У Занальным дзяржаўным архіве ў горадзе Навагрудку працуе дакументальная выстава “У памяці народнай”.
Яна прадстаўлена дакументамі з фондаў архіва, якія расказваюць аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны на нашых тэрыторыях, у тым ліку аб палітыцы генацыду ў дачыненні да мірнага насельніцтва з боку акупацыйных уладаў. Генацыд выяўляўся ў розных формах, вайна мела бязлітасны характар, метады агрэсара адрозніваліся нечуванай жорсткасцю.
На выставе прадстаўлены некаторыя з наяўных у архіве дакументаў Дзятлаўскай надзвычайнай дзяржаўнай камісіі. Як вядома, першымі ахвярамі вайны сталі савецкія і партыйныя дзеячы, сельскія актывісты, дэпутаты, члены партыі, камісары, ваеннапалонныя, а таксама яўрэі і цыганы. У фондах архіва адклаліся пайменныя спісы загінулых грамадзян па населеных пунктах Дзятлаўскага раёна. Частка з прадстаўленых на выставе дакументаў расказвае аб знішчэнні яўрэйскага насельніцтва ў Дзятлаве.
Сярод дакументаў – спіс яўрэяў Дзятлава, якія загінулі ў гады акупацыі, усяго ў ім значыцца 2464 чалавекі, а таксама сведкавыя паказанні і акты выкрыцця масавых пахаванняў. У акце ад 4 снежня 1944 года паказана, што з 28 снежня 1942 года па 1 студзеня 1943 года паблізу вёскі Коцькі Дварэцкага сельсавета здзяйсняліся расстрэлы яўрэйскага насельніцтва. Адной з праяваў гвалту ў дачыненні да грамадзян у гады вайны сталі масавыя вывазы мясцовага насельніцтва на прымусовыя работы. У спісе выведзеных у нямецкае рабства жыхароў Дзятлаўскага раёна лічыцца 682 чалавекі. Маецца таксама спіс грамадзян, якія вярнуліся.
У 2021 годзе Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь была ўзбуджана крымінальная справа па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
У рашэнні выканаўчага камітэта Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў ад 5 чэрвеня 1969 года № 88 “Аб зацвярджэнні спісаў грамадзян і населеных пунктаў, знішчаных гітлераўскімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны” гаворыцца, што на падставе наяўных архіўных дакументаў і вынікаў праведзенай работы па ўсталяванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі раёна ўдалося ўстанавіць наступнае:
– у 1941-1944 гадах на тэрыторыі раёна было знішчана цалкам 6 населеных пунктаў, часткова – 13, усяго 1196 двароў, з іх у пасляваенныя гады ўсе былі адноўлены;
– за перыяд акупацыі карнікамі было спалена, расстраляна, павешана, па-зверску закатавана і сагнана на работы ў Германію 8067 мірных жыхароў, у тым ліку 3608 жанчын, дзяцей – 1478;
– за гады Вялікай Айчыннай вайны з ліку ўраджэнцаў раёна ў барацьбе за свабоду і незалежнасць Савецкай Радзімы загінула 995 чалавек, у тым ліку франтавікоў – 873, партызан і падпольшчыкаў – 122.
Другая частка выставы прысвечана ўвекавечанню памяці загінулых, месцаў пахавання, а таксама подзвігаў герояў і падзей вайны.
Выставу дакументаў можна наведаць у чытальнай зале дзяржархіва па вуліцы Высокая, 2А ў горадзе Навагрудку.
Ала ЗАБЕЛІНСКАЯ,
дырэктар архіва
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga