Не стала вядомага даследчыка гісторыі Дзятлаўшчыны

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Усе мы часовыя на гэтым свеце, кім бы ні былі, якія б пасады ні займалі, што б ні зрабілі за сваё жыццё.

Прыходзім, каб прайсці свой шлях, наканаваны лёсам, і адплыць туды, дзе чакае нас Вечнасць. За апошнія некалькі гадоў, пакуль шалела на нашай зямлі пандэмія, страцілі шмат знаёмых і блізкіх, але так і не прывыклі адпускаць у лепшы свет. Кожны раз балюча ўсведамляць, што чалавек ужо ніколі не зойдзе, не павітаецца, не загаворыць, не раскажа нешта цікавае. Так і сёння, трывожна і балюча, што не прачытаеш больш пра чалавека ў раённай газеце, не даведаешся пра тое, што ён новае і цікавае адшукаў у архівах, з кім сустрэўся, не выйдзе больш яго новая кніга пра Дзятлаўшчыну.

Міхаіл Іванавіч Лук’янчык, настаўнік гісторыі, краязнаўца. Яго ўжо няма з намі, але засталіся тры кнігі публіцыстыкі, у якіх і душа, і пошук, і адкрыццё, і дарогі малой радзімы, і сустрэчы са сведкамі… Кнігі засталіся нам, землякам, тым, хто неабыякавы да гісторыі роднага краю, да яго спадчыны. Апошнюю прынесла ў музей жонка Міхаіла Іванавіча Марыя.

Кніга называецца “Памяць мацней за полымя”, у ёй краязнаўца даследуе пытанні генацыду на Дзятлаўшчыне, расказвае пра падзеі і людзей, якія перажылі страшную ваенную навалу. Яго ўвогуле вельмі цікавіла менавіта ваенная тэма. Таму па ініцыятыве Міхаіла Іванавіча пачаліся пошукі партызанскага шпіталя ў лясах Ліпічанскай пушчы. Шпіталь быў знойдзены, ён адным з першых наведаўся туды разам з супрацоўнікамі музея, а зараз да гэтага месца пракладзена турыстычная веласцяжына, дзякуючы якой кожны жадаючы зможа пазнаёміцца не толькі з месцам знаходжання славутага шпіталя, звязанага з імем Іосіфа Філідовіча, але і ўбачыць зямлянкі, прачытаць цікавую інфармацыю пра тое, як гэта месца выглядала ў гады вайны і што тут адбывалася.

Ніводная вечарына ў музеі, ніводная краязнаўчая канферэнцыя ці сустрэча са знакамітым земляком не абыходзілася без Міхаіла Іванавіча. Садзіўся, як заўсёды, ззаду, сціпла, уважліва слухаў, выступаў са сваім пытаннем слушна, цікава, абавязкова знаходзіў нешта новае, мала вядомае, дзяліўся.

Сёння мы праводзім Міхаіла Іванавіча Лук’янчыка ў апошні шлях. Цяжка паверыць, што чалавек ніколі больш не пераступіць парог музея, не павіншуе наш жаночы калектыў з 8 Сакавіка, не павядзе па залах музея здымачную групу рэспубліканскага тэлебачання, не прынясе ў дар музею сваю новую кнігу. Увесь наш калектыў шчыра смуткуе. Не хапае слоў, каб выказаць горыч страты для нашага краязнаўства. Вечная памяць і вечны спакой Вам, паважаны Міхаіл Іванавіч.

Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея