На Дзятлаўшчыне ёсць прыгожая маляўнічая вёсачка Ахонава, знакамітая не толькі сваімі краявідамі і працавітымі людзьмі, але і адметным вясновым абрадам “Юр’е”.
Што гэта за свята? Чаму яго шанавалі нашы землякі? Якія абрады і прыкметы характэрны для Юр’ева дня? – на гэтыя і іншыя пытанні для чытачоў раённай газеты “Перамога” адказала вядучы метадыст аддзела метадычнай работы Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Таццяна Янушкевіч.
– Вясновы абрад “Юр’е” вёскі Ахонава адрозніваецца яркасцю адметных рысаў, наяўнасцю цікавага матэрыялу, своеасаблівымі дзеяннямі вяскоўцаў у гэтыя дні. Свята звязана з выганам жывёл у поле, яно мае элементы ахоўнай магіі і духоўнай веры саміх удзельнікаў народнага абраду.
Як сцвярджаюць старыя людзі, першы выган жывёлы адбываўся паміж каталіцкім і праваслаўным Юр’ем. У гэты дзень кожная гаспадыня святой вадою акрапляла сваю жывёлу, сыпала святую соль на хлеб і давала каровам, біла іх асвечанай у Вербную нядзелю ў храме вербачкай, жадала, каб былі дужыя, здаровыя і прынеслі прыплод. Затым вярбінку ўтыкалі пад страху, пад парог хлява ў вёсцы Ахонава клалі святое яйка і дзягу “ад усялякага гадства”. Увечары гаспадыня сустракала скаціну з поля з той жа вербачкай, затым зноў утыкала яе пад страху, каб асвечаная галінка штодзённа вяртала жывёлу дадому. Яшчэ ў гэты дзень жанчыны рабілі сыр, каб на працягу года іх дамашняя гаспадарка была багатая прадуктамі. Вясковыя гаспадыні стараліся выганяць сваіх кароў на пашу разам, бо бытавала павер’е, што тая з іх, якая першая выганяла жывёлу ў поле, лічылася вядзьмаркай.
Напярэдадні свята жыхары Ахонава ўпрыгожвалі свае хаты, вясковыя крыжы, гатавалі святочную ежу, рыхтавалі святочнае адзенне.
– Што ўвогуле ўяўляе сабой свята Юр’е ў беларускай традыцыі?
– Гэта старадаўняе земляробчае свята беларускага народнага календара. У праваслаўі адзначаецца яно 6 мая, у дзень святога велікамучаніка Георгія Пераможцы.
У “Жыціі святога Георгія Пераможцы” сустракаем інфармацыю, што родам ён з Каладакіі, быў рымскім ваенным начальнікам пры імператары Дыяклектыяне (284 – 305 гг.). За адданасць хрысціянству святы Георгій пацярпеў цяжкія пакуты, з гонарам іх вытрымаў і прыняў смерць за Хрыста. Дата яго смерці, 6 мая, адзначаецца як дзень памяці і ўшанавання святога, яму прыпісваецца шмат цудаў і подзвігаў. Самы вядомы подзвіг Георгія – перамога над змеем, што паядаў людзей. Гэты эпізод увасоблены ў іканаграфіі, дзякуючы чаму добра вядомы ў народзе.
Вобраз святога Георгія шырока адлюстраваны ў фальклоры і жывапісе. Святы Юр’я – “Божы ключнік”, бо ў яго знаходзяцца ключы, якімі ён замыкае зіму і адмыкае вясну, зямлю і выпускае расу, бласлаўляе ўсё навокал: зямлю, людзей, жывёлу. Адсюль і традыцыя ахоўных абрадаў, звязаных з выганам кароў у поле.
– У якіх яшчэ вёсках Дзятлаўшчыны падтрымліваліся юр’еўскія традыцыі?
– Шырока святкавалася Юр’е ў вёсцы Погіры. У вёсцы Горка ў гонар святога Георгія была пабудавана царква. У ёй на свята праходзіла ўрачыстая служба з удзелам некалькіх святароў з навакольных вёсак.
Вось якія ўспаміны землякоў пра свята захаваліся да нашых дзён. “У нас жа цэркаў святога Георгія. К нам на Юра з цэлага свету шлі, ажно з-пад Вільнюса. Па дзён тры, па чатыры шлі пешшу, начавалі па сёлах – так абракаліся Богу. Ручнікі неслі, слалі іх у царкве. Пайдуць да царквы, там фэст быў вялікі. Бацюшкі з другіх прыходаў прыязджалі, бацюшак многа было. Хросным ходам хадзілі вакол царквы” (Алена Жылко, 1907 года нараджэння, з вёскі Студзераўшчына); “Прышло Юр’я, перахрысціліся, памаліліся, бо ж свята. На Юр’я ў Дзятлава ехалі ў касцёл і вазілі скаціну, грошы, яйко, сала. Вот прывязём, каля алтара пакладзём усё. Гэта была ахвяра касцёлу, Богу за скаціну, каб здаровая скаціна была. Бацюшка маліўся за скаціну на Юр’я”. (Ганэфа Гуштын, 1913 года нараджэння, з вёскі Данілавічы).
У час прастольнага свята адбывалася ўшанаванне мясцовых святынь: разам са святаром людзі наведвалі капліцы на могілках, адметныя крыніцы і камяні, адносілі “аброкі” (ахвяраванні) у царкву і да крыжоў.
“На кладбішча бацюшкі з людзьмі хадзілі. Там каплічка, там служылася імша. Там крынічка, з тае крынічкі воду бралі. Быў нейкі камень такі высокі, там абракаліся людзі: неслі грошы ці палатно. Ручнікі ў каплічцы вешалі на абразы, так абракаліся Богу” (Алена Жылко).
Пра камень у вёсцы Горка Дзятлаўскага раёна расказвала нават жыхарка Слонімшчыны Галіна Жукоўская, 1933 года нараджэння: “На Юр’я хадзілі на Горку, за дзесяць кіламетраў ад нашай вёскі Азарычы. Там камень быў вялікі і каля яго быў такі выхад, што праз яго трэба было паўзці. Ён памоцны надта, калі хто хварэе: ногі баляць ці сярэдзіна. Людзі ездзілі, паўзлі. Гэта быў свяшчэнны камень”.
– Якія яшчэ дзеі, згодна са святочнай традыцыяй, выконвалі нашы землякі на Юр’е?
– Важнай народнай традыцыяй было ўпрыгожваць да свята крыжы. Наконт гэтага таксама ёсць запісы ўспамінаў жыхароў раёна.
“На Юр’я на гэтых крыжах, што ўстаноўлены на крыжаваных дарогах па канцах вёскі, людзі вешалі аброчныя ручнікі і вяночкі. Абракаліся на Юр’я, каб скаціна вялася. Хто простае палаценца павесіць, а хто і вышывано, красіво павесіць” (Кацярына Гізоўская, 1925 года нараджэння, з вёскі Хрольчыцы).
Заключнай часткай прастольнага свята былі кірмашы, куды з’язджаліся вяскоўцы з усяго наваколля: “Гандлявалі гарэлкай, закускай, печывам, цукеркамі, карусель рабілі, танцавалі, сцягвалася людзей з усіх вёсак, ні прайсці было” (Алена Жылко).
У Дзятлаўскім раёне, як і ў многіх іншых, спраўляліся “запаскі” – першы выган кароў у поле.
“Першы дзень на Юр’я выганялі, кожны гаспадар пасвіў сваю скаціну. Потым прыганялі дахаты кароў і рабілі запаскі. Ідзімо да чыей хаты, нясём закуску, выпіўку і так пасядзім, пагаворым, паспяваем…” (Анастасія Шыдла, 1921 года нараджэння, з вёскі Погіры).
– Таццяна Генадзьеўна, ведаю, што ахонаўскі юр’еўскі абрад зацікавіў журналістаў тэлебачання?
– Сапраўды, у Год гістарычнай памяці мы чакаем гасцей. Для здымак абраду на Дзятлаўшчыну 5 мая прыедзе здымачная група канала Беларусь-3, праграмы “Жывая спадчына”. Гэта цыкл тэлеперадач аб нематэрыяльнай спадчыне Беларусі. Дзякуючы аднаму з цэнтральных каналаў, з традыцыямі свята Юр’я вёскі Ахонава пазнаёміцца шырокая аўдыторыя гледачоў.
Дарэчы, у гэтыя ж дні ў нашым раёне сіламі работнікаў культуры будуць ладзіцца забаўляльныя сюжэтна-гульнявыя праграмы для дзяцей “Юр’еўскія забавы”.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga