Прадаўжаюцца грамадскія абмеркаванні праекта Канстытуцыі.
Аб змяненнях і дапаўненнях – дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Нёманскай выбарчай акрузе № 56 Уладзімір Сіняк:
– Праект Канстытуцыі, у першую чаргу, адлюстроўвае патрабаванні часу. На мой погляд, гэта той Асноўны Закон, які дазволіць нашай дзяржаве захаваць стабільнасць, суверэнітэт, справіцца з усімі сучаснымі выклікамі і паступальна развівацца далей.
Абмяркоўваючы з працоўнымі калектывамі змяненні і дапаўненні, я бачу разуменне і вялікую зацікаўленасць з боку нашых грамадзян у неабходнасці новай Канстытуцыі, якая адказвае сучасным патрабаванням.
У праекце – рад новаўвядзенняў, аднак асноўны яго пасыл у тым, што Канстытуцыя для народа, для беларусаў, і ўсе нормы прапісаны для таго, каб вызначыць, як мы будзем развівацца далей. Свет не стаіць на месцы, ён імкліва мяняецца, зразумела, што трэба адпавядаць рэаліям – адпаведных навел у праекце шмат. Ён базіруецца на лепшых традыцыях дзеючай Канстытуцыі, безумоўна, захоўваюцца асноўныя палажэнні: Беларусь застаецца сацыяльна арыентаванай дзяржавай, павялічваецца колькасць гарантый для насельніцтва.
Праект знаходзіцца ў свабодным доступе, і кожны грамадзянін, у якога ёсць свая кропка гледжання, сваё меркаванне, можа выказацца. Усе мы розныя, але павінны быць адзінымі ў тым, што Беларусь – наша краіна, суверэнная, незалежная дзяржава, і толькі ад нас залежыць яе лёс, толькі мы маем магчымасць і права прымаць рашэнні, ад якіх будзе залежаць будучыня і нашай рэспублікі, і нас, як яе грамадзян, і нашых дзяцей.
Спынюся на яшчэ адным моманце, які знайшоў адлюстраванне ў праекце Канстытуцыі. Гэта тое, што грамадзяне могуць аб’ядноўвацца ў палітычныя партыі па тых ці іншых інтарэсах. Што яшчэ раз пацвярджае: вуліца – не месца для абмеркавання і выказвання сваіх поглядаў. Партыя аб’ядноўвае аднадумцаў, разам яны пачынаюць барацьбу за месца ў Парламенце, выказваючы сваю пазіцыю ў вызначанай плоскасці. У далейшым, калі народ падтрымае гэту пазіцыю, то ён за іх прагаласуе. Гэта значыць, любыя праблемы, у тым ліку палітычнай скіраванасці, можна і неабходна вырашаць у рамках прававога поля, пры гэтым Беларусь застаецца сацыяльна арыентаванай дзяржавай.
Важны момант – замацаванне статуса Усебеларускага народнага сходу як органа народаўладдзя. УНС дазволіць нам дэталёва абмяркоўваць узаемаадносіны паміж рознымі сацыяльнымі слаямі і групамі, тым самым выпрацоўваючы вельмі важны баланс у грамадстве, баланс інтарэсаў розных сацыяльных груп, фактычна ствараючы ў пэўнай ступені палітычную гармонію і згуртаванне беларускай палітычнай нацыі ў цэлым.
2022 год аб’яўлены ў нашай краіне Годам гістарычнай памяці. Лічу, што праяўленне патрыятызму і захаванне памяці аб гераічным мінулым беларускага народа з’яўляюцца абавязкам кожнага грамадзяніна нашай рэспублікі, адметна, што гэта знайшло сваё адлюстраванне ў артыкуле 54 праекта Асноўнага Закона.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga