Праца ратаўніка – адна на дваіх

Важнае Грамадства

19 студзеня ў Беларусі адзначаецца свята мужных і самаадданых – Дзень ратаўніка.

Адметна, што ў Дзятлаўскім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях працуюць не толькі дынастыі ратаўнікоў, якія перадаюць справу з пакалення ў пакаленне, але і сем’і. Гэтым разам мы пазнаёмім вас з Мартай і Яўгенам Мілашамі.

Знаёмства. Сустрэчы. Сям’я

Марта Уладзіміраўна – старшы інспектар Дзятлаўскага РАНС, сфера яе дзейнасці – тлумачальная і прафілактычная работа (ды і не толькі). Яна наша зямлячка, ураджэнка Гезгалаў. Яўген Вітальевіч – начальнік каравула пажарнай аварыйна-ратавальнай часці № 1 горада Дзятлава. Ён родам з Варнянаў, што на Астравеччыне.

Як вы ўжо маглі здагадацца, сустрэча і знаёмства маладых людзей адбыліся дзякуючы выбару прафесіі ратаўніка, да якой кожны з іх ішоў спачатку сваім шляхам. Яўген пасля шостага класа паступіў вучыцца ў Гомельскі спецыялізаваны ліцэй МНС. Пасля яго заканчэння прадоўжыў вучобу ў Гомельскім інжынерным інстытуце. Марта пасля заканчэння сярэдняй школы здала іспыты, спецыялізаваны экзамен па фізічнай падрыхтоўцы і паступіла ў Мінскі камандна-інжынерны інстытут. Год маладыя людзі навучаліся і служылі ў розных гарадах і нават не ўяўлялі аб існаванні адзін аднаго.

Усё вырашыў шчаслівы выпадак. У 2016 годзе абедзве навучальныя ўстановы аб’ядналі пад агульнай назвай Універсітэт грамадзянскай абароны, курсанты з Гомеля прадоўжылі навучанне ў Мінску, і маладыя людзі сталі аднакурснікамі.

– Першыя нашы стасункі адбыліся ў сацыяльных сетках, – узгадвае Марта гісторыю знаёмства з будучым мужам. – Яўген заўважыў мяне ў час пастраення, даведаўся імя, прозвішча і напісаў першы. Спачатку я нават не зразумела, хто з маіх аднакурснікаў напісаў: на нашым курсе навучалася шмат маладых людзей.

Новы знаёмы спадабаўся дзяўчыне, і ў хуткім часе яны сустрэліся на тэрыторыі навучальнай установы. Курсанты пачалі бавіць вольны час разам, хоць яго было і няшмат. Больш даведаліся адзін пра аднаго і зразумелі: акрамя абранай службы ратаўніка яны маюць шмат агульных інтарэсаў і перакананняў.

У вучэбных і службовых буднях курсантаў паціху падрастала іх трапяткое каханне.

– Наша навучальная ўстанова была не лепшым месцам для рамантыкі, – распавядае дзяўчына. – Было складана, часам вельмі, але мы падтрымлівалі адзін аднаго.

Вучыліся таксама ў згодзе. Марта была больш схільная да гуманітарных навук, дапамагала маладому чалавеку. Яўген “падцягваў” аднакурсніцу ў дакладных навуках у такіх, як тэхнічная механіка і чарчэнне. Падтрымка і клопат будучага мужа дапамагалі Марце спраўляцца з хваляваннямі і праходзіць курс паспяхова.

Амаль праз два гады пасля знаёмства, летам, Яўген папрасіў рукі сваёй каханай, а ў верасні яны стварылі сям’ю.

Муж – калега і таварыш

Менш чым праз год, пасля паспяховага заканчэння ўніверсітэта, яны прыбылі на Дзятлаўшчыну як маладыя спецыялісты. Марта Уладзіміраўна праходзіла практыку ў аддзеле, яе тут ведалі і чакалі. Прыбыццё ў аддзел яшчэ аднаго афіцэра стала сюрпрызам.

Самыя важныя на новым месцы працы – першыя крокі. Зразумела, што вучоба і службовыя абавязкі адрозніваюцца, шмат чаму давялося вучыцца на практыцы. Зрабіць іх маладым людзям дапамаглі калегі па працы і кіраўніцтва аддзела. Яны падтрымалі добрымі парадамі, прадаставілі жыллё.

Мілашы прыйшлі ў прафесію ратаўніка па прызванні і не расчараваліся ў ёй. Працуюць у аддзеле з радасцю, Марта – займаецца цікавай для сябе творчай працай, арганізацыяй акцый і мерапрыемстваў; Яўген, як і марыў – займаецца тушэннем пажараў і ратаваннем людзей.

– Калі б у нас цалкам супадаў працоўны графік, магчыма было б і складана, – разважае Марта Уладзіміраўна ў адказ на пытанне аб адной сямейнай працы на дваіх. – А так, мы нават бачымся не кожны дзень. Аднак хвалюемся адзін за аднаго, падтрымліваем, чым можам. Калі я затрымліваюся на працы, муж ставіцца да гэтага з разуменнем.

Старшы інспектар прызнаецца, што муж ніколі не адмаўляў ёй у дапамозе ў працы: у вольны час, у рамках правядзення, дзіцячых акцый МНС не раз быў касцюміраваным героем, а ў акцыі “Бяспечны Новы год” – нават Дзедам Марозам. У Дзень ратаўніка маладая сям’я Мілаш адрасуе сваім калегам-саслужыўцам традыцыйнае пажаданне сухіх рукавоў, зычыць моцнага здароўя і дабрабыту.

– Што самае важнае для ратаўніка? – пытаю на развітанне ў сваёй суразмоўцы.

– На першым месцы ў ратаўнікоў павінна быць і ёсць сям’я, – адказвае Марта Мілаш. — У гэтым выпадку кожны з нас служыць адказна і беражэ сябе для блізкіх.

Наталля АВЯРЧУК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ