У тройцы лідараў па ахове працы

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Ганаровай граматай Кіруючай кампаніі холдынга “Гроднамясамалпрам” за ІІІ месца ў аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю аховы працы ў 2021 годзе сярод прадпрыемстваў холдынга ўзнагароджаны Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир”.

Як прадпрыемству ўдалося ўвайсці ў тройку лідараў, расказала інжынер па ахове працы філіяла Алена Малько.

– У 2020 годзе адбылося далучэнне ААТ “Дзятлаўскі сыраробны завод” да ААТ “Молочный Мир” з пераўтварэннем у Дзятлаўскі філіял. Гэта не толькі сучаснае прадпрыемства па перапрацоўцы малака з высокай культурай вытворчасці, але і з высокім узроўнем адказнасці за жыццё і здароўе сваіх работнікаў, бяспечнымі ўмовамі працы.

Немагчыма ўявіць што-небудзь больш каштоўнае і важнае, чым жыццё і здароўе чалавека. Асноўны прынцып і галоўная задача аховы працы – зберагчы гэтыя каштоўнасці, прадухіляючы вытворчы траўматызм і прафесійныя захворванні, на што і скіраваны мерапрыемствы падобнага характару ў нашай арганізацыі.

Сусветная практыка сведчыць, што істотныя матэрыяльныя і маральныя страты з-за вытворчага траўматызму і прафесійных захворванняў найчасцей звязаныя з так званым “чалавечым фактарам” – непрафесійнымі дзеяннямі саміх работнікаў ці няправільным стаўленнем кіраўніцтва да забеспячэння рабочага працэсу і яго бяспекі. Каб пазбегнуць бяды на вытворчасці, кожны работнік павінен усведамляць, што многае залежыць ад яго адказных адносінаў да працы і бяспечных паводзінаў на рабочым месцы. Не меншая стаўка пры папярэджанні траўматызму робіцца не толькі на спецыялістаў аховы працы, але і на майстроў, якім падпарадкоўваюцца работнікі.

Пераход ад асобных мерапрыемстваў да планамернай і мэтанакіраванай работы, дакладнае вызначэнне абавязкаў, спрыяюць папярэджанню траўмаў. Для стварэння ўмоваў прафесійнай бяспекі з 2009 года на нашым прадпрыемстве функцыянуе сістэма кіравання аховай працы ў адпаведнасці з СТБ 18001-2009, летась адбыўся пераход на СТБ ISO 45001-2020, якая забяспечвае атрыманне дакладнай інфармацыі аб аб’ектах кіравання, планаванне работы па ахове працы, размеркаванне абавязкаў ад кіраўніка да работніка, каардынацыю работы па ахове працы і кантролі за выкананнем дзеючага заканадаўства. Сістэма прадугледжвае бесперапыннае кіраванне ўсімі відамі дзейнасці, якія прама ці ўскосна ўплываюць на забеспячэнне аховы працы.

– Як канкрэтна прадпрыемства клапоціцца аб работніках?

– Працоўныя месцы забяспечаны сродкамі абароны і матэрыяламі для паспяховага ажыццяўлення рабочага працэсу, абсталяваны зручныя пакоі адпачынку і прыёму ежы, дзе размешчаны стэнды з інфармацыяй па ахове працы. З кожным работнікам пры прыёме і ў час працоўнай дзейнасці праводзяцца адпаведныя інструктажы, вядзецца інфармаванне аб стане і змяненні ўмоваў работы на яго працоўным месцы, індывідуальных сродках аховы і кампенсацыях, устаноўленых заканадаўствам і калектыўным дагаворам. Работнікі своечасова і ў поўным аб’ёме забяспечваюцца спецвопраткай, спецабуткам, іншымі сродкамі індывідуальнай абароны.

Шмат увагі ў Дзятлаўскім філіяле ААТ “Молочный Мир” надаецца палягчэнню і аздараўленню ўмоваў працы праз механізацыю і аўтаматызацыю цяжкіх і шкодных вытворчых працэсаў, шырокае ўкараненне сучасных сродкаў тэхнікі бяспекі, ліквідацыю прычын, якія спрыяюць траўматызму і прафесійным захворванням, сочым і за гігіенічнымі і санітарна-бытавымі ўмовамі, каб пазбегнуць высокага ўзроўню часовай непрацаздольнасці.

Штогод работнікі філіяла праходзяць медыцынскі агляд, усе яны маюць медыцынскую страхавую праграму, куды ўваходзіць пэўны аб’ём дапамогі за кошт сродкаў прадпрыемства. Тым, хто працуе са шкоднымі і небяспечнымі ўмовамі, прадастаўляецца кампенсацыя: выдзяляюцца змываючыя і абясшкоджваючыя сродкі, талоны на бясплатнае атрыманне малака ці раўнацэнных малочных прадуктаў.

– На вашу думку, што з’яўляецца надзейным гарантам бяспекі працы?

– Работа на вытворчасці звязана з пэўнай рызыкай. У Дзятлаўскім філіяле ААТ “Молочный Мир” укаранёны працэдуры, якія забяспечваюць ідэнтыфікацыю небяспекі і ацэнку рызыкі па выніках фактычнай дзейнасці не толькі прадпрыемства і персаналу, але і падрадчыкаў, наведвальнікаў, а таксама пры выкарыстанні прадукцыі і паслугаў іншых арганізацый. Для зніжэння рызыкі распрацаваны мерапрыемствы з канкрэтна вызначанай адказнасцю за іх выкананне. Усё гэта дазваляе скараціць вытворчы траўматызм і прафесійныя захворванні.

Толькі стварэнне бяспечных умоваў працы, распрацаваныя мерапрыемствы па папярэджанні няшчасных выпадкаў і прафесійных захворванняў работнікаў, пастаянная работа па ўмацаванні працоўнай дысцыпліны, згуртаванасць калектыву дазволілі Дзятлаўскаму філіялу ААТ “Молочный Мир” дасягнуць высокіх вынікаў у гэтым кірунку, ахоўваць і зберагаць жыццё і здароўе сваіх работнікаў і атрымліваць высокі прыбытак ад вытворчасці.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga