Пад такой назвай у нашай краіне, у тым ліку і на Дзятлаўшчыне, прайшла рэспубліканская акцыя па папулярызацыі ўнутранага турызму.
На працягу тыдня дзятлаўчане і госці горада мелі магчымасць наведаць розныя турыстычныя аб’екты раёна, больш падрабязна пазнаёміцца з іх гісторыяй і даведацца шмат цікавага аб прыгожым зецельскім краі.
Ветліва і гасцінна ўсіх жадаючых сустракалі гісторыка-краязнаўчы музей горада Дзятлава, тэматычныя музеі школ раёна, санаторый “Альфа Радон”, касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, сабор навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай, раённы цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Кожны аб’ект быў адметны па-свойму. Экскурсаводы здзіўлялі не толькі пазнавальнымі фактамі і гісторыямі пра выдатныя мясціны Дзятлаўшчыны, але і новымі творчымі падыходамі, якія дазволілі наведвальнікам “вярнуцца” ў мінулае, стаць удзельнікамі квэст-гульні, гледачамі тэатралізаванага паказу аб дзіцячай трагедыі, якая здарылася ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў Наваельні. У сваю чаргу, дзятлаўчане акунуліся ў вясковае жыццё, зрабілі ляльку-абярэг, пабывалі ў адной з лепшых здраўніц Беларусі, адчулі небывалы гонар і любоў да родных мясцін, паглядзелі на іх па-іншаму.
Сектар спорту і турызму Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта выказвае падзяку кіраўнікам установаў, настаяцелям храмаў і экскурсаводам, якія “прыадчынілі дзверы” ў мінулае і натхнілі ўдзельнікаў акцыі на новыя падарожжы!
“Вандруй. Адчуй. Натхняйся” – гэта сапраўды так!
Спадзяёмся, што турыстычны тыдзень не прайшоў бясследна, і заахвоціў дзятлаўчан і гасцей горада на іншыя экскурсіі па Дзятлаўшчыне. З іх пералікам можна азнаёміцца на сайце райвыканкама ў раздзеле “Турызм і адпачынак”, а таксама на ютуб-канале “Турызм у Дзятлаве”.
Сектар спорту і турызму Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga