Сакрэты “Чароўнай іголачкі” ад Валянціны Баландзінай

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Весела “стракоча” швейная машынка, на паліцах утульнага пакоя красуюцца рознакаляровыя тэкстыльныя мяккія цацкі, чайнікі-грэлкі, касметычкі, сурвэткі, прыхваткі, іншыя рукатворныя вырабы, якія могуць упрыгожыць інтэр’ер любога дома.

Усё гэта – плён працы сацыяльнай работніцы па аказанні платных швейных паслуг, кіраўніка гуртка для людзей з абмежаванымі магчымасцямі “Чароўная іголачка” Валянціны Баландзінай і яе выхаванцаў.

Сёлета споўнілася 10 гадоў, як Валянціна Антоўнаўна працуе ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, крыху менш складае стаж яе работы ў якасці кіраўніка гуртка “Чароўная іголачка”, створанага на базе аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык”. Цяпер аб’яднанне па інтарэсах наведваюць 11 аматараў ствараць прыгажосць са звычайных кавалачкаў тканіны.

– Яны такія розныя, але ўсіх аб’ядноўвае адна любімая справа – шыццё, – расказвае пра агульнае захапленне Валянціна Баландзіна.

Будні майстрыхі распісаны па гадзінах: з 8 да 12 яна прымае і выконвае платныя заказы па рамонце і пашыве тэкстыльных вырабаў для інвалідаў І і ІІ груп і пенсіянераў. Многія дзятлаўчане ўжо сталі пастаяннымі кліентамі Валянціны, выдатна ведаюць, што яна пастараецца максімальна дакладна і вельмі якасна выканаць усе іх просьбы і пажаданні, а таму, калі трэба падшыць ці адрамантаваць любімую рэч, або справіць абноўку да свята – спяшаюцца па знаёмым адрасе: горад Дзятлава, вуліца Кастрычніцкая, 56.

Другая палова рабочага дня швачкі, як сцвярджае яна сама, прысвячаецца творчасці, а менавіта – рабоце з асаблівымі гурткоўцамі.

– Мне вельмі падабаецца з імі займацца, – прызнаецца майстрыха, – хаця спецыяльных ведаў для гэтага я не атрымлівала, усё склалася на інтуітыўным узроўні. Проста бачу, як наведвальнікам хочацца шыць, як яны стараюцца, як паступова развіваюць тыя навыкі, якія па першым часе ім былі проста недаступныя. Так дзень за днём іх сцяжкі становяцца ўсё больш роўнымі, а вырабы – прывабнымі і якаснымі.

Нават не верыцца, што ў свой час некаторыя гурткоўцы не ўмелі завесці нітку ў іголку, прышыць гузік. Цяпер толькі радуюся, гледзячы на Іуліанію Шах, Ульяну Лукашэню, Анжэлу Абярухціну, Аляксандра Калодку, Таццяну Уласевіч – маіх актыўных памочнікаў і вучняў, вялікія надзеі падае наш “навічок” Кірыл Курыловіч, у якога проста “залатыя рукі”. Для сваіх тэкстыльных твораў мы часцей выбіраем шчыльныя тканіны – бавоўну і джынс (з імі лягчэй працаваць), аддаём перавагу яркім колерам, якія нават за работай дораць нам добры настрой, а ў гатовым выглядзе прадаўжаюць прыцягваць позіркі і радаваць вока.

Калі слухаеш аповед Валянціны Антонаўны, на першы погляд здаецца, што ў “Чароўнай іголачцы” пануе поўная ідылія, аднак мала хто сабе ўяўляе колькі за гэтым стаіць самаадданай працы і цярпення кіраўніка. Сотні разоў Валянціне Баландзінай даводзіцца паўтараць вучням яе “класічныя” фразы: “Ты зможаш! У цябе абавязкова атрымаецца! Вер у свае сілы! Старайся!”.

– Калі я была маленькай, часта за рукадзеллем бачыла сваю бабулю Марыю Канстанцінаўну Вайткон, якая была памочніцай вясковай швачкі, – расказвае пра свой шлях у прафесію Валянціна Баландзіна. – Бабуля ўручную шыла і вышывала, а побач з ёю любіла прысесці і я, набраць абрэзкаў тканіны і практыкавацца ў стварэнні сваіх дзіцячых “шэдэўраў”.

Кажуць, што талент перадаецца праз пакаленне, вось і да мяне беспаваротна прыйшла любоў працаваць з тэкстылем і старэнькая бабуліна швейная машынка, таму ў якасці будучай спецыяльнасці я выбрала “швачка-матарыстка па вырабе жаночых сукенак і дзіцячага аддзення”, якую атрымала ў ранейшым Гродзенскім вучылішчы тэкстыльшчыкаў № 120. Праз усё жыццё “нясу” і бабуліну мудрасць наконт швейнага рамяства: “Лепш павольна, але якасна”, ёю і дзялюся са сваімі гурткоўцамі.

Руплівасць, уседлівасць, пастаянны творчы пошук дапамагаюць майстрысе і яе выхаванцам дабівацца высокіх вынікаў. Рукамі Валянціны Антонаўны і наведвальнікаў “Чароўнай іголачкі” сумесна з гуртком “Сувенір” пад кіраўніцтвам Валянціны Саламевіч была створана ні адна выставачная калекцыя вырабаў. Многія з іх распрацоўваліся да Вялікадня, 8 Сакавіка, Дня святога Валянціна, Дня інвалідаў – былі прадстаўлены на базе аддзялення і ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Некаторыя сталі шырока вядомымі за межамі Дзятлаўшчыны, бо рыхтаваліся да пэўных мерапрыемстваў. Напрыклад, лялькі для экспазіцыі і нацыянальныя строі для танцавальнага нумара, які харэаграфічны калектыў аддзялення “Выпадковае знаёмства” рыхтаваў для абласнога фестывалю творчасці інвалідаў “Калі мы разам – мы мацнейшыя”.

Лаўры пераможцы за дэкаратыўна-прыкладную творчасць і дыплом першай ступені дастаўся сумеснай калекцыі “Джынсавая фантазія” на пляцоўцы ўсім вядомага Міжнароднага фестывалю творчасці інвалідаў “Віцебск-2018”.

Гэта далёка не ўсе набыткі наведвальнікаў “Чароўнай іголачкі”, і галоўнымі з іх, як тут лічаць, з’яўляюцца нават не высокія ўзнагароды, а цёплыя стасункі, сяброўства, пошук новых цікавых ідэй і той творчы запал, якія пануюць на занятках гуртка.

Дома пасля работы Валянціна Баландзіна прадаўжае дарыць радасць і абноўкі ўжо сваім блізкім – сыну Сяргею, дачцэ Аксане, унучцы Ангеліне і маленькаму ўнуку Уладзіславу. Курткі, сукенкі, школьнае адзенне, чаго толькі не шые яна, каб зрабіць прыемнае родным людзям. Яшчэ любіць вязаць на спіцах, чытаць класіку, а ў сезон – завіхацца на агародзе і ў кветніку, даспадобы ёй падарожжы, наведванне музеяў і новыя ўражанні, але на іх, на жаль, не заўсёды хапае часу.

Невычэрпнай энергіі, бадзёрасці духу, творчых сіл Валянціне Баландзінай зычаць яе выхаванцы, якія з задавальненнем падзяліліся ўражаннямі ад наведвання “Чароўнай іголачкі”.

Кірыл Курыловіч:

– У аб’яднанні я навічок – запісаўся два месяцы таму, але на занятках вельмі падабаецца. Ужо навучыўся шыць прыхваткі і ёлачку, дзве рукавіцы-прыхваткі падарыў на Новы год свайму дзядзьку, ён быў задаволены, што асвойваю карыснае рамяство. Натрэніраваўся шыць дэкаратыўна-абмётачным сцяжком, выразаць дэталі для будучых вырабаў, стараюся не адставаць ад пастаянных наведвальнікаў. Вельмі ўдзячны Валянціне Антонаўне, жадаю ёй моцнага здароўя, каб вучыла нас з сябрамі новаму і цікаваму, бо ў далейшых планах аб’яднання – шыць мяккія цацкі-падарункі да Дня святога Валянціна.

Анжэла Абярухціна:

– Я ў гуртку некалькі гадоў і вельмі рада, што ён існуе. Калі прыйшла да Валянціны Антонаўны, не магла нават трымаць іголку, вельмі перажывала, але дзякуючы яе маральнай падтрымцы, моцнаму цярпенню, той увазе, якую надае кожнаму з нас, я змагла шыць і цяпер не адстаю ад іншых наведвальнікаў. Кожнай сустрэчы мы чакаем з нецярпеннем, бо вучыцца новаму – вялікая радасць. З кожным месяцам адточваецца наша майстэрства, памнажаецца колькасць гатовых вырабаў. Многія з іх упрыгожваюць нашы кватэры, частка стала падарункамі для сяброў, сацыяльных работнікаў, спецыялістаў аддзялення. Мы ад чыстай душы ўдзячны Валянціне Антонаўне, вельмі любім яе, цэнім, паважаем.

Ірына СТЫРНІК  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga