Сёлета беларуская міліцыя адзначае 105-ю гадавіну свайго заснавання.
Як вядома, лепшыя традыцыі загартоўваюцца ў пакаленнях. Цікава было паслухаць дыялог аб міліцэйскіх буднях, службе і галоўных задачах ад прадстаўнікоў розных пакаленняў – цяперашняга начальніка аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандра Біля і ад Аляксандра Ламакі, які ўзначальваў аддзел у 1987-1993 гадах, а ў наш час з’яўляецца старшынёй ветэранскай арганізацыі.
– Кажуць: час выбраў нас. У які час вам давялося кіраваць аддзелам?
Аляксандр Біль: службу я пачынаў у першай палове 90-х, гэта былі няпростыя гады. Паступова сітуацыя змянялася да лепшага. Як сведчыць статыстыка, цяпер колькасць злачынстваў, асабліва цяжкіх, значна зменшылася. Безумоўна, мяняюцца задачы, вобраз, імідж беларускай міліцыі. Сёння ў большай ступені работа праваахоўнікаў скіравана на прафілактыку. Мы ўсё глыбей унікаем у праблемы грамадзян, з іншымі суб’ектамі прафілактыкі стараемся “зняць” канфлікты, якія толькі наспяваюць. Найперш, гэта праблемы бытавога гвалту, п’янства і ўсяго, што з іх вынікае.
Аляксандр Ламака: час маёй работы ў якасці начальніка дзятлаўскай міліцыі прыпаў на пераходныя 1987-1993 гады. Гэта быў канец савецкай эпохі, пачатак гісторыі незалежнай Беларусі. У аддзеле, адміністрацыйны будынак якога знаходзіўся па вуліцы Леніна, дзе цяпер размешчаны апорны пункт аховы правапарадку, працавала каля 40 чалавек, памяшканняў катастрафічна не хапала. Прыспела галоўная задача – узводзіць новы аддзел і паляпшаць матэрыяльна-тэхнічную базу. Менш чым за год вырас прасторны двухпавярховы будынак. Мы прадугледзелі не толькі зручныя камфортныя кабінеты для супрацоўнікаў, але і памяшканне ціра, дзе яны будуць адточваць навыкі стральбы, спартыўны пакой, зону адпачынку. Будынак знаходзіцца на “бойкім месцы” – каля аўтавакзала, у наш час побач з ім “выраслі” сучаснае пажарнае дэпо і магазін “Еўраопт”.
– Якія пытанні і задачы ў аб’ектыве ўвагі?
Аляксандр Біль: значную частку работы закранае прафілактыка маёмасных злачынстваў, найперш крадзяжоў. У структуры злачыннасці раёна летась яны склалі больш за 60 %. Міліцыі майго пакалення даводзіцца сутыкацца і з новымі выклікамі, якія тычацца інтэрнэту і кіберзлачыннасці. З гэтай сферай сёння пераважна звязана прафілактыка моладзевай і падлеткавай злачыннасці. Маладыя чэрпаюць інфармацыю ў “сусветным павуцінні”, многім трэба дапамагчы разабрацца, знайсці “здаровае зерне”. Ільвіная доля махлярстваў таксама ажыццяўляецца праз інтэрнэт і найчасцей з-за мяжы, што вымушае супрацоўнічаць з рознымі краінамі. Раней паміж рэспублікамі Савецкага Саюза былі грунтоўныя сувязі, можна было аператыўна вырашаць любыя праблемы ўнутры краіны. Сёння ж злачынствы, якія ўчыняюцца на тэрыторыі нават суседніх з намі Украіны, Расіі, Літвы, Латвіі, патрабуюць рабіць міжнародныя запыты, на якія, асабліва з краін Балтыі, мы не атрымліваем адказаў.
Зразумела, што з “класічнымі” бытавымі злачынствамі і крадзяжамі працуем старымі метадамі, бо ўчыняюцца яны, як правіла, асобамі, знаёмымі паміж сабой ці паблізу ад месца жыхарства, таму стыль і асновы іх раскрыцця і прафілактыкі не мяняюцца. Задзейнічаны службы ўчастковых інспектараў міліцыі, крымінальнага вышуку, інспекцыі па справах непаўналетніх, крымінальна-выканаўчай інспекцыі, якія працуюць непасрэдна з насельніцтвам, асобамі, якія знаходзяцца на розных відах уліку. Гэта класіка работы міліцыі, на якой будуецца прафілактыка. Мяркую, яшчэ многія гады гэты кірунак застанецца нязменным.
Аляксандр Ламака: вядома ж, на першым плане знаходзілася прафілактыка, для чаго ладзілі выступленні супрацоўнікаў усіх службаў міліцыі перад насельніцтвам, была моцная служба ўчастковых інспектараў міліцыі. Наш аддзел у вобласці быў на добрым рахунку: раскрывальнасць складала 89-91 %, стабільна і зладжана працаваў асабовы састаў.
– Як ствараецца калектыў прафесіяналаў?
Аляксандр Біль: гэта штодзённая праца. У міліцыі захоўваецца інстытут настаўніцтва. Калі малады супрацоўнік прыходзіць з вучэбнага цэнтра ці ўстановы адукацыі МУС, яму неабходна практыка, таму замацоўваем за ім вопытнага калегу. Моладзь стараемся ставіць з рознымі супрацоўнікамі, каб атрымалі разнастайны вопыт. Асноўная “кузня кадраў” – служба ўчастковых інспектараў міліцыі, якая ахоплівае абавязкі практычна ўсіх іншых службаў аддзела. Такім чынам, з кожным днём малады работнік напрацоўвае вопыт, знаёміцца з жыхарамі раёна, ад іх даведваецца аб асобах, якім трэба надаваць больш увагі ў плане прафілактыкі. Так становяцца прафесіяналамі.
Аляксандр Ламака: я сам прайшоў розныя прыступкі міліцэйскай прафесіі: быў участковым інспектарам, вучыўся, праходзіў курсы павышэння кваліфікацыі, таму і вучобе асабовага саставу надаваў не менш увагі. Галоўнае ж, чаго патрабаваў ад супрацоўнікаў – паважлівых адносінаў да людзей. Ёсць закон, дзе прапісаны пакаранні за кожны праступак, ім трэба карыстацца, тады будзе і павага.
– Якія лепшыя традыцыі аддзела?
Аляксандр Біль: добрай традыцыяй застаецца штогадовае ўшанаванне ветэранаў, калі мы сустракаемся з тымі, хто з доблесцю і гонарам выйшаў на заслужаны адпачынак. Цікава назіраць, як яны ўзгадваюць свае будні, расказваюць пра цяжкасці і тэхніку ў мінулым, як раней на дальнія ўчасткі даводзілася дабірацца на конях ці пешшу, раскрываць злачынствы, не вяртаючыся ў аддзел па некалькі сутак. Але і цяпер іх вочы іскрацца пры ўспамінах, прыемна чуць, што, нягледзячы на пройдзеныя цяжкасці, яны ўпэўнены, што правільна выбралі прафесію, а гэта найлепшы прыклад для маладых.
Што тычыцца іншых мерапрыемстваў, то штогод мы ходзім на байдарках, выязджаем на экскурсіі, футбол, хакей – гэта згуртоўвае калектыў.
Аляксандр Ламака: наша традыцыя – пераемнасць пакаленняў, якая захоўваецца і сёння. Як старшыня ветэранскай арганізацыі, я часта выступаю перад цяперашнім асабовым саставам аддзела, расказваю аб былых праблемах і шляхах іх вырашэння. Ветэраны крымінальнага вышуку, службы ўчастковых інспектараў расказваюць моладзі, якія злачынствы здараліся ў іх практыцы, як яны раскрываліся.
– Прадоўжыце выказванне: служыць у міліцыі – гэта…
Аляксандр Біль: гэта прызванне, вернасць абавязку, праца, цярпенне, вялікія нервы і ўвага да клопатаў людзей, асабліва пацярпелых ад розных правапарушэнняў.
Аляксандр Ламака: гэта доблесць, сумленнасць, гонар, адказнасць. Я ніколі не пашкадаваў, што служыў у міліцыі, аддаў ёй некалькі дзесяцігоддзяў жыцця. Калі б давялося выбіраць, зноў прайшоў бы той жа шлях з усімі цяжкасцямі і выпрабаваннямі.
– Вашы пажаданні ветэранам міліцыі і тым, хто ў страі.
Аляксандр Біль: ветэранам службы жадаю здароўя, дабрабыту і ўвагі блізкіх. Супрацоўнікам міліцыі – каб сем’і іх заўсёды былі надзейным тылам, каб падабалася работа, якой мы аддаём лепшыя гады жыцця. Няхай вашы будні будуць светлымі, яркімі і абавязкова добрымі. Усім міру і шчасця.
Аляксандр Ламака: здароўя і доўгіх гадоў жыцця – пенсіянерам; тым, хто ў страі, жадаю адказнасці, дысцыплінаванасці, поспехаў у рабоце і службовага росту.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga