Прыемная ўзнагарода

Важнае Грамадства

У Дзятлаўскім раённым камітэце прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу ёсць добрая традыцыя: ушаноўваць сваіх ветэранаў працы і прафсаюзнага руху.

Нядаўна за шматгадовую добрасумленную працу раённы прафсаюзны лідар Валерый Макарчык і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Казак уручылі былому галоўнаму бухгалтару арганізацыі Ганне Бельскай заслужаную ўзнагароду – Грамату Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў.

Нарадзілася Ганна Мікалаеўна на Дзятлаўшчыне ў вёсцы Труханавічы. Скончыла Лідскае культасветвучылішча, а таксама завочна Ашмянскі сельскагаспадарчы тэхнікум па спецыяльнасці “бухгалтар”. На працягу 36 гадоў працавала ў райкаме прафсаюза работнікаў АПК. Работы было шмат. У савецкія гады на балансе раённага камітэта знаходзіліся тры піянерскія лагеры. Іх забеспячэнне, улік і размеркаванне пуцёвак, іншыя фінансавыя пытанні – усім гэтым разам са сваімі калегамі займалася Ганна Бельская.

Ужо больш за 20 гадоў Ганна Мікалаеўна на заслужаным адпачынку. У свае 83 гады вядзе актыўны лад жыцця, шмат чытае і займаецца хатнімі клопатамі.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ
Фота ўдзельнікаў узнагароджання

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga