Гэта назва выставы гісторыі генацыду насельніцтва Беларусі на Дзятлаўшчыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны, урачыстае адкрыццё якой адбылося 5 мая ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі.
Праект прымеркаваны да Года гістарычнай памяці, ён стартаваў напярэдадні 77 гадавіны Вялікай Перамогі і закліканы развіваць у сучаснага пакалення ўменне аналізаваць гістарычныя факты, супастаўляць падзеі мінулага, захоўваць памяць аб ахвярах вайны, выхоўваць непрыняцце гвалту і знішчэння чалавека чалавекам, шанаваць гісторыю свайго народа і краіны.
Удзел у адкрыцці выставы прынялі старшыня раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, пракурор Дзятлаўскага раёна Алег Вялічка, прадстаўнікі ваеннага камісарыята, савета ветэранаў, грамадскіх арганізацый, краязнаўцы, навучэнцы школ, дзятлаўчане.
У сэрцы, у крыві, у душы кожнага жыхара Дзятлаўшчыны назвы вёсак Вялікая Воля, Малая Воля, Дубраўка, Дубароўшчына, Ліпічанская Пушча, Трахімавічы, Гарадкі гучаць як званы памяці, гараць, як Вечны агонь. Жанчыны, мужчыны, дзеці, пажылыя людзі – іх сотні, нашых землякоў, якія вельмі хацелі жыць, але чужая злая воля выбрала для іх іншы лёс. Але сэрцы тых, хто жыве сёння, па-ранейшаму адгукаюцца на іх боль.
7 красавіка 2021 года Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь узбудзіла крымінальную справу аб генацыдзе насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд.
З прэзентацыяй, падрыхтаванай генпракуратурай, прысутных пазнаёміла дырэктар музея Вольга Цюшляева.
Згодна з планам “Барбароса” ваенныя злачынствы ўзводзіліся ў разрад дзяржаўнай палітыкі. У гады акупацыі на Беларусі спалена 209 гарадоў, знішчана больш за 9 тысяч вёсак, 682 тысячы будынкаў. У Дзятлаўскім раёне фашысты прыступілі да рэалізацыі планаў па знішчэнні мірнага насельніцтва ў ліпені 1941 года, адразу пасля ўступлення ў горад.
У сваім выступленні на адкрыцці выставы кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі падкрэсліў, што сучаснікам абавязкова трэба памятаць “ваенныя ўрокі гісторыі”, каб трагедыя не паўтарылася.
Сёлетні год нездарма з’яўляецца Годам гістарычнай памяці: мы не павінны забываць імёны загінулых ды і з многіх спраў ужо зняты грыф “сакрэтна”, вядзецца расследаванне, адкрываюцца новыя старонкі. Нам патрэбна праўда, і назва выставы вельмі трапна выражае гэта памкненне.
З фактамі, якія высвятляюцца пры вывучэнні архіўных дакументаў і ўспамінаў сведкаў, прысутных азнаёміў пракурор Алег Вялічка.
Ён падкрэсліў, што расследаванне, якое праводзіцца, скіравана на ўстанаўленне ўсіх акалічнасцяў і абставінаў праяўлення генацыду нашага народа, каб увекавечыць памяць ахвяраў вайны, а галоўнае, каб у нашай свядомасці назаўсёды засталася перасцярога супраць спробаў перапісаць гісторыю.
Вядучы спецыяліст ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна Валянцін Абухаў анансаваў удзельнікам мерапрыемства яшчэ малавядомую ў нашым раёне інфармацыю аб знішчэнні вёскі Капці ў самым пачатку акупацыі Дзятлаўшчыны, узгадаў і аб прымусовым утрыманні за сувязь з партызанамі нашых землякоў у лагеры ва ўрочышчы Жыбартоўшчына, аб спальванні ва ўрочышчы Цагельня амаль трох соцень вязняў дзятлаўскай турмы.
Сваё выступленне ён падрахункаваў вядомай фразай: народ, які не памятае свайго мінулага, не мае будучыні.
Шчымлівым вершам уласнага сачынення, прысвечаным спаленым вёскам Дзятлаўшчыны, адкрыла прэзентацыю выставы старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Алена Абрамчык.
Яна расказала, што выстава складаецца з некалькіх экспазіцый, якія сведчаць аб розных эпізодах генацыду на Дзятлаўшчыне. Экскурс для гасцей пачаўся з інсталяцыі з умоўнай назвай “Гета”, якая адлюстроўвае гісторыю 1942 года: жыццё яўрэяў дзятлаўскага гета, што знаходзілася ў цэнтры горада. Сюды людзі бралі з сабой самае неабходнае, у тым ліку рэчы для працы, паколькі многія былі рамеснікамі. Да гета вядзе “Дарога жыцця”, якой праходзілі яўрэі. Яна захавала памяць аб страшнай трагедыі Халакосту ў нашым раёне. На стэндзе – успаміны выжыўшых з кнігі “Я дзятлаўскі”, створанай дзятлаўскай яўрэйскай абшчынай у Ізраілі.
Другая частка выставы прысвячаецца спаленым вёскам нашага раёна. Яна нібыта пагружае прысутных у той страшны момант, калі гітлераўцы акружаюць вёску і паляць яе, – застаюцца толькі попел, галавешкі, пячныя трубы, раскіданыя бусліныя гнёзды як сімвал загубленых сем’яў.
Тут жа на сцяне – карта Дзятлаўшчыны з нанесенымі на яе населенымі пунктамі, поўнасцю ці часткова знішчанымі карнікамі, побач – дакументы розных гадоў па вывучэнні генацыду на Дзятлаўшчыне. На жаль, іх лічбы не канчатковыя, бо з цягам часу даволі складана дакладна ўстанавіць месцы гібелі людзей. Хаця маюцца і свежыя звесткі – аб мінулагодніх пошукавых работах у гарадскім пасёлку Наваельня на месцы былога гета.
Яшчэ ў экспазіцыі – артыкулы мясцовых аўтараў і краязнаўцаў, дакументы і ўспаміны аб знішчэнні мірнага насельніцтва ў гады вайны. Даследаванні прадаўжаюцца. Сёлета Дзятлаўшчына аддае даніну памяці двум сумным юбілеям: 80-годдзю знішчэння Дзятлаўскага гета і 80-годдзю спаленых вёсак –“сёстраў” Хатыні.
Плануецца, што выстава “Нельга забыць, нельга зразумець, нельга апраўдаць” будзе дзейнічаць у музеі да 30 лістапада гэтага года. Супрацоўнікі музея заклікаюць установы адукацыі, арганізацыі і гасцей раёна наведаць экспазіцыі і даведацца пра новыя факты, звесткі, успаміны аб ваеннай трагедыі на Дзятлаўшчыне.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga