“Вытокі”. Чым здзіўляў Навагрудак?

Важнае Культура і адпачынак

Спартыўна-культурны фестываль “Вытокі. Крок да Алімпу” ўжо знайшоў у нашай краіне сваіх прыхільнікаў і прываблівае ўсё больш гасцей.

Прыемны яго бонус – бясплатнае наведванне тэматычных пляцовак.

Другі сезон фестывалю пасля Рэчыцы і Століна 17-18 чэрвеня прымае Навагрудак, вядомы ў гісторыі Беларусі як першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага. Гэтым тлумачыцца і выбраная для мясцовага свята тэма – “Статуты ВКЛ”: у Год гістарычнай памяці кожны з гарадоў, па якіх вандруюць “Вытокі”, робіць акцэнт на сваёй непаўторнай культурнай спадчыне.

Свята ў Навагрудку стартавала двухгадзінным прэс-турам для прадстаўнікоў рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ, якія ўзброіліся фотаапаратамі, дыктафонамі, прыўзнятым настроем і рушылі знаёміцца з цікавінкамі горада.

Якія на смак “Навагрудскія дары”

Першы прыпынак быў гастранамічным. Свае дзверы для журналістаў гасцінна адкрыў філіял ААТ “Лідскі малочна-кансервавы камбінат” “Навагрудскія дары”.

Прадпрыемства выпускае 60 найменняў прадукцыі: цэльнамалочную, паўцвёрдыя, мяккія, расольныя сыры, сухое абястлушчанае і цэльнае малако. Самыя папулярныя мясцовыя прысмакі можна было ўбачыць на арыгінальна аформленай выставе, дзе знаходзіліся нават сырны летапіс і сырная кніга фестывалю “Вытокі”.

Дырэктар завода Аляксандр Булак і спецыялісты расказалі, што іх прадукцыя цэніцца за адсутнасць кансервантаў, штучных дабавак, генетычна мадыфікаваных кампанентаў, яна мінімальна падвяргаецца тэхналагічнай апрацоўцы і за гэта карыстаецца попытам у людзей.

Якія “Навагрудскія дары” на смак, у час дэгустацыі змаглі ацаніць і самі ўдзельнікі прэс-тура, а віртуальнай экскурсіяй па цэхах завода ім паслужыў відэаролік аб гісторыі і сучасным этапе развіцця прадпрыемства.

Паэзія Міцкевіча ў новым гучанні

– Хто зразумець паэта хоча, той у край яго павінен крочыць, – з такіх словаў пачалося знаёмства журналістаў з домам-музеем вядомага паэта Адама Міцкевіча. Ён налічвае 5 дэманстрацыйных залаў, у кожнай з якой можна даведацца пра пэўныя старонкі біяграфіі творцы і жыцця яго блізкіх.

Інтэрактыўная экскурсія ад імя “сябра Адама Міцкевіча”, з удзелам “Зінаіды Валконскай і Марыі Шыманоўскай”, якія пазнаёмілі з мовай веера і расказалі пра бальныя традыцыі, дапамагла адчуць каларыт той далёкай эпохі. “Пані гаспадыня” запрасіла гасцей на кухню, дзе любілі бавіць доўгія вечары Міцкевічы. Яна расказала, як вялі свой побыт сем’і таго часу, спынілася на гісторыі і значэнні некаторых рэчаў.

А ў наш час гістарычныя музейныя традыцыі “набываюць новае гучанне” і гэта даказалі выкладчыкі Навагрудскай дзіцячай школы мастацтваў, якія сыгралі некалькі старадаўніх кампазіцый. Падобныя вечарыны нярэдка ладзяцца тут для наведвальнікаў дома-музея.

Яшчэ адзін сюрпрыз чакаў гасцей на пляцоўцы пад адкрытым небам, дзе журналісты паўдзельнічалі ў народных забавах і нават станцавалі лявоніху.

Малаток не толькі каб цвікі забіваць

Тонкую, філігранную, лёгкую, як марозныя ўзоры на шкле прыгажосць увабралі ў сябе адметныя навагрудскія выцінанкі-выбіванкі, якія маюць статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны. Адраджэннем гэтага рамяства займаецца народны майстар Наталля Клімко, якая сёлета была ўдастоена спецпрэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”.

У чым сакрэт выбіванак? Пры вырабе не патрэбны нажніцы, на ўзбраенне майстру прыходзіць малаток. Упэўненыя, адточаныя рухі, меткія ўдары – і з-пад інструмента паступова “выплывае” прыгожы ўзор: кветкі, птушачкі, анёлы. Такія рукатворныя шэдэўры з густам могуць аздобіць любы інтэр’ер, а для нашых прабабуляў яны, зробленыя з паперы, былі таннай заменай дарагіх тканкавых фіранак і сурвэтак.

Дзе сустракаюцца мінулае і сучаснае?

Рэтра-падарожжа па горадзе ўдзельнікам прэс-тура прапанавала гараджанка пачатку 20 стагоддзя. Пачалося яно на алеі ліхтароў арганізацый і ўстановаў Навагрудскага раёна. Алея знаходзіцца ў парку каля дома-музея Адама Міцкевіча і ўключае 13 каваных дэкаратыўных аб’ектаў.

На цэнтральнай плошчы журналісты пачулі цікавыя гістарычныя факты пра касцёл Архангела Міхаіла, палюбаваліся на старажытную забудову і завіталі ў мясцовы турысцка-інфармацыйны цэнтр, дзе ім прарэкламавалі самыя папулярныя маршруты Навагрудскага раёна.

Ажыццявіць падарожжа ў мінулае стагоддзе прапанавалі работнікі міні-музея макетаў “Страчаная спадчына”, дзе прадстаўлены макет тагачаснай Рыначнай (цэнтральнай) плошчы з будынкамі, якія не захаваліся да нашых дзён. Тут жа можна было палюбавацца на калекцыю старадаўняга адзення і галаўных убораў, зрабіць рэтра-сэлфі, пагадаць, кім ты мог бы быць стагоддзе таму.

Думаю, многія знаёмы з гравюрамі Напалеона Орды, а таму бачылі на іх велічныя сцены Навагрудскага замка. Аднак ні адно, нават самае знакамітае палатно, не заменіць турысту жывую прысутнасць на аб’екце гісторыі, нават нягледзячы на тое, што ён на рэстаўрацыі. Асабліва, калі ў госці цябе запрашаюць самі Кароль і Каралева, а шляхта ладзіць бальныя танцы.

Прэс-тур скончыўся, а спартыўна-культурны фестываль “Вытокі. Крок да Алімпу” ў першы яго дзень прадоўжылі семінар “Актуальныя пытанні падрыхтоўкі спартсменаў і шляхі іх вырашэння”, семінар-практыкум па алімпійскай адукацыі, майстар-клас па набойцы “Маляванка. Вытокі самабытнага мастацтва” і канцэрт-пагружэнне арганнай музыкі розных стыляў і эпох Валерыя Шмата.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: