Сімвалічнай падзеяй раённага мерапрыемства па ўшанаванні памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў 15 лютага стала адкрыццё на будынку Новаяльнянскай сярэдняй школы мемарыяльнай дошкі воіну-афганцу Аляксандру Шылаву, які 40 гадоў таму загінуў пры выкананні баявога задання ў Афганістане.
– Сёння чарговы дзень памяці і смутку, перш за ўсё, аб тых, хто не вярнуўся з афганскай вайны, – звярнуўся да прысутных кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі. – Вельмі дарагую цану, парадка 15 тысяч жыццяў, аддалі за мір у Афганістане савецкія салдаты. Не абышла бяда і Дзятлаўшчыну. Першая жалобная вестка аб гібелі жыхара Наваельні, Аляксандра Шылава, прыйшла ў сакавіку 1982 года, другая прыляцела літаральна праз год у Дварэц, калі загінуў Дзмітрый Лазовік. Сімвалічна, што менавіта цяпер мы адкрываем дошку памяці воіна-інтэрнацыяналіста: сёлета Аляксандру Шылаву павінна было споўніцца 60 гадоў і 40 гадоў мінула з дня яго гібелі. Захаванне і ўшанаванне памяці загінулых скіравана перш за ўсё на тое, каб падобныя ракавыя падзеі з цяжкімі наступствамі ніколі не паўтарыліся.
Напрыканцы свайго выступлення Андрэй Уладзіміравіч падзякаваў педагогам і навучэнцам Новаяльнянскай сярэдняй школы за пошукавую работу і дастойны клопат аб памяці землякоў, а таксама аб’явіў хвіліну маўчання ў гонар тых, каму не давялося вярнуцца жывымі з Афганскай вайны.
– Сёння па ўсёй Беларусі адзначаецца чарговая дата вываду савецкіх войск з Афганістана, – прадоўжыў эстафету выступленняў ваенны камісар Генадзь Суравец. – На жаль, да гэтага шчаслівага часу не дажыў наш зямляк, ваш выпускнік – Аляксандр Шылаў, які памёр ад атрыманага пры выкананні баявога задання ранення.
Воінам-інтэрнацыяналістам жадаю міра і дабра, каб іх справы заўсёды былі скіраваны на карысць нашай Радзімы. Вечная памяць загінулым.
Не менш шчырым і пранікнёным атрымалася выступленне дырэктара Новаяльнянскай сярэдняй школы Марыны Лашкоўскай:
– Вельмі кароткім было жыццё Аляксандра Шылава, ён быў выдатным воінам, палымяным патрыётам, жыццё аддаў за вернасць прысязе. Чатыры дзесяцігоддзі мінула, але памяць пра яго жыве: школьная піянерская дружына носіць яго імя, у музеі “Дзеці ліхалецця” аформлена экспазіцыя, мы штогод праводзім валейбольныя турніры памяці воінаў-афганцаў, навучэнцы пішуць сачыненні, прысвячаюць ім вершы, сённяшняя акцыя прымеркавана да адкрыцця мемарыяльнай дошкі. Пакуль жыве памяць, імёны не губляюцца, а ўчынкі з’яўляюцца для нас прыкладам вернасці, мужнасці, служэння Радзіме. Дзякую нераўнадушным землякам за гэту сустрэчу і дзякую за памяць.
Мемарыяльную дошку Аляксандру Шылаву адкрылі Андрэй Садоўскі і Генадзь Суравец. Яны і прысутныя прадстаўнікі ўлады, педкалектыў, навучэнцы школы, воіны-афганцы, землякі і былыя аднакласнікі загінулага ўсклалі кветкі ў памяць аб героі. Як Вечны агонь запалымнелі каля памятнай дошкі гваздзікі. Урачыстую справаздачу аб сваіх патрыятычных справах каля новага мемарыяла трымалі піянеры дружыны імя Аляксандра Шылава. Напрыканцы ўсе госці ўрачыстасці былі запрошаны ў школьны музей “Дзеці ліхалецця”, дзе яго кіраўнік Тамара Крывеня расказала аб новых тэматычных экспазіцыях і апошніх дасягненнях у краязнаўча-пошукавай рабоце.
Вахта памяці з удзелам ваеннага камісара Дзятлаўскага раёна Генадзя Сураўца і воінаў-інтэрнацыяналістаў па традыцыі прадоўжылася на Новаяльнянскіх і Дварэцкіх могілках, дзе аб загінулых і памерлых воінах-афганцах адслужылі малебен, усклалі вянкі на магілы.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga