Кацярына Хілімончык: “Гісторыя – адкрытая кніга”

Важнае Грамадства

На сусветнай арэне адбываецца ўсё больш падзей, паверыць у якія яшчэ ўчора нам было б цяжка.

З гэтай нагоды генеральнаму сакратару ААН Антоніу Гутэрышу перададзена Пасланне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

У ім зноў гучаць тэмы, закранутыя беларускім лідарам на цырымоніі ўскладання кветак да манумента Перамогі ў дзень 77-й гадавіны Вялікай Перамогі.

Сваё меркаванне наконт прамоваў Прэзідэнта выказала першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык:

– Поўнасцю згодна з думкай кіраўніка дзяржавы, што “сёння для ўсіх нас, жыхароў Зямлі, зноў няма больш важнага пытання, чым прадухіленне глабальнай вайны і ўстанаўленне працяглага і трывалага міру”. Беларусы, для якіх Вялікая Айчынная вайна была крывавай і цяжкай, як ніхто гэта разумеюць. Гісторыя – адкрытая кніга, і чытаць яе трэба своечасова, каб не дапускаць ранейшых памылак. На жаль, у свеце адзначаецца тэндэнцыя да перапісвання гісторыі: у маладога пакалення імкнуцца выклікаць іншыя, ілжывыя каштоўнасці. У Беларусі гістарычная спадчына абараняецца адноўленай Канстытуцыяй краіны, на яе захаванне скіраваны і сёлетні Год гістарычнай памяці.

Пра Вялікую Айчынную вайну нам “расказваюць” помнікі, дакументы, фотаздымкі, асабістыя рэчы франтавікоў, што захоўваюцца ў архівах і музеях. Поруч з дарослымі на франтах вайны супраць нямецкіх акупантаў добраахвотна змагаліся сотні тысяч маладых савецкіх патрыётаў. Упэўнена: сёння сэрца кожнага з нас перапаўняе шчырая ўдзячнасць да тых, хто цаной свайго жыцця падарыў нам мір, свабоду, магчымасць жыць, любіць, вучыцца, працаваць у незалежнай краіне, іх подзвігі штогод мы будзем ушаноўваць у памятныя даты.

Я жадаю беларускай моладзі, нашаму народу больш ніколі не зведаць, што такое вайна, не адчуць звязаных з ёю бедстваў. Хочацца верыць, што родная Беларусь заўсёды будзе мірнай, квітнеючай і незалежнай дзяржавай.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: