“Бязмежны голас”, “дзіўны прыродны дар” – такая ацэнка прагучала ад суддзяў праекта – вядомых расійскіх выканаўцаў Эльдара Ардразакава, Ірыны Дубцовай, Валерыі і Стаса П’ехі на адрас дзятлаўчанкі Тамары Ступак, якая была адной з удзельніц ІІ сезона тэлепраекта, які даўно стаў шырока вядомым і любімым не толькі ў расіян, але і ў беларусаў за свае цеплыню, дабрыню, здольнасць кранаць да слёз і дарыць крылы для высокага палёту.
І восенню бываюць светлыя дні
Тэлекампанія НТБ, міжнароднае інфармацыйнае агенцтва “Расія сёння” і радыё Sputnik запускалі новы сезон вакальнага праекта “Ты супер 60+”, на гэты раз для адораных пенсіянераў, у якіх дзеці і ўнукі жывуць у іншых гарадах. Да 1 снежня 2021 года прэтэндэнтам на ўдзел у праекце неабходна было запоўніць віртуальную анкету.
Нямала дараванняў ёсць сярод нашых землякоў – наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для пажылых людзей цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Да адной з іх –дзятлаўчанкі з прыгожым голасам і яркім песенным талентам Тамары Ступак, якая больш за паўстагоддзя аддала рабоце ў сферы культуры, звярнулася загадчыца аддзялення Галіна Касцюк з прапановай паспрабаваць свае сілы на тэлебачанні.
– Гэта было нечакана, спачаку я засумнявалася, – узгадвае сваё першае ўражанне Тамара Андрэеўна. – Пазней засталася вельмі ўдзячнай Галіне Эдвардаўне і землякам, якія мяне падтрымалі. Анкета стала адпраўной кропкай, яшчэ належала зняць відэаролік для адбору, у чым дапамаглі Іван Каско і Міхаіл Маісеенка, а Васілій Шыцько станцаваў са мной вальс для відэа. Калі адбор прадоўжыўся, давялося праспяваць па Skype песні Аіды Ведзішчавай “Лясны алень” і “Усё роўна ты будзеш мой”. Выкананне задаволіла арганізатараў праекта, мы доўга размаўлялі, прагучала фраза “Сустрэнемся ў Маскве”, аднак я не была поўнасцю ўпэўнена ў станоўчым выніку. Надзею падарыў візіт у Дзятлава Анастасіі Пак і фатографа праекта, а праз некаторы час паступіў тэлефонны званок з канчатковым пацвярджэннем майго ўдзелу, і 10 красавіка я накіравалася ў дарогу.
Нездарма кажуць, што на шляху да поспеху чалавека чакаюць сур’ёзныя выпрабаванні, не абышлі яны і Тамару Ступак. Масква сустрэла дзятлаўчанку не вельмі гасцінна: быў моцны вецер, ішоў снег з дажджом, таксі з эмблемай праекта “Ты супер!” дабіралася да пункта прызначэння па бездарожжы доўгія 6 гадзін. Тамара Андрэеўна стамілася і змерзла, а праз пару дзён захварэла, што паўплывала на галасавыя звязкі. У выніку, замест складанага песеннага твора нашай зямлячцы давялося выбраць для выканання больш просты, добра ёй вядомы – “Восеньскае лісце”. У фінал з ім не выйшла, затое атрымала “ўсе зялёныя кнопкі”, мора кампліментаў і станоўчых уражанняў.
Жыццё на высокай ноце
Перад тым як на галоўнай сцэне праекта “Ты супер!” з’яўляецца чарговы ўдзельнік, з яго лёсам, марамі і памкненнямі гледачоў знаёміць кароткі відэаролік. У сваім Тамара Ступак расказала, што была малодшай дачкой у сям’і лесніка, з-за хваробы бацькі адмовілася ад мары ўсяго жыцця – кінула вучобу ў кансерваторыі. Для раённай газеты яна больш падрабязна спынілася на момантах біяграфіі, якія засталіся “за кадрам”.
– Жыццё мяне не песціла, усяго даводзілася дабівацца самой, – зазначае Тамара Андрэеўна. – Мама нарадзіла мяне позна, з вялікай розніцай ва ўзросце паміж братам і сястрой. Сям’я жыла на хутары, і літаральна са школы давялося прывыкаць да самастойнасці, тады ж пачала выступаць на раённай сцэне, марыла звязаць далейшае жыццё з песняй, скончыла Гродзенскае культасветвучылішча. У 25 гадоў здолела паступіць у Мінскую кансерваторыю, у клас да прафесара і народнай артысткі СССР Тамары Ніжнікавай. Праўда, шчасце было нядоўгім: адбыўся развод з мужам, а праз год вярнулася на Дзятлаўшчыну даглядаць хворых бацькоў і гадаваць сына Андрэя, які цяпер жыве ў Мінску. Работу ў сферы культуры прадоўжыла. У нас быў жывы моладзевы аркестр: Аляксандр Дзедаў, Аляксандр Фамянок, Пётр Чырко, іншыя. Ладзілі цудоўныя вечары, якія пачыналі папулярнымі песнямі, заканчвалі абавязковым вальсам, пад іх на танцах у Дзятлаве знаёміліся многія будучыя сямейныя пары.
Паколькі я была метадыстам, то рыхтавала да конкурсаў рознага ўзроўню самадзейных артыстаў і гурты з арганізацый нашага раёна. На Дзятлаўшчыне і за яе межамі праславіўся наш народны калектыў “Прымакі”, які цяпер носіць назву “Суседзі”. Паспяховым было маё супрацоўніцтва з хорам ветэранаў “Ветэраны ў страі”: у свой час калектыў стаў абласным лаўрэатам, быў запрошаны на адну з ўрачыстасцяў з нагоды Дня Перамогі ў сталіцу. Цяпер я мастацкі кіраўнік народнага фальклорнага гурта вёскі Погіры. Сярод апошніх дасягненняў калектыву – дыплом ІІІ ступені абласнога фестывалю “Панямоння жыватворная крыніца-2021”. Увогуле, творчасць – тое, што падмацоўвае мае сілы ў нялёгкім жыцці, дапамагае несці слухачам дабро, пазітыў, любоў да Радзімы, мудрасць ранейшых пакаленняў, а заадно захоўваць наш галоўны скарб – матчыну песню. Яна дапамагла і калі я летась страціла блізкага чалавека, сваю “другую палавінку” Яўгенія Гушчынскага, які быў харэографам, два яго танцавальныя калектывы, “Ручаёк” і “Спадчына” занесены ў Энцыклапедыю культуры Рэспублікі Беларусь, а вучні і сёння падтрымліваюць са мной стасункі. Удзел у праекце “60+” таксама стаў своеасаблівай аддушынай, падарыў станоўчыя эмоцыі, дапамог знайсці новую сяброўку – беларуску Людмілу Логінаву з Паставаў, з якой у нас шмат агульных інтарэсаў.
Песня дае зялёнае святло
Праграмай “Ты супер!” прадугледжана ўсё: ад бясплатнага праезду, пражывання на прыгожай базе адпачынку сярод велічнага парку, харчавання, штодзённых фота-, відэасесій, “распевак”, гуказапісаў да сцэнічнага вобраза пры выступленні. І тым не менш, выходзіць “пад прыцэл” відэакамер, ведаць, што на цябе глядзяць мільёны вачэй з розных куткоў свету, вельмі адказна і хвалююча. Арганізатары праекта і яго вядучыя Вадзім Такменеў і Анастасія Пак робяць усё магчымае, каб удзельнікі звыкліся з такой увагай да сваёй асобы і адчувалі сябе вольна. Тамара Андрэеўна зазначае, што столькі клопату, добразычлівасці, цеплыні да сябе, як за месяц знаходжання на праграме, даўно не адчувала. Аднак на сцэне ўсё роўна крыху хвалявалася, таму нават не ўсе кампліменты на свой адрас запомніла і не заўважыла, што Стас П’еха спачатку забыўся націснуць кнопку, а затым спахапіўся.
– Памятаю толькі, што ўсе крэслы свяціліся зялёным, калі скончыла спяваць, – узгадвае Тамара Андрэеўна.
І ўсё ж яна паспела здзівіць суддзяў не толькі акадэмічным выкананнем “Асенняга лісця”, але і народнымі акапэльнымі спевамі на грудным рэгістры песні “Хмелю, мой хмелю”, што падштурхнула Эльдара Ардразакава таксама без акампанемента праспяваць куплет роднай башкірскай песні. Народная артыстка Расійскай Федэрацыі і суддзя праекта Валерыя ў асобе Тамары Ступак падзякавала ўсім удзельнікам катэгорыі “60+” за тое, што яны такія розныя і ад кожнага ёсць чаму навучыцца. У сваю чаргу Тамара Андрэеўна прызналася суддзям, што ўсё яе далейшае жыццё будзе напоўнена ўражаннямі ад праекта.
– Буду ўспамінаць тыя дні і хачу вярнуцца на “Ты супер!” яшчэ раз, зноў выпрабаваць свой талент, бо атрымала неабходны вопыт, – пацвярджае яна. – Яшчэ вельмі хацелася б, каб на рабоце ў мяне з’явіўся хоць адзін дзень ці паўдня на тыдні для сольных рэпетыцый, гэта так важна.
Будзем спадзявацца, што галоўныя мары нашай таленавітай зямлячкі абавязкова спраўдзяцца, а нам застаецца сказаць ёй заслужанае: “Тамара Андрэеўна, ты супер!”
Ірына СТЫРНІК
Фота аўтара і з асабістага архіва Тамары Ступак
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga