Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Гэтымі велікоднымі словамі ўсіх вас вітаю і віншую са святам – Уваскрэсеннем нашага Пана Езуса Хрыста. Гэты выключны дзень упісаны асаблівым чынам у гісторыю Беларусі і ўсяго чалавецтва: Уваскрэсенне Божага Сына паказвае нам Божую мудрасць, якую павінен зразумець і прыняць сённяшні свет.
Сапраўды, Добрая Навіна ёсць у тым, што праўда Хрыстусова несмяротная. У святле Уваскрэсення нам, дарагія браты і сёстры, неабходна памятаць аб несмяротнасці Хрыстусовай праўды і ніколі не адмаўляцца ад яе, нават калі гэта робяць іншыя, бо праўда заўсёды застаецца праўдай.
Як мы верым у тое, што сонца ёсць нават і тады, калі за хмарамі яго бачна, так нам і трэба верыць, што праўда Хрыстусова існуе і з ёй трэба лічыцца.
Хрысце Змёртвыхпаўстаўшы!
Блаславі кожнае сэрца і кожную сям’ю. Блаславі нашу Айчыну і ўвесь свет на мірнае, спакойнае жыццё, на дабрабыт і паразуменне.
Сёння, як ніколі дагэтуль, нам патрэбна ласка веры, дзякуючы якой знойдзеш шляхі да Бога і да чалавека. Патрэбна ўмацаванне надзеяй, якая падтрымае нашы слабыя сілы і моц любові, каб не паддацца пачуццю страху, стаць больш чулымі на патрэбы іншых і, кажучы мовай св. Францішка, магчы не столькі шукаць суцяшэння, колькі даваць яго; не столькі шукаць разумення, колькі разумець; не столькі шукаць любові, колькі любіць.
Няхай Уваскрэслы Хрыстос дасць цярплівасць у цяжкасцях і павялічыць надзею. Няхай Пан аддаліць ад нас хваробы і дасць ласку жыцця велікодным пасланнем, што Любоў усё перамагае.
Дарагія браты і сёстры, усе людзі добрай волі! Ад усяго сэрца віншую вас з радасным і збавіцельным святам Вялікадня Хрыстусовага. Няхай радаснае “Аллелюя” гучыць у нашых сэрцах і душах, няхай закране кожнага чалавека, няхай адорыць яго новым жыццём ва Уваскрослым Хрысце!
З малітвай ксёндз-пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі г. Дзятлава Здзіслаў Пікула