На базе сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава працуе кругласутачны палатачны аздараўленчы летнік ваенна-патрыятычнага профілю “Патрыёт”.
Яго наведваюць навучэнцы 8-10 класаў, сярод якіх не толькі хлопцы, але і дзяўчаты, усяго 16 юных патрыётаў. Сумаваць не даводзіцца, бо праграма змены вельмі насычаная, кожны дзень распісаны. Дзеці шмат часу праводзяць на свежым паветры, заводзяць новыя знаёмствы, удзельнічаюць у розных спартыўных мерапрыемствах і тэматычных квэстах, глядзяць патрыятычныя фільмы ў кінатэатры “Спадарожнік”. Таксама наведвальнікі “Патрыёта” праходзяць камп’ютарныя ваенныя гульні з тактычнымі дзеяннямі, займаюцца медыцынскай і страявой падрыхтоўкамі, ходзяць на трэніроўкі па самаабароне.
У час змены хлопцы і дзяўчаты сустракаліся з дзятлаўскімі ратаўнікамі. Пад іх кіраўніцтвам юныя пажарнікі ажыццяўлялі баявое разгортванне.
Акрамя гэтага, дзеці наведалі з экскурсіяй мясцовы РАНС, схадзілі ў паход, сталі ўдзельнікамі прафарыентацыйнай сустрэчы з супрацоўнікамі аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама, дзе азнаёміліся з абмундзіраваннем праваахоўнікаў, разбіралі і збіралі аўтамат.
– Цікавай была паездка ў 116 гвардзейскую штурмавую авіяцыйную базу ў Лідзе. Дзецям расказалі гісторыю не толькі воінскай часці, але і мясцовага аэрадрома. Хлопцы і дзяўчаты выконвалі фігуры вышэйшага пілатажу, лёталі над начной Лідай і родным горадам Дзятлавам у дождж і туман на вучэбна-трэніровачным самалёце-трэнажоры. Таксама наведалі музей авіяцыйнай тэхнікі пад адкрытым небам, дзе мелі магчымасць пабываць у кабіне і патрымацца за штурвал сапраўднага верталёта. Разам з тым, юныя патрыёты пазнаёміліся з бытам салдат, даведаліся пра іх распарадак дня, асаблівасці службы ў воінскай часці, спецыяльныя патрабаванні пры абыходжанні са зброяй, – расказала старшы выхавальнік летніка Алена Рынгель.
Не менш запамінальна прайшла экскурсія ў вайсковую часць у Слоніме.
Дзеці падзяліліся сваімі ўражаннямі ад змены ў “Патрыёце”.
Кірыл Храноўскі:
– Раней я наведваў звычайны школьны летнік. Сёлета вырашыў паспрабаваць правесці змену ў палатачным. Нас смачна кормяць, заўсёды ёсць чым заняцца, за некалькі дзён мы сталі згуртаванай камандай. Спадабаліся экскурсіі ў Дзятлаўскую пажарную часць і Лідскую авіябазу. Змена працягваецца, і я ўпэўнены, што будзе яшчэ шмат цікавага.
Анастасія Карповіч:
– Вельмі рада, што праводжу канікулы не дома, а ў палатачным летніку. Калі, як не цяпер, часцей бываць на свежым паветры, адпачываць на прыродзе. З усімі ўжо паспела пасябраваць. Тут мы з раніцы і да позняга вечара заняты, ніколі не бывае сумна, праводзяцца цікавыя мерапрыемствы і конкурсы, карысныя прафарыентацыйныя сустрэчы, якія дазваляюць больш падрабязна даведацца аб розных прафесіях, застаўляюць задумацца, кім бы мы хацелі стаць у будучыні. У наступным годзе зноў на “палатачную” змену.
Вадзім ФІЛІПОЎСКІ
Фота аўтара і Аляксандра НІЧЫПАРОВІЧА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga