Расціце, бярозкі, каб помнілі людзі

Важнае Грамадства

У Год гістарычнай памяці, у межах рэспубліканскага суботніка ў Наваельні была закладзена бярозавая алея.

– Мы пасадзілі 21 бярозку ў памяць аб дзецях, якія за пяць дзён да пачатку вайны прыехалі ў Наваельню ў піянерскі лагер на аздараўленне. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, яны не змаглі эвакуіравацца і засталіся на акупіраванай тэрыторыі. Землякам трэба помніць пра лёс гэтых дзяцей, а наша алея – яшчэ адзін напамін пра страшныя гады вайны, – расказала ў час работы кіраўнік музея Новаяльнянскай сярэдняй школы “Дзеці ліхалецця” Тамара Крывеня.

У пасадцы дрэваў прынялі ўдзел актывісты раённага камітэта ГА “БРСМ”, вучні Новаяльнянскай сярэдняй школы разам з педагогамі. Дзеці самі выкапалі лункі для дрэваў і пад кіраўніцтвам дарослых укаранілі саджанцы, прынеслі вады з дому, каб паліць маладыя дрэўцы.

Як адзначылі дзевяцікласнікі Андрэй Голуб і Аляксандр Аблажэй, акцыя стала для іх сімвалічнай:

– Гісторыю дзяцей палітэмігрантаў, якія знаходзіліся ў час вайны ў гарпасёлку, мы ведаем у дэталях. Яшчэ пяцікласнікамі ўпершыню пачулі гэты аповед у музеі “Дзеці ліхалецця”, самі ўдзельнічалі ў тэатралізаванай пастаноўцы, якая распавядала пра гісторыю Новаяльнянскага піянерскага лагера. Лёс кожнага з 21 дзіцяці мы прапусцілі праз свае сэрцы. Спадзяёмся, дрэўцы будуць хутка расці і стануць добрым напамінам для жыхароў Наваельні аб такой трагічнай старонцы ў жыцці пасёлка.

Першы сакратар раённай арганізацыі ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык адзначыла высокую актыўнасць моладзі ў памятных мерапрыемствах:

– Надзвычай важна кожнаму з нас адчуваць сябе часцінкай гісторыі роднага краю, сувязным звяном у ланцужку памяці пакаленняў. Сімвалічна, што алею, прысвечаную дзецям, якія зведалі жахі вайны на акупіраванай фашыстамі тэрыторыі, высаджваюць таксама школьнікі. Гэты жывы ўрок памяці яны замацуюць і пранясуць праз сваё жыццё, перададуць іншым. Актывісты рэспубліканскага саюза моладзі і надалей будуць шанаваць, памнажаць і трансліраваць праўду аб гераічным мінулым свайго народа, ганарыцца ім.

Новаяльнянскія школьнікі паабяцалі ўзяць шэфства над новай алеяй.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga