Абарона Радзімы – справа сапраўдных мужчын

Грамадства Свежыя навіны

Пра тое, як служыцца нашым землякам ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, не адзін раз друкавалася на старонках газеты “Перамога”.

Прадоўжым добрую традыцыю. Герой гэтай публікацыі – гвардыі радавы Яраслаў Дабрук, які служыць у горадзе Слоніме ў 11-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгадзе ў інжынерна-сапёрным батальёне.

Нарадзіўся і вырас Яраслаў у аграгарадку Круцілавічы. З ранняга дзяцінства яго цікавіла тэхніка, таму, пасля заканчэння мясцовай сярэдняй школы, ён не задумваючыся вырашыў паступаць у Жыровіцкі аграрна-тэхнічны каледж на спецыяльнасць “тэхнік-механік”. Пасля яго заканчэння на дасягнутым не спыніўся – вырашыў яшчэ больш паглыбіць свае веды па спецыяльнасці і паступіў у БНТУ на спецыяльнасць “інжынер-механік”.

Калі надышоў час выконваць свой воінскі абавязак, Яраслаў узяў акадэмічны водпуск ва ўніверсітэце і акунуўся ў армейскія будні.

Служба ў арміі юнака не палохала, бо ведаў, што трапіць у знаёмае яму злучэнне, бо ў час вучобы ў каледжы са сваімі аднакурснікамі часта наведвалі механізаваную брыгаду ў Слоніме, дзе праходзілі заняткі па дапрызыўнай падрыхтоўцы. Шмат з армейскага жыцця яму расказаў і старэйшы брат Аляксандр, які сам нядаўна дастойна выконваў свой воінскі абавязак.

Яраслаў хутка асвоіў ваенную спецыяльнасць, дасканала авалодаў даручанай зброяй і тэхнікай, не раз паспеў праявіць сябе і на кантрольных занятках, і на палявых выхадах. Яго саслужыўцы адзначаюць, што заўсёды могуць разлічваць на дапамогу юнака і словам, і справай.

З першых дзён службы Яраслава Дабрука адрознівалі дысцыплінаванасць, добрасумленнасць і адказнасць за даручаную справу. Па выніках кантрольных заняткаў па баявой падрыхтоўцы гвардзеец атрымлівае толькі добрыя і выдатныя адзнакі.

– За час службы ў арміі я перагледзеў свае жыццёвыя каштоўнасці. Памянялася маё стаўленне да сваёй сям’і, стаў больш сур’ёзны, – распавёў Яраслаў.

У арміі заўсёды ёсць час для самаадукацыі і хобі. У вольны час юнак наведвае спартыўную залу і бібліятэку. Асаблівае месца ў жыцці Яраслава займае аўтамабільная тэхніка. Ён вельмі любіць рамантаваць механічныя транспартныя сродкі, а пераняў ён гэтыя навыкі ад бацькі і дзядулі.

– Цяпер чытаю шмат літаратуры і ўдасканальваю свае веды па тэме аўтамабіляў на камп’ютарным блоку кіравання. Пасля службы планую давучыцца і пачаць працаваць па спецыяльнасці, – дзеліцца хлопец.

Дома маладога байца з нецярпеннем чакаюць бацькі – Уладзімір Сцяпанавіч і Алена Арсеньеўна.

– Прыйшоўшы дадому, у першую чаргу, сустрэнуся са сваімі роднымі і блізкімі. Для мамы абавязкова зраблю сюрпрыз, – прызнаўся Яраслаў.

Зусім хутка гвардыі радавы Яраслаў Дабрук пераступіць вароты КПП і вернецца на малую радзіму мужным, моцным, сапраўдным мужчынам і абаронцам Айчыны. Абарона Радзімы – справа для сапраўдных мужчын, якая патрабуе высокага прафесіяналізму і стойкасці духу.

Кацярына ЯНУШЭВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: