Урокі міру, каб дакрануцца да кожнага сэрца

Важнае Улада

Напярэдадні шануемай усімі беларусамі даты, 77-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, якая ў Год гістарычнай памяці набывае асаблівае гучанне, ва ўстановах адукацыі нашай рэспублікі прайшлі ўрокі памяці “Нам гэты мір завешчана зберагчы”.

Адзін з іх, з удзелам дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Сіняка і пракурора Дзятлаўскага раёна Алега Вялічкі, адбыўся ў сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава для сёлетніх выпускнікоў – навучэнцаў 11 класаў.

З залівістымі гукамі званка вучні, педагогі і госці пагрузіліся ў атмасферу першых дзён Вялікай Айчыннай вайны: зноў загучаў голас дыктара, народнага артыста СССР Юрыя Левітана, і класічная абнадзейваючая фраза: “Наша справа правая, перамога будзе за намі!”. Дзеці і настаўнікі “прагарталі” старонкі гісторыі, узгадалі аб першых днях супраціўлення ворагу, паразважалі аб важнасці пагранічнай службы ў тыя часы і сёння, расказалі пра хатынскую трагедыю і “вогненныя лёсы” некаторых дзятлаўскіх вёсак, адрасавалі пытанне аб генацыдзе мірных жыхароў нашага раёна пракурору Алегу Вялічку.

Ён падрабязна расказаў прысутным аб расследаванні, якое вядзе пракуратура, спыніўся на канкрэтных выказваннях і ўспамінах сведкаў, паколькі яны найбольш яскрава адлюстроўваюць ваенныя злачынствы захопнікаў, анансаваў, што пасля заканчэння расследавання новымі фактамі будзе дапоўнена кніга “Памяць”.

Навучэнцы таксама закранулі тэмы партызанскага руху і падпольнай барацьбы на Дзятлаўшчыне, подзвігу Іосіфа Філідовіча, паразважалі над тым, што давала савецкаму народу сілу змагацца і адстойваць сваю Айчыну. З пытаннем, што рабіць, каб трагедыя не паўтарылася, яны звярнуліся да дэпутата.

– Вы павінны разумець, што нацызм не меў на ўвазе вызваленне захопленых тэрыторый, а быў скіраваны на знішчэнне ў тым ліку і беларускай нацыі, якая страціла каля 3 мільёнаў чалавек, – зазначыў Уладзімір Сіняк. – Памяць аб той страшнай вайне не павінна сцерціся з нашых сэрцаў. Каб развівацца і ствараць сваю будучыню, трэба памятаць родную гісторыю, і я ўпэўнены, што наша будучыня ў надзейных руках. Паважайце подзвігі продкаў, традыцыі свайго народа і суседзяў, цаніце мір, у якім мы жывём, прыкладайце намаганні для далейшага росквіту Беларусі. Віншую ўсіх вас са светлым святам Вялікай Перамогі, жадаю поспехаў і асабістых перамогаў пры засваенні ведаў і паступленні. Дырэктару школы і педагогам дзякую за грунтоўныя веды  вучняў па ваеннай гісторыі свайго раёна.

Дырэктар школы Іван Кібінь, у сваю чаргу, падзякаваў гасцям за цікавую сустрэчу і таксама дадаў некалькі цікавых “штрыхоў” у агульную “карціну” ўспамінаў аб вайне. Звяртаючыся да выпускнікоў, ён падкрэсліў, што маладое пакаленне павінна навучыцца аналізаваць падзеі, бо, хто не ведае памылак мінулага, той асуджаны паўтарыць іх у будучым.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: