэбы ў стварэнні новых працоўных месцаў і магчымасцяў далейшага працаўладкавання інвалідаў.

Для атрымання накіравання на праходжанне адаптацыі да працоўнай дзейнасці інвалід павінен звярнуцца ў орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы сваёй рэгістрацыі ў якасці беспрацоўнага. На падставе індывідуальнай праграмы рэабілітацыі і з улікам наймальнікаў, гатовых да арганізацыі адаптацыі інвалідаў да працоўнай дзейнасці па канкрэтных спецыяльнасцях ці прафесіях, а таксама з улікам спецыяльнасці ці прафесіі інваліда орган па працы і занятасці прыме адпаведнае рашэнне і выдасць інваліду накіраванне да наймальніка на адаптацыю да працоўнай дзейнасці.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga