22 сакавіка на Дзятлаўшчыне чарговую прамую тэлефонную лінію правёў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Нёманскай выбарчай акрузе № 56 Уладзімір Сіняк.
Уладзіміру Аляксандравічу паступілі два тэлефонныя званкі.
Жыхара аграгарадка Вензавец цікавіла аднаўленне работы лазні, якая ў свой час функцыянавала на базе мясцовага сельгаспрадпрыемства. Уласнік гаспадаркі змяніўся, і якім будзе далейшы лёс запатрабаванага ў насельніцтва аб’екта, невядома.
Для ўдакладнення сітуацыі дэпутат звязаўся з першым намеснікам старшыні райвыканкама – начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталіем Шулейкам.
Пытанне было ўзята на кантроль. Нягледзячы на пэўныя тэхнічныя складанасці, уласнік паабяцаў, што лазня з цягам часу будзе прыведзена ў належны парадак.
Наступны званок паступіў ад жыхаркі раёна, якая спадзявалася знайсці ў дэпутата падтрымку пры вырашэнні рада бытавых пытанняў. Каб дапамагчы дзятлаўчанцы, Уладзімір Аляксандравіч звязаўся з кіраўніцтвам КСУП “Хвінявічы” і старшынёй Парэцкага сельскага выканаўчага камітэта Аляксандрам Ядэйкам. Сумесна выпрацаваны алгарытм вырашэння праблемы, застаецца спадзявацца, што ў бліжэйшы час дапамога заяўніцы будзе аказана.
Напрыканцы прамой тэлефоннай лініі, скарыстаўшыся магчымасцю, карэспандэнтка газеты задала дэпутату яшчэ адно актуальнае пытанне:
– Жыхароў Дзятлаўшчыны, як і іншых беларусаў, не пакідае раўнадушнымі сітуацыя, што складваецца ў суседняй Украіне. Уладзімір Аляксандравіч, што вы думаеце на гэты конт?
– Упэўнены, што ў сучасным свеце любыя супярэчнасці павінны вырашацца мірна і цывілізавана. І ў гэтым выпадку патрэбен дыялог. Толькі дыпламатычным шляхам можна спыніць гэты канфлікт. Таму Прэзідэнт нашай краіны, Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, парламентарыі робяць усё магчымае, каб спыніць ваенны канфлікт паміж дзвюма вельмі блізкімі па сваім менталітэце краінамі. Усе мы хочам, каб Украіна была моцнай і незалежнай дзяржавай. Усе беларусы моляцца за тое, каб ва Украіне быў мір, – зазначыў дэпутат.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga