На пытанні па Дэкрэце № 3, якія хвалююць многіх жыхароў раёна адказвае галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Латушка.
– Што будзе, калі працягваць аплачваць камунальныя паслугі па стандартных (субсідзіруемых) тарыфах?
– Пры няпоўнай аплаце будзе ўтварацца запазычанасць і налічвацца пеня, якую потым прыйдзецца аспрэчваць.
Пры працяглым непагашэнні запазычанасці за камунальныя паслугі Жыллёвы кодэкс Рэспублікі Беларусь прадугледжвае адказнасць: высяленне з дзяржаўнага жылля або прымусовае адчужэнне ўласнікам жылога памяшкання прыватнага жыллёвага фонду. Калі запазычанасць спаганяецца ў прымусовым парадку, магчыма забарона на выезд за мяжу, кіраванне транспартным сродкам і іншыя.
– Я не “дармаед”, а мне прыйшла такая жыроўка.
– Трэба звярнуцца ў ЖКГ і даведацца, на падставе чаго рабіўся разлік. Калі вы знаходзіцеся ў базе грамадзян, не занятых у эканоміцы, варта звярнуцца ў камісію выканкама па каардынацыі працы па садзейнічанні занятасці насельніцтва.
– Я не жыву ў Беларусі, але трапіў у базу. Што рабіць?
Для таго, каб вас выключылі з базы, варта звярнуцца ў камісію і прад’явіць пацвярджаючыя дакументы і (або) іх копіі. Дакументы на замежнай мове трэба перакласці і заверыць у натарыуса.
– Калі гаспадар не “дармаед”, але ў кватэры прапісаны “дармаеды”, як будзе налічвацца квартплата?
– У гэтым выпадку плацельшчыкам з’яўляецца гаспадар, і разлік камуналкі будзе праведзены згодна з яго статусам.
– А калі гаспадар кватэры “дармаед”, але з ім прапісаны не “дармаеды”?
– Тады квартплата будзе разлічвацца і па поўным, і па субсідзіруемым тарыфе (прапарцыянальна).
– Хто лічыцца “дармаедам”?
– Па новым палажэнні да асобаў, якія не заняты ў эканоміцы, не адносяцца грамадзяне, з якімі спынены працоўныя адносіны на працягу квартала, наступнага за кварталам, у якім спынены працоўныя адносіны.
А ў выпадку скасавання працоўнага дагавора (кантракта) па прычыне скарачэння колькасці або штату работнікаў, неадпаведнасці работніка займаемай пасады або выконваемай работы па стане здароўя, які перашкаджае працягу дадзенай работы, заканчэння тэрміну дзеяння кантракта – на працягу шасці месяцаў з даты звальнення.
У абноўленую ў пачатку сакавіка 2022 года базу трапілі тыя, хто не змог пацвердзіць занятасць за чацвёрты квартал 2021 года (кастрычнік–снежань). Дакументы аб пацверджанні трэба было прадаставіць да 21 студзеня ў камісію па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці.
– Хто не з’яўляецца “дармаедам”?
– У палажэнні пералічаны ўсе катэгорыі грамадзян, якія не лічацца не занятымі ў эканоміцы і не будуць уключаны ў базу. Дастаткова толькі добра вывучыць спіс.
Акрамя тых, хто састаіць у працоўных адносінах (працуе па кантракце і грамадзянска-прававых дагаворах), гэта:
— студэнты дзённай формы навучання, навучэнцы духоўных навучальных установаў, якія атрымліваюць любую адукацыю на дзённай форме, акрамя дадатковай. У тым ліку якія навучаюцца за мяжой;
— індывідуальныя прадпрымальнікі;
— самазанятыя такіх відаў дзейнасці, якія не адносяцца да прадпрымальніцкай, пры ажыццяўленні якіх выплачваецца адзіны падатак з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асобаў, – пры ўмове выплаты падатку за адпаведны перыяд;
— адвакаты і натарыусы;
— асобы, якія здаюць у арэнду жылыя і нежылыя памяшканні, машына-месцы – пры ўмове выплаты падаходнага падатку з такога даходу;
— тыя, хто аказвае паслугі ў сферы аграэкатурызму;.
— рамеснікі;
— вайскоўцы, рэзервісты або ваеннаабавязаныя ў час праходжання збораў, якія праходзяць альтэрнатыўную службу;
— жонкі вайскоўцаў, якія працуюць па кантракце;
— пенсіянеры і дэкрэтнікі;
— інваліды і непрацаздольныя грамадзяне;
— асобы, якія адбываюць пакаранне ў месцах пазбаўлення волі або знаходзяцца на прымусовым лячэнні;
— алімпійскія чэмпіёны і ўключаныя ў састаў нацыянальных і зборных каманд;
— хто атрымліваюе пенсію па страце кармільца ў сувязі з няшчасным выпадкам на вытворчасці або прафесійным захворваннем;
— зарэгістраваныя ў якасці беспрацоўных або праходзяць прафесійную перападрыхтоўку;
— святары;
— работнікі творчых саюзаў;
— грамадзяне, якія з’яўляюцца маці (мачахай) або бацькам (айчымам), усынавіцелем (удачарыцелем), апекуном (папячыцелем) і выхоўваюць дзіця ва ўзросце да 7 гадоў, дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, траіх і больш непаўналетніх дзяцей.
У спісе пазначаны самыя распаўсюджаныя катэгорыі, поўны спіс з тлумачэннямі – у афіцыйным дакуменце.
– Як даведацца, ці ёсць ты ў базе?
– Можна звярнуцца ў камісію па месцы рэгістрацыі. Гэта можна зрабіць па тэлефоне, звычайным пісьмом ці па электроннай пошце.
Вольга ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga