Хвалююць пытанні – задайце іх спецыялісту

Важнае Грамадства

У Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна прайшоў прафсаюзны прыём грамадзян.

З актуальнымі тэмамі па тлумачэнні нормаў заканадаўства, рэгулюючых сферу працоўных і звязаных з імі праваадносінаў выступіў прававы інспектар працы Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў Аляксандр Пушкоў.

Удзел у прыёме прынялі таксама пракурор Дзятлаўскага раёна Алег Вялічка, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Валерый Макарчык, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Васкель.

– Рэспубліканскія прававыя прыёмы крыху змянілі свой фармат, – адзначыў Валерый Макарчык. – Цяпер яны маюць інфармацыйную частку, каб паглыбіць веды работнікаў па тых ці іншых пытаннях, якія можна задаваць у час размовы і пасля яе. Адзначу, што прававы прыём – даволі дзейсная форма ўзаемадзеяння работнікаў, прафсаюза і наймальнікаў, бо неаднаразова, дзякуючы ім, даволі хутка вырашаліся праблемы, з якімі звярталіся людзі.

Даступна, з прыкладамі з уласнай практыкі Аляксандр Пушкоў патлумачыў удзельнікам пасяджэння такія актуальныя тэмы як прававое рэгуляванне змянення працоўнага дагавора, прадастаўленне работнікам сацыяльных водпускаў, спыніўся і на законе аб абароне асабістых даных, удакладніў некаторыя нюансы, якія тычацца падачы неабходных дакументаў пры прыёме на работу.

Чаму гэтаму закону ў апошнія гады вырашылі надаць больш увагі, расказаў пракурор Алег Вялічка. З-за лічбавізацыі і даступнасці гаджэтаў, грамадства сутыкнулася з такой праблемай, як скажэнне інфармацыі і размяшчэнне асабістых даных людзей у інтэрнэце без іх згоды. На Дзятлаўшчыне з-за падобных правапарушэнняў ужо ўзбуджана некалькі крымінальных спраў.

Пасля выступленняў спецыялістаў ім паступіла некалькі пытанняў, якія тычыліся працоўнага заканадаўства.

Паколькі прафсаюзны прыём супаў з Сусветным днём аховы працы, то прафсаюзны лідар Валерый Макарчык закрануў і гэту тэму. Ён адзначыў, што сёлета галоўная ўвага скіравана на стратэгіі фарміравання пазітыўнай культуры аховы працы праз падтрымку і ўкараненне канцэпцыі нулявога траўматызму. Спыніўся на мерапрыемствах, якія праходзяць у  рамках тыдняў нулявога траўматызму, пазнаёміў з лічбамі мінулагодняй статыстыкі і асноўнымі прычынамі няшчасных выпадкаў, расследаванне якіх ужо завершана, і акцэнтаваў увагу на тым, што кожны работнік павінен, у першую чаргу, выконваць правілы аховы працы для сваёй асабістай бяспекі і бяспекі тых, хто працуе разам.

Такая ж сустрэча старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў у рамках Сусветнага дня аховы працы некалькімі гадзінамі пазней прайшла ў ДРБУ № 119.

Ірына СТЫРНІК 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga