Абмежаваныя здольнасці – роўныя магчымасці

Важнае Грамадства

На Дзятлаўшчыне ў Цэнтры культуры і народнай творчасці прайшоў раённы семінар-вучоба па ўдасканаленні работы па рэабілітацыі і сацыяльнай абароне інвалідаў, стварэнні ўмоваў для забеспячэння ім роўных магчымасцяў у грамадстве.

Удзел у пасяджэнні прымалі прадстаўнікі раённай улады, грамадскіх аб’яднанняў “БелТІЗ” і “БелТІ”, спецыялісты сацыяльных установаў, гандлю, іншых зацікаўленых службаў.

Аб тым, наколькі творчымі, стараннымі, умелымі могуць быць людзі з абмежаванымі магчымасцямі, калі з імі вядзецца мэтанакіраваная работа, паказала выстава “Свет без межаў”, што ладзілася ў фае цэнтра. На ёй экспанаваліся вырабы, зробленыя рукамі наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык”, таксама на семінары можна было атрымаць метадычныя матэрыялы.

 

На парадак дня было вынесена некалькі актуальных пытанняў і практычная частка. Як на Дзятлаўшчыне рэалізуюцца мерапрыемствы па забеспячэнні даступнасці аб’ектаў у рамках падпраграмы “Даступнае асяроддзе жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асобаў” Дзяржаўнай праграмы “Сацыяльная абарона” на 2021-2025 гады расказала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Васкель. Яна адзначыла, што ў нашым раёне жывуць каля 2 тысяч чалавек з абмежаванымі магчымасцямі, сярод якіх 89 – дзеці, 81 – інвалід па зроку. Гэта людзі, якія з-за стану свайго здароўя не заўсёды могуць скарыстацца той інфраструктурай, да якой прывыклі мы. На Дзятлаўшчыне вядзецца пэўная работа па стварэнні даступнага асяроддзя: 6 % прыярытэтных аб’ектаў раёна поўнасцю даступны для інвалідаў, яшчэ 62 % – часткова. Пры гэтым, як падкрэсліла Алена Раманаўна, павінен захоўвацца комплексны падыход, калі ўлічваюцца патрэбы асаблівых людзей з рознымі парушэннямі. Яна выказала спадзяванне, што семінар дапаможа выявіць, што яшчэ не зроблена ў стварэнні безбар’ернага асяроддзя і паспрыяе далейшай рабоце ў гэтым кірунку.  Для большай нагляднасці і актуалізацыі праблемы ўдзельнікам быў паказаны сацыяльна значны відэаролік “Безбар’ернае асяроддзе. Зручна для невідушчых”.

З патрабаваннямі нарматыўных дакументаў, якія тычацца даступнага асяроддзя для людзей з інваліднасцю па зроку, прысутных азнаёміла старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі ГА “БелТІЗ” Ірына Новікава. Яна патлумачыла, як правільна выкарыстоўваць моўныя інфарматары, візуальныя маркеры, шыльдачкі з шрыфтам Брайля, дзе і якімі павінны быць папераджальныя і накіроўваючыя палосы, паказала фота найбольш тыповых памылак пры забеспячэнні безбар’ернага асяроддзя.

Пытанні этыкі ўзаемадзеяння і правілаў камунікацыі з невідушчымі закранула інструктар Гродзенскай абласной арганізацыі ГА “БелТІЗ” Алена Міхневіч, расказала і паказала, як пазбегнуць памылак і нязручнасцяў пры аказанні дапамогі такім людзям, а відэаролік “Разбурыць стэрэатыпы” прадэманстраваў цікавую сітуацыю з жыцця.

Нотку ўрачыстасці і добрага настрою сустрэчы надаў міні-канцэрт ад наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык” і сям’і Крэйдзічаў.

Наступнай была практычная частка. Першая падгрупа ўдзельнікаў семінара-вучобы, у састаў якой уваходзілі работнікі гандлю, старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк, Віталій Крэйдзіч і інструктар Алена Міхневіч, накіравалася ў магазін “Санта” горада Дзятлава, каб атрымаць карысныя навыкі за кошт трэнінгу па адаптацыі паслугаў гандлёвых аб’ектаў для інвалідаў па зроку з улікам іх асаблівых патрэбаў.

Паралельна ўдзельнікі другой падгрупы папоўнілі свае веды ў час індывідуальных і групавых гутарак са спецыялістамі раёна, адказнымі за стварэнне даступнага асяроддзя для людзей з інваліднасцю па зроку ў арганізацыях па месцы работы.

Маніторынг аб’ектаў раёна, у ліку якіх былі рэстаран “Ліпічанка”, магазін “Родны Кут”, Дзятлаўскі камбінат бытавога абслугоўвання, Казлоўшчынскі дом культуры, аўтавакзал горада Дзятлава, паказаў, наколькі гэтыя аб’екты прыстасаваны для патрэбаў асаблівых людзей.

Галоўную думку сустрэчы выказала Ірына Новікава:

– Калі адаптацыя інфраструктуры горада зроблена якасна, то ён стане камфортным асяроддзем не толькі для інвалідаў, якіх няшмат сярод нас, але і для фізічна аслабленых састарэлых грамадзян, людзей з часовай стратай здароўя, нават мамаў з каляскамі і турыстаў з цяжкімі чамаданамі.

Ірына СТЫРНІК   

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga