Зрабіце крок у атмасферу Радзівілаўскага балю

Важнае Культура і адпачынак

Бальныя танцы, майстар-класы, гульні, жывая музыка, рамансы – усё гэта 4 сакавіка ў 18 гадзін у Цэнтры культуры і народнай творчасці горада Дзятлава абяцаюць для гасцей арганізатары Радзівілаўскага балю, прысвечанага жанчынам.

Работнікі культуры і балетмайстар Анатолій Кардаш упэўнены, што кожны з удзельнікаў свята абавязкова акунецца ў незабыўную атмасферу беларускай мінуўшчыны, адчуе сябе свецкай асобай, атрымае зарад станоўчых эмоцый, цудоўнага настрою і, хутчэй за ўсё, канчаткова і беспаваротна стане пастаянным прыхільнікам падобных мерапрыемстваў.

Анатолій Кардаш – асоба неардынарная, самабытны мастак і кераміст з Наваельні, які пачаў адраджаць бальную культуру ў Дзятлаўскім раёне некалькі гадоў таму. Ён з’яўляецца кіраўніком харэаграфічнага аб’яднання па інтарэсах “Эпатажны блюз”, што працуе пры Новаяльнянскім доме культуры.

– Гэты баль стане чацвёртым у нашым раёне, – расказаў Анатолій Аляксандравіч. – Упершыню Калядны баль ладзіўся два гады таму ў Наваельні, затым адбыўся І Радзівілаўскі баль у люстраным зале Цэнтра культуры горада Дзятлава, пасля невялікага перапынку трэцім стаў баль-конкурс з удзельнікамі абласнога семінара работнікаў культуры, які летам 2021 года прайшоў на Дзятлаўшчыне. Пасля ад’езду гасцей, вечарыну прадоўжылі аматары аб’яднання “Эпатажны блюз” і іншыя запрошаныя. Новаяльнянскім парам пашчасціла пабываць і на балях, якія праходзілі пры доме-музеі Адама Міцкевіча ў Навагрудку, сядзібе Дзербавіцкіх, што ў пасёлку Бердаўка на Лідчыне, мы з жонкай ездзілі на баль у Вялікі тэатр горада Мінска.

– Ці ёсць у дзятлаўскіх баляў пастаянныя ўдзельнікі?

– Безумоўна, з дзясятак пар, у тым ліку некалькі сталічных жыхароў, якія з задавальненнем прыязджаюць на Дзятлаўшчыну. Гэта людзі, захопленыя старадаўняй культурай, якія мараць аб адраджэнні беларускіх традыцый увогуле і бальнай у прыватнасці. Раней балі часта ладзіліся ў маёнтках і сядзібах. На Дзятлаўшчыне іх праводзілі Астрожскія, Радзівілы, іншыя магнаты, у Беларусі добра вядомы былы маёнтак Тызенгаўза, які славіўся сваімі балямі. Бальная культура з’яўлялася неад’емнай часткай жыцця тагачаснага адукаванага насельніцтва.

– Ці ўтульна на вашых святах адчуваюць сябе навічкі?

У першую чаргу на балі мы весела і пазітыўна бавім час з аматарамі добрага настрою, незалежна ад іх узросту. Наша задача – зацікавіць усіх жадаючых, паказаць ім асноўныя рухі і, калі можна так сказаць, “заразіць” гасцей гэтым цудоўным захапленнем. Упэўнены, што людзям заўсёды ўтульна там, дзе добры настрой, усмешкі, пазітыўная атмасфера. Як паказвае практыка, навічкі не шкадуюць аб рашэнні наведаць баль, танцуюць з задавальненнем, просяць яшчэ.

– Праграма ІІ Радзівілаўскага балю будзе насычанай?

– Сімфанічную і фартэпіянную музыку будуць выконваць спецыялісты Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Ад Тамары Ступак, якая ўжо не першы раз спявае на падобных святах, прагучаць прыгожыя рамансы. Гульні і забавы – фанты, карты, гульнявы салон – падрыхтуюць вядучыя, або так званыя “распарадчыкі балю”. Як канцэртмайстар, я буду весці танцавальную праграму, з дапамогай сяброў правяду майстар-класы, каб людзі маглі ад душы павесяліцца. Абавязкова па старажытнай традыцыі ўдзельнікаў балю пачастуем шампанскім.

– У афішы заяўлена, што баль прысвечаны жанчынам.

Гэтаму паспрыяў шэраг абставінаў. Па-першае, на Дзятлаўшчыне раней жылі вядомыя ў гісторыі Беларусі князі Радзівілы, нават захаваўся іх палац, які, спадзяюся, калі-небудзь будзе адноўлены ва ўсёй сваёй прыгажосці. Род гэты вельмі шанаваў і ўзвялічваў жанчын. Прыгожыя прадстаўніцы Радзівілаўскага роду паспяхова займаліся палітыкай, мастацтвам, дабрачыннасцю і пакінулі на беларускай зямлі свой след. Знакамітыя мужчыны-Радзівілы – Пане Каханку, Рыбанька – звярталіся да прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва, незалежна ад іх паходжання, менавіта называючы іх “пане каханку”, “рыбанька мая”. Балі – гэта адно з мерапрыемстваў, якое паказвае прыклад паважлівых, узвышаных  адносінаў да жанчыны, у бальнай культуры шмат “умоўнасцяў”, якія дэманструюць гэтыя пашану і павагу. Ну і, не менш сімвалічна, што наш баль праходзіць напярэдадні самага вясенняга жаночага свята – 8 Сакавіка.

– Як лічыце, чаму ў Беларусі прабуджаецца цікавасць да балю?

– Мы пачалі адчуваць сваю нацыянальную прыналежнасць, разумець, што мы – беларусы, гэта наша Радзіма, наша культура, яна, у тым ліку, мае матэрыяльнае выражэнне ў форме падобных мерапрыемстваў. У грамадстве расце ўзровень адукацыі. Усё гэта прабуджае патрэбу паказаць сябе, сустрэцца на такіх цудоўных мерапрыемствах. Балі праходзяць у розных рэгіёнах Беларусі. На Гродзеншчыне штуршок да іх правядзення даў абласны семінар работнікаў культуры. Шмат увагі апошнім часам пачало надавацца і добраўпарадкаванню старажытных сядзібаў, маёнткаў, будынкаў. Усё гэта – складальнікі адраджэння беларускіх нацыянальных традыцый.

– Чаму дзятлаўчанам варта прыйсці на ІІ Радзівілаўскі баль?

– Першы крок да гэтай цікавай формы адпачынку зрабіць проста, галоўнае пераступіць праз свае сарамлівасць і няўпэўненасць. Як паказвае жыццё, многія нават не падазраюць, які цікавы пласт традыцый хаваецца пад кароткім словам “баль”. Будзьце ўпэўнены, што пасля таго, як вы закружыцеся ў лёгкім танцы сярод іншых пар, то абавязкова станеце прыхільнікам Радзівілаўскага балю.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga             



Теги: