Рэальная дапамога і карысныя навыкі

Важнае Грамадства

З 8 мая па 1 чэрвеня ў Беларусі доўжыцца традыцыйны месячнік Таварыства Чырвонага Крыжа па тэме “ПРО100 ДАПАМАГАЕМ”.

Актыўна ў яго ўключылася Дзятлаўшчына.

Як расказала старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк, у рамках месячніка ў раёне запланавана і рэалізоўваецца шмат добрых спраў.

Валанцёры аб’яднання дастаўляюць гігіенічна-прадуктовыя наборы малазабяспечаным жыхарам Дзятлаўшчыны, інвалідам, пенсіянерам, дзецям з гэтых катэгорый. Іх ужо дачакаліся насельнікі Гезгалаўскага дома самастойнага сумеснага пражывання, Казлоўшчынскага аддзялення кругласутачнага знаходжання для пажылых грамадзян і інвалідаў, наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык” Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, у планах – даставіць наборы ў Дзятлаўскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

Паралельна для распаўсюджвання ведаў і прапаганды ідэй Міжнароднай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа і Паўмесяца вядзецца асветніцкая работа з навучэнцамі ўстановаў адукацыі раёна.

Некаторыя дзятлаўчане атрымалі прыемныя падарункі ад аб’яднання да Дня сям’і, адзначаны імі і тыя, чый дзень нараджэння прыпаў на 8 мая – дзень, калі нарадзіўся заснавальнік таварыства Анры Дзюнан.

Карысныя навыкі па аказанні неадкладнай даўрачэбнай дапамогі валанцёры аб’яднання і дзятлаўчане атрымліваюць у час майстар-класаў, якія праводзіць Галіна Касцюк, чарговы з іх ладзіўся ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык”.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga