Творчасць – стымул для поспеху

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Для многіх дзяцей і іх бацькоў дзіцячая школа мастацтваў – гэта значная частка жыцця.

Уважлівыя мамы і таты імкнуцца развіць здольнасці свайго дзіцяці, а настаўнікі выявіць талент, найбольш поўна яго раскрыць, дапамагчы ажыццявіць дзіцячыя планы і мары. У Новаяльнянскай дзіцячай школе мастацтваў шмат таленавітых дзяцей, адна з іх – Аляксандра Якшук.

З ранняга дзяцінства Аляксандра вельмі дапытлівая і актыўная, імкнецца прымаць удзел у розных мерапрыемствах. Нават калі не заўсёды атрымліваецца дамагчыся поспеху з першага разу, яна з усмешкай і неверагодным жаданнем спрабуе зноў і, дзякуючы сваёй мэтанакіраванасці, заўсёды атрымлівае жаданы вынік. Захапляецца чытаннем, асабліва любіць маляваць. Маляванне для яе не проста захапленне, а спосаб самавыяўлення. Яна валодае арыгінальным мастацка-вобразным мысленнем, багатым уяўленнем, смела развівае творчую ідэю. Любіць эксперыментаваць з колерам і працаваць у розных тэхніках.

Дзякуючы цярпенню, педагагічнаму дару, творчаму пачатку яе настаўніцы Алены Гайдук, таленавітае дзіця радуе нас сваімі здольнасцямі і дасягненнямі. Алена Дзмітрыеўна ўмее развіць цікавасць у сваіх вучняў да выяўленчага мастацтва, творчага працэсу, яны неаднаразова станавіліся прызёрамі міжнародных, рэспубліканскіх, абласных і рэгіянальных конкурсаў і выставаў мастацкіх работ.

У 2021 годзе найбольш значнымі перамогамі сталі работы Аляксандры Якшук на II Міжнародным разнажанравым конкурсе “LETOSTAR in Slovenia-2021”, дзе яна стала лаўрэатам 2 ступені, на міжнародным конкурсе мастацтваў “КльовоКольорово” (Украіна) – лаўрэатам I ступені. Па выніках фінальнага тура і па аднадумным рашэнні журы творчага інтэрнэт-праекта “Пакары вяршыню” Аляксандра стала ўладальніцай ГРАН-ПРЫ, набраўшы 100 балаў, а яе настаўніца Алена Гайдук узнагароджана дыпломам “Лепшы настаўнік”.

Ганна ЯРМОЛЕНКА,
намеснік дырэктара Новаяльнянскай ДШМ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: