Сельскагаспадарчыя работы, рамонт шматпавярховак, купальны сезон, летняе аздараўленне, прафілактыка крадзяжоў, адкрыццё веласіпеднага маршруту – гэтыя і іншыя тэмы разгледзелі на нарадзе старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
Задзел на перспектыву
Гаспадаркі раёна напружана працуюць на нарыхтоўцы кармоў. З-за дажджлівага надвор’я тэмпы работ былі зніжаны, цяпер прыходзіцца “наганяць упушчанае”. Між тым, кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі ў час нарады настройваў аграрыяў займацца не толькі сённяшнімі клопатамі, а ўключыцца ў вырашэнне пытанняў сельскагаспадарчых перспектыў. У прыватнасці, размова ішла пра рамонт і падрыхтоўку камбайнаў, прэс-падборшчыкаў і зернесушыльных комплексаў. Андрэй Уладзіміравіч таксама даў заданне супрацоўнікам аддзела па надзвычайных сітуацыях правесці рэйды па гаспадарках для праверкі супрацьпажарнай гатоўнасці транспартных сродкаў да ўборачных работ.
На павестцы – лета
У сувязі з надыходам доўгачаканага цяпла і перыяду водпускаў асаблівы кантроль адказным службам даручана звярнуць на падрыхтоўку вадаёмаў да летняга перыяду і адпачынак насельніцтва ля вады.
– Людзі пачынаюць выязджаць на вадаёмы, таму іх загадзя трэба не толькі праінфармаваць, дзе можна купацца, але і нагадаць, чым небяспечны адпачынак на вадаёмах, якія з іх забаронены для купання, – паставіў задачу старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі.
Акрамя таго, Андрэй Уладзіміравіч даручыў жыллёва-камунальнай гаспадарцы праверыць у чарговы раз бяспеку дзіцячых пляцовак. Гаварылі пра праекты іх дадатковай укамплектаванасці за кошт спонсарскай дапамогі.
Крадзяжы ў “вымерлых” вёсках
Як паведаміў начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Біль, вёскі, у якіх не засталося жыхароў, становяцца ўсё часцей аб’ектамі марадзёрства. Так, на мінулым тыдні ў вёсцы Пецюкі з дома знялі і скралі 50 лістоў шыферу. Зразумела, што на злачынную справу такога маштабу патрэбен быў немалы час. Але вёска засталася без жыхароў і, адпаведна, без пастаяннага нагляду. Па факце крадзяжу будзе ўзбуджана крымінальная справа.
Іншыя тэмы коратка
Да Дня Незалежнасці, які адзначаецца 3 ліпеня, плануецца адкрыць веласіпедны маршрут “Партызанскай сцежкай па Ліпічанскай пушчы”. Засталіся работы па ўзнаўленні зямлянак, устаноўцы інфармацыйных шыльдаў, навядзенні парадку на пад’ездзе да ўваходнай групы перад месцам размяшчэння партызанскага шпіталя.
****
Па выніках раённага агляду-конкурсу добраахвотных пажарных і санітарных дружын пераможцамі сталі пажарная дружына Дзятлаўскага лясгаса і санітарная – ААТ “Граніт-Агра”. Праз тыдзень пераможцы прадставяць Дзятлаўшчыну на абласным этапе спаборніцтваў.
****
Завяршаецца першае паўгоддзе, на кантролі намеснікаў старшыні райвыканкама стаяць розныя паказчыкі, у тым ліку па здачы арганізацыямі і прадпрыемствамі другасных матэрыяльных рэсурсаў.
Праблемнымі пакуль застаюцца здача пластыку і шынаў.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga