Пачалося датэрміновае галасаванне

Важнае Грамадства

У Беларусі пачалося датэрміновае галасаванне на рэферэндуме па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю.

Карэспандэнтка газеты “Перамога” наведалася на Чырвонаармейскі ўчастак для галасавання № 10, які знаходзіцца ў сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава, дзе чакаюць галасаваць 1550 выбаршчыкаў.

У першы дзень датэрміновага галасавання, незадоўга да яго пачатку, як і належыць, тут апячаталі урну для галасавання.

Першай, хто прыйшоў на ўчастак у гэты дзень, была Інга Лаўрэнюк. Пасля таго, як яна апусціла свой бюлетэнь у урну, старшыня выбарчай камісіі Чырвонаармейскага ўчастка № 10 Людміла Канавалік падзякавала ёй за актыўную грамадзянскую пазіцыю і ўручыла маленькі падарунак.

На пытанне, чаму прыйшла галасаваць на рэферэндуме датэрмінова і ці актыўны яна грамадзянін, Інга Лаўрэнюк адказала:

– Знаходжуся з малодшым дзіцём на бальнічным, вось і падумала: раптам не атрымаецца прагаласаваць у дзень рэферэндуму. Паколькі з унучкай якраз змагла пабыць бабуля, я скарысталася зручным момантам і прыйшла на ўчастак у першы дзень датэрміновага галасавання, тым больш, што ў працоўным калектыве нам загадзя патлумачылі, калі гэта можна зрабіць.

Лічу сябе актыўным выбаршчыкам. Беларусь – гэта наша краіна, яе будучыню мы ствараем самі і самі вырашаем, якой яна будзе для нас і дзяцей.

Датэрміновае галасаванне праходзіць з 22 па 26 лютага. Загадзя могуць галасаваць выбаршчыкі, якія не змогуць зрабіць гэтага ў асноўны дзень рэферэндуму 27 лютага, прычым афіцыйнага пацвярджэння прычыны не патрабуецца. У дні датэрміновага галасавання ўчасткі адкрыты з 10 да 14 і з 16 да 19 гадзін.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: