На выхадных, пераважна ў суботу 19 лютага, на Гродзеншчыне, у тым ліку ў Дзятлаўскім раёне, уладарыла стыхія.
Вядома ж, не абышлося без наступстваў. У нашым раёне былі пашкоджаны некаторыя лініі электраперадач з абрывамі правадоў. Адбывалася гэта ў тым ліку з-за падзення дрэваў і галін.
Як расказаў начальнік дыспетчарскай службы Дзятлаўскага раёна электрасетак Андрэй Сапега, стыхія выклікала парушэнні электразабеспячэння 47 населеных пунктаў нашага раёна, пераважна гэта былі невялікія вёскі, аднак, месцамі адключэнні здарыліся і ў гарадскім пасёлку Наваельня.
Для аператыўнага аднаўлення электразабеспячэння на ліквідацыі парываў ліній электраперадач былі задзейнічаны 4 брыгады раёна электрасетак. Каб справіцца з поўным аб’ёмам работ, спецыялісты працавалі з 15 гадзін у суботу 19 лютага да 17 гадзін у нядзелю 20 лютага, у тым ліку ў начны час. Свавольствы стыхіі ўхілены, жыхары населеных пунктаў зноў атрымалі магчымасць карыстацца электраэнергіяй.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga