Прайшло пасяджэнне Савета раённага аб’яднання прафсаюзаў (+відэа)

Галоўнае Грамадства

У раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці адбылося пасяджэнне Савета раённага аб’яднання прафсаюзаў, на якім падвялі вынікі работы за 2021 год і абмеркавалі мэты і задачы на бягучы год.

У ім прынялі ўдзел старшыні пярвічных прафсаюзных арганізацый, Аляксандр Бараноўскі, старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў, Леанід Адамоніс, намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аб’яднання прафасюзаў, Аляксандр Кішыла, інспектар галоўнага ўпраўлення арганізацыйнай і кадравай работы апарата Савета ФПБ, Ігар Кухарэвіч, намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта, старшыня раённай арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, Валерый Макарчык, старшыня Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў, Уладзімір Казак, старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, Вольга Бародзіч, старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў, Кацярына Хілімончык, першы сакратар раённай арганізацыі ГА “БРСМ”, Алена Васкель, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”.

З дакладам “Аб ходзе рэалізацыі мерапрыемстваў па выкананні Праграмы дзейнасці Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі на 2020-2025 гады ў 2021 годзе і разгляд рашэння V Пленума Савета ФПБ” выступіў старшыня Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Валерый Макарчык. Ён расказаў прысутным пра асноўныя падзеі і тэндэнцыі сёлетняй прафсаюзнай работы ў раёне ва ўсіх сферах жыцця працаўнікоў. Валерый Вячаслававіч нагадаў, што Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі была прынятая Дэкларацыя па падтрымцы рэферэндуму:

– Напярэдадні рэспубліканскага рэферэндуму па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь асаблівая ўвага надаецца ўдзелу прафсаюзаў у грамадска-палітычным мерапрыемстве. Прафсаюзы падтрымліваюць меркаванне працоўных калектываў аб тым, што Беларусь і далей павінна заставацца суверэннай, незалежнай і сацыяльна арыентаванай дзяржавай, таму ўдзел у рэферэндуме – грамадзянскі абавязак кожнага жыхара нашай краіны, кожнага члена прафсаюза.

Хачу павітаць на нашым Пленуме прадстаўнікоў канструктыўных грамадскіх арганізацый раёна: “Белая Русь”, “Беларускі саюз жанчын”, “БРСМ”. Разам мы прадстаўляем аснову беларускага грамадства. Мы аб’яднаем нашы намаганні на стабілізацыю грамадства і далейшае яго развіццё. Разам мы – сіла. Разам – за Беларусь!

Уладзімір Казак расказаў прысутным аб арганізацыі прафсаюзнай дзейнасці ў аграпрамысловым комплексе Дзятлаўшчыны.

Грамадскі інспектар па сувязях з грамадскасцю і рабоце са СМІ Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Алена Абрамчык асвяціла інфармацыйную работу раённага аб’яднання.

Наступным да прысутных звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі:

Абноўленая Канстытуцыя дазволіць нашай Беларусі падняцца на новы ўзровень развіцця, што, у канчатковым выніку, адлюструецца на нашым дабрабыце. У важны для краіны перыяд мы павінны аб’яднаць намаганні, данесці да кожнага беларуса праўдзівую інфармацыю пра гэту важную падзею.

У сваю чаргу прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў раёна аднадушна выступілі ў падтрымку дэкларацыі ФПБ і рашэння раённага аб’яднання прафсаюзаў далучыцца да ініцыятывы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў падтрымку рэферэндуму.

Аляксандр Кішыла падкрэсліў, што Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі на сённяшні дзень з’яўляецца самай вялікай грамадскай арганізацыяй у краіне, якая налічвае амаль 4 мільёны чалавек, а гэта вельмі вялікая сіла. Ён заклікаў прысутных прыняць актыўны ўдзел у рэферэндуме.

Напрыканцы пасяджэння Леанід Адамоніс падзякаваў кіраўніцтву раённага аб’яднання прафсаюзаў за актыўную работу, праведзеную ў 2021 годзе. Ён узнагародзіў прафсаюзным “Знакам Пашаны” Андрэя Жыдко, намесніка старшыні Дзятлаўскага райвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу, значны ўклад у развіццё і ўмацаванне сацыяльнага партнёрства, плённае супрацоўніцтва з прафсаюзнымі арганізацыямі раёна.

Прыемным сюрпрызам для гасцей мерапрыемства стаў невялікі канцэрт, які арганізаваў Цэнтр культуры і народнай творчасці.

Вольга ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: