Раённым аддзелам Следчага камітэта расследуецца крымінальная справа аб нанясенні цяжкіх цялесных пашкоджанняў.
Абвінавачваецца жыхар раёна, які раней ужо быў судзімы за злачынства, учыненае ў стане алкагольнага ап’янення. Мужчына так і не засвоіў простую ісціну: гарэлка – сябар, які заўсёды падводзіць.
На гэты раз падзеі зноў развіваліся па “класічным сцэнарыі”. Разам са сваёй ахвярай агрэсар ужываў моцныя напоі, праз пэўны час паміж “падагрэтымі” алкаголем мужчынамі разгарэлася сварка. У прыступе злосці адзін з іх схапіўся за нож, другі з цяжкім раненнем трапіў на бальнічны ложак.
За падобнае супрацьпраўнае дзеянне прадугледжана пакаранне – да 8 гадоў пазбаўлення волі.
Чаму людзям сябе не шкада?
Ажыццяўляецца расследаванне па яшчэ адной крымінальнай справе, узбуджанай на грамадзян Л. і Б. Мужчыны для сумеснага ўжывання незаконна набылі і захоўвалі пры сабе асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва.
Як сведчаць аператыўныя факты, ужыванне наркатычных і псіхатропных сродкаў – прамая дарога да цяжкіх захворванняў, а часам яна вядзе адразу “на той свет”. З гэтай прычыны заканадаўства прадугледжвае самыя сур’ёзныя пакаранні за набыццё, захоўванне, перавозку і збыт падобных рэчываў. На жаль, некаторым людзям сябе не шкада: яны не толькі не цэняць уласнага здароўя, але і грэбуюць жыццём на волі.
А варта ведаць і памятаць, што антынаркатычныя артыкулы Крымінальнага кодэкса нашай краіны прадугледжваюць строгую адказнасць за падобныя праступкі – пазбаўленне волі да 20 гадоў, а пры гібелі чалавека ад ужывання наркотыкаў – да 25 гадоў.
Андрэй ЛАЗУТА,
старшы следчы раённага аддзела Следчага камітэта
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga