Беларусь маладая. Ад Аляксандра Вініцкага да Макса Каржа

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Так характарызуе рэпертуар любімых песень і мелодый, якія выконвае на гітары, наша юная зямлячка Аліцыя Харэвіч.

Жыхары Дзятлаўшчыны ведаюць Аліцыю па яе выступленнях на гарадской сцэне, дзе дзяўчына ні раз іграла дуэтам са сваім настаўнікам па класе гітары Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў Андрэем Цыгелем. Яшчэ Аліцыя прыгожа спявае і з’яўляецца салісткай вакальнай групы “Арэал”, што функцыянуе пад кіраўніцтвам Валянціна Палухіна ў сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава, дзе вучыцца дзяўчына.

У творчай скарбонцы юнай гітарысткі шмат узнагародаў за конкурсы рознага узроўню. Так, у ліку нядаўніх дасягненняў Аліцыі два дыпломы другой ступені за мінулагоднія выступленні – на рэгіянальным конкурсе “Пяе над Шчараю гітара” і на Міжнародным конкурсе выканаўчага мастацтва “Восеньскі зорапад”, а выхад на сцэну леташняга рэспубліканскага фестывалю-конкурсу дзіцячага мастацтва “ЛьВенок” прынёс нашай зямлячцы не толькі дыплом першай ступені, але і прэмію спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, як актыўнай удзельніцы мастацка-творчых мерапрыемстваў.

Дарогу да поспехаў Аліцыі Харэвіч адкрыла яе матуля Наталля Мікалаеўна, якая шэсць гадоў таму пацікавілася ў дачкі, ці не жадае яна займацца ў Дзятлаўскай дзіцячай школе мастацтваў, якую на той час па класе фартэпіяна ўжо наведвала старэйшая сястра дзяўчынкі. Аліцыя выказалася “за” і разам з мамай вырашыла, што асвойваць будзе менавіта гітару. А ў школе мастацтваў дзяўчынцы пашанцавала сустрэцца з настаўнікам, які заўважыў і развіў яе музычныя здольнасці.

– З кемлівымі вучнямі працаваць адно задавальненне, – разважае настаўнік Аліцыі Андрэй Цыгель. – Здаецца, што аддаеш ім не толькі шмат творчай энергіі, але і частачку сваёй душы, пры гэтым ведаеш, што ўсе твае намаганні будуць кампенсаваны станоўчымі эмоцыямі ад выдатных выступленняў і перамогаў на конкурсах. У выніку гэта яшчэ больш матывуе і натхняе на новую творчасць. Радуе, што ў класе адчуваецца падтрымка і пераемнасць: Аліцыя Харэвіч, якая займаецца шэсць гадоў на гітары, з’яўляецца прыкладам для Дзяніса Гуговіча: ён толькі другі год асвойвае гэты інструмент. Перад конкурснымі выступленнямі, на якія юныя гітарысты нярэдка ездзяць разам, Аліцыя маральна падтрымлівае Дзяніса, дае парады. Найвялікшая радасць, калі абодва яны вяртаюцца з узнагародамі.

– Я не баюся сцэны, прысутнасці журы, поўнай залы гледачоў, – расказвае Аліцыя Харэвіч, – наадварот, усё гэта натхняе мяне і спрыяе паспяховаму выступленню. У такія моманты не проста прымушаю гучаць сваю гітару, а акунаюся ў свет чароўных гукаў, нібыта дыхаю музыкай. Падобныя выступленні, як правіла, атрымліваюцца ў мяне лепшымі, чым рэпетыцыі, таму і заваёўваю ўзнагароды.

З музыкай і ў далейшым планую не раставацца, а паступаць у Гродзенскі дзяржаўны музычны каледж на класічную гітару. Як мінімум стану выкладчыцай, а калі пашанцуе больш, то буду паступаць вышэй, пастараюся стаць артысткай.

Мой настаўнік Андрэй Яўгенавіч часта паўтарае, што гітара заўсёды запатрабавана, з гэтым інструментам не складана знайсці работу, ён мабільны, перспектыўны, модны. І сапраўды, гітара ўжо ні раз была маёй спадарожніцай ў школьных паходах, стараюся захапіць яе з сабой і пры сустрэчах з сябрамі. Праўда, у моладзевай кампаніі запатрабавана не класіка, а попмузыка. Таму падбіраю акорды пераважна пад Макса Каржа. А вось сярод маіх любімых аўтараў класічных твораў – Аляксандр Вініцкі. Яго джазавыя кампазіцыі “Выпадак у лесе” і “Цікаўны” не раз прыносілі мне поспех і апладысменты слухачоў.

У ліку захапленняў Аліцыі Харэвіч ёсць даволі нечаканае для дзяўчынкі, якая “сябруе” з класічнай музыкай, – гэта футбол. У склад зборнай каманды дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы гітарыстка трапіла выпадкова, калі на адным з заняткаў фізкультурай яе заўважылі трэнеры. Цяпер разам з яшчэ дзвюма аднакласніцамі Аліцыя ганяе мяч і выступае за наш раён на дзявочых футбольных спаборніцтвах, якія набіраюць усё большую папулярнасць.

– Мае равеснікі шмат часу бавяць з мабільнымі тэлефонамі, мала рухаюцца і, як вынік, – часцей хварэюць, – разважае Аліцыя. – Я так не хачу, тым больш, што фізічныя нагрузкі дапамагаюць “скінуць” напружанасць, павышаюць настрой. Спадзяюся, заняткі спортам дапамогуць мне быць у тонусе, а гэта неабходна, калі ставіш перад сабой мэты і ідзеш да іх. Напрыклад, я мару стаць значным чалавекам, каб мяне заўважалі. Хачу развівацца як музыкант, выступаць на канцэртах, дарыць людзям радасць і добры настрой.

Мяркую ў Аліцыі Харэвіч усё павінна атрымацца, бо і сёлетні год яна пачала з паспяховага выступлення на рэгіянальным конкурсе “Гітарны Алімп” у горадзе Ліда, дзе стала “бронзавай” прызёркай. Наперадзе – чарговы ўдзел у рэспубліканскім фестывалі-конкурсе дзіцячага мастацтва “ЛьВенок”. Будзем спадзявацца, што ён стане не менш паспяховым, чым мінулагодні і наша юная зямлячка паднімецца яшчэ на адну прыступку бліжэй да сваёй мары стаць артысткай.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup