Без грыфа “сакрэтна”

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Як Міхаіл Лук’янчык адкрывае таямніцы Дзятлаўшчыны?

Памяць беларускага народа ў надзейных руках, пакуль краязнаўча-пошукавымі работамі займаюцца такія самаадданыя энтузіясты як дзятлаўчанін Міхаіл Лук’янчык.

Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец уручыў Міхаілу Іванавічу заслужаную ўзнагароду – грамату рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” за вялікі ўклад у патрыятычнае выхаванне грамадзян і актыўную работу па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў вайны.

– У Беларусі шмат увагі надавалася і будзе надавацца гэтай тэме, нездарма 2022 год аб’яўлены Годам гістарычнай памяці, – зазначыў Генадзь Суравец. – Вялікай павагай карыстаюцца людзі, якія займаюцца пошукавай работай, нярэдка, ахвяруючы ўласнымі інтарэсамі і часам. Безумоўна, з дня заканчэння Вялікай Айчыннай вайны мінула амаль восем дзесяцігоддзяў, але цікавыя і важныя знаходкі прадаўжаюць трапляцца. Адным з энтузіястаў, які на Дзятлаўшчыне вядзе інтэнсіўныя краязнаўчыя пошукі і займаецца ўвекавечаннем імёнаў абаронцаў Айчыны і ахвяраў вайны, з’яўляецца Міхаіл Лук’янчык. На працягу апошніх сямі гадоў пад яго аўтарствам у раённай газеце “Перамога” выйшлі дзясяткі тэматычных артыкулаў. Яны спрыяюць ваенна-патрыятычнаму выхаванню моладзі. На прыкладах жыццёвых гісторый землякоў, дзядоў, прадзедаў падрастаючае пакаленне пачынае разумець, што такое вайна і якія жахі яна нясе людзям.

У сваю чаргу Міхаіл Лук’янчык падзякаваў Генадзю Тадэвушавічу і калектыву ваеннага камісарыята за высокую ацэнку работы, плённае супрацоўніцтва і магчымасць карыстацца архіўнымі дакументамі. Асобнае “дзякуй” адрасаваў чалавеку, з якім наладжаны самы цесны кантакт – вядучаму спецыялісту ваеннага камісарыята Валянціну Абухаву, які таксама з’яўляецца старшынёй Дзятлаўскай раённай арганізацыі “ГА “Беларускі саюз афіцэраў”.

Міхаіл Лук’янчык згадзіўся адказаць на некалькі пытанняў і для раённай газеты.

– Што падштурхнула вас заняцца краязнаўча-пошукавай дзейнасцю?

– У 2015 годзе, калі працаваў у Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі, меў магчымасць знаёміцца са зместам архіўных матэрыялаў, тады і звярнуў увагу на тое, што застаецца шмат нявывучаных пытанняў па тэме Вялікай Айчыннай вайны – гэта першае. Другое – лёс бацькоў, па якім “чорнай паласой” прайшлі паўтара года знаходжання на рабскіх работах у Германіі. У гады вайны загінуў і старэйшы матулін брат (па пэўных звестках быў спалены ў Асвенцыме). Другі брат геройскі аддаў жыццё, ваюючы ў адным з партызанскіх атрадаў Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці. Капнуў глыбей, аказалася, што мой дзед – удзельнік штурма Зімняга палаца, грамадзянскай вайны, ваяваў у партызанах да сярэдзіны 1944 года. Стала вельмі цікава даведацца і пра лёсы жыхароў Дзятлаўшчыны ў часы ваеннага ліхалецця. “Пацягнуў за нітачку”, і асабліва плённым атрымалася супрацоўніцтва з Валянцінам Аляксеевічам Абухавым, без чыйго садзейнічання, доступу да архіўных даных і матэрыялаў Міністэрства абароны, многае не атрымалася б. Яшчэ адна крыніца гістарычнай інфармацыі – мясцовыя доўгажыхары, іх дзеці, унукі, якія з пакалення ў пакаленне перадаюць успаміны. Так, я займаюся той справай, якая для мяне цікавая.

– Ці памятаеце сваю першую работу?

– У кнізе “Памяць. Дзятлаўскі раён” прачытаў радкі аб Пятру Васільевічу Шавелі: “Забіты бандытамі на тэрыторыі раёна”. Зацікавіўся, пачаў пошукі. Дзякуючы раённаму аддзелу міліцыі, выйшаў на Брэсцкае абласное ўпраўленне ўнутраных спраў, у выніку чаго на свет з’явіўся адзін з першых артыкулаў “Загінуў за савецкую ўладу”.

Гатовыя работы я аддаю ў раённую газету “Перамога”, пад большасцю з іх ёсць подпіс: “Калі вам што-небудзь вядома, тэлефануйце”. Пасля публікацый мне сапраўды паступаюць званкі, якія ўдакладняюць інфармацыю або накіроўваюць на новыя пошукі.

– Колькі кніг і артыкулаў выйшла пад вашым аўтарствам?

– Першым было сямейнае выданне “Міхасёвы падарожжы”, затым кароткія публікацыі, аднак большасць маіх работ надрукавана ў аўтарскіх зборніках – “Мая Дзятлаўшчына: для жыцця на зямлі” (2020 г.), “Свой след на зямлі” (2021 г.). Цяпер падрыхтаваны праект трэцяй кнігі, якая павінна аб’яднаць пад сваёй вокладкай каля 50 артыкулаў, мяркуемая назва – “Памяць, мацнейшая за полымя”. Калі ўсё атрымаецца, выданне пабачыць свет вясной. Што тычыцца назвы, то на выбар паўплывала трагедыя ў Курпяшах, дзе ворагамі ў гады ваеннага ліхалецця былі спалены 298 вязняў дзятлаўскай турмы (лічба можа быць не канчатковай). Пасля публікацыі аднайменнага артыкула ў раёнцы, да Валянціна Абухава звярнулася лідчанка, якая расказала шмат раней невядомай інфармацыі. У будучым зборніку з’явіцца і новы раздзел “Прафесія – абаронца Радзімы”, які пакладзе пачатак цыклу біяграфій вайскоўцаў.

– У якім кірунку развіваецеся далей?

– Для сябе арганізаваў і папаўняю дамашнюю выставу “Зроблена ў СССР”, куды ўвайшлі рэчы савецкага побыту. Займаюся пошукамі інфармацыі пра месца прымусовага ўтрымання насельніцтва ў гады вайны ва ўрочышчы Жыбартоўшчына, планую сустрэцца з дачкой партызана з вёскі Дубароўшчына і многае іншае.

– Якое значэнне для вас мае пошукавая работа?

– Калі я расказаў пра чалавека, які ваяваў на фронце, быў у партызанах, калі яго родныя, сябры, знаёмыя засталіся задаволенымі, аднавілі яго вобраз у сваёй памяці, я атрымліваю вялікае маральнае задавальненне. Сваю трэцюю кнігу збіраюся прысвяціць памяці маіх родных і блізкіх, якія перажылі жахі Вялікай Айчыннай вайны.

– Чаго пажадаеце землякам?

– Каб не толькі ў Год гістарычнай памяці тыя, каму дарагі лёс родных, блізкіх, занёмых, ведалі і памяталі пра іх, і каб эстафета памяці прадаўжалася.

Ірына СТЫРНІК

Даведка

За час супрацоўніцтва з ваенным камісарыятам Дзятлаўскага раёна з кастрычніка 2015 года Міхаіл Лук’янчык сабраў і прадаставіў наступную інфармацыю:

– аб месцах пахавання чырвонаармейцаў і партызан (аформлена 6 інфармацыйных лістоў);

– аб магчымых месцах знаходжання ваеннай тэхнікі (4 месцы, дзе праводзілася работа сіламі пошукавай групы Дабрачыннага фонду дапамогі воінам-інтэрнацыяналістам “Памяць Афгана” “Лініі Сталіна”);

– аб мірных жыхарах, расстраляных і спаленых нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў час акупацыі (Клішавічы, Вялікая Воля, Дубраўка, Навасёлкі, Гута, Дубароўшчына, урочышча Цагельня, Жыбарты, Казлоўшчына). Аформлены 2 пашпарты пахаванняў, рыхтуецца яшчэ адзін;

– з яго дапамогай устаноўлена месца знаходжання шпіталя Ленінскай партызанскай брыгады, пракладзены турыстычны маршрут па партызанскіх мясцінах Ліпічанскай пушчы;

– свае даследаванні, размовы са сведкамі краязнаўца адлюстраваў у 47 артыкулах, прысвечаных падзеям і апісанням лёсаў удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, вайны ў Афганістане, афіцэраў пасляваенных гадоў.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga