Ілона Вянцкевіч: “Работа – падабаецца, зарплата – задавальняе”

Галоўнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У народзе кажуць: “Якое семя – такое і  племя”. Аб тым, што насенне для будучага ўраджаю неабходна адбіраць старанна, захоўваючы ўсе параметры па ўсходжасці, сарціроўцы на ўласным працоўным вопыце ведае аграном-насеннявод Ілона Вянцкевіч.

Дзяўчына ўпэўнена адчувае сябе ў калектыве КСУП “Хвінявічы”. Сюды на працу яна прыйшла тры гады таму. Хутка ўвайшла ў курс спраў і з адказнасцю прыступіла да выканання абавязкаў на пасадзе насеннявода.

Родам Ілона Вянцкевіч з вёскі Больцішкі Воранаўскага раёна. З дзіцячых гадоў яна прывыкла да павольнага і размеранага ладу жыцця, цішыні вясковых вуліц і адкрытасці людзей. Бацькі ўсё жыццё шчыравалі на зямлі, таму і дзяўчыне, з маленства звыклай да сялянскай працы, не патрабаваліся асаблівыя прапановы ў выбары будучай прафесіі.

Спачатку скончыла Пяляскую сярэднюю школу з навучаннем на літоўскай мове. Добра ведаючы замежную мову і атрымаўшы атэстат беларускага ўзору, выпускніца Пяляскай школы магла выбіраць любую вышэйшую навучальную ўстанову як на тэрыторыі Беларусі, так і Літвы. Але звыклая да краявідаў беларускай зямлі Ілона Вянцкевіч аддала перавагу адукацыі ў роднай краіне.

Першай прыступкай у набыцці аграрных ведаў стаў Навагрудскі аграрны каледж. Праз тры гады вучобы маладая спецыяліст вярнулася ў родную вёску, дзе на пасадзе агранома ў КСУП “Місевічы” пачалася яе працоўная біяграфія.

– Сельскагаспадарчая праца заўсёды з’яўлялася часткай майго жыцця, – дзеліцца Ілона. – Не выпадкова пасля школы па сваім уласным  перакананні я зрабіла такі выбар.

Праца ў сельскагаспадарчай вытворчасці не з лёгкіх, тут патрэбны і фізічная вынослівасць, і адказнасць, і добрасумленныя адносіны да справы. Але цяжкасці дзяўчыну не палохалі. Яна ведала: усяму навучыцца, да гэтага і імкнулася.

Паступіла на завочнае аддзяленне ў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт на факультэт аграноміі. Навука аб зямлі, сакрэты высокіх ураджаяў, сучасныя тэхналогіі і метады апрацоўкі глебы – усё гэта прыцягвала дзяўчыну.

Яшчэ некаторы час працавала ў КСУП “Місевічы”, але малады ўзрост і жаданне кардынальных змен узялі верх.

У  Інтэрнеце Ілона Вянцкевіч прачытала прапанову работы на пасадзе агранома-насеннявода ў КСУП “Хвінявічы” Дзятлаўскага раёна. Не доўга думаючы, вырашыла паспрабаваць і не памылілася.

Тут маладога спецыяліста сустрэлі з радасцю,

высокакваліфікаваныя кадры сёння ўсюды патрэбныя.

Маладая аграном-насеннявод адразу з галавою акунулася ў працу, на справе імкнулася праявіць усе свае тэарытычныя веды і практычныя навыкі, арганізатарскія здольнасці.

Цяпер Ілона Вянцкевіч сумесна з галоўным аграномам і брыгадзірамі паляводчых брыгад адказвае за вытворчасць і захоўванне зерневых і зернебабовых культур, рапсу, кукурузы, бульбы.

– Ілона ўжо трэці год запар працуе ў нашай гаспадарцы і з першых працоўных месяцаў паспела зарэкамендаваць сябе вельмі адказным і перспектыўным спецыялістам, – дзеліцца ўласнымі назіраннямі галоўны аграном КСУП “Хвінявічы” Аляксандр Навагран. – Карыстаецца аўтарытэтам сярод калег, з лёгкасцю з усімі знаходзіць агульную мову, да людзей адносіцца з павагай, што дапамагае ёй у рабоце. Я са свайго боку Ілоне поўнасцю давяраю, ведаю, не падвядзе.

Асноўная нагрузка па давядзенні насеннага матэрыялу да высокай якасці і належнага яго захоўвання выпадае на плечы агранома-насеннявода. Адказныя адносіны да справы, належным чынам пастаўленая работа дзяўчыны прыносяць добры плён.

Прыветлівая, адкрытая, з лёгкай усмешкай і пачуццём гумару, яна адразу прыцягвае да сябе. Разам з тым Ілона сціпла прызнаецца, што нічога асаблівага ў яе рабоце няма, проста неабходна кожную раніцу з добрым настроем прыступаць да працы. Гэтага звычайнага правіла дзяўчына прытрымліваецца з першага дня работы.

– Стараюся быць карыснай і на ўборцы, і на апрацоўцы, і на захоўванні збожжа. Набіраюся вопыту ў старэйшых механізатараў, больш спрактыкаваных спецыялістаў, і гэта дапамагае мне ў рабоце, – дзеліцца ўражаннямі Ілона. – Работа падабаецца, зарплата цалкам задавальняе. Тут я адчуваю сябе неабходнай, заўсёды на сваім месцы.

Калегі па працы адзначаюць актыўнасць дзяўчыны ў жыцці калектыву. З уласнай ініцыятывы прымае ўдзел Ілона ў раённых святах і спаборніцтвах, з  радасцю ўдзельнічае ў сельскіх мерапрыемствах, праяўляе творчыя і арганізатарскія здольнасці.

У вольны час, якога ў аграрыяў не вельмі шмат, Ілона Вянцкевіч займаецца арыгамі: ва ўласнай скарбонцы майстрыхі ўжо некалькі аўтарскіх работ.

У ходзе размовы Ілона прызнаецца, што плануе абзавесціся  ўласным жыллём, стварыць сям’ю. Як і любая маладая жанчына, марыць стаць матуляй.

У планах на бліжэйшы час – развіваць прафесійныя здольнасці, атрымаць другую вышэйшую адукацыю і авалодаць новай спецыяльнасцю.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ
Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *