Адбылося чарговае пасяджэнне каардынацыйнага савета райвыканкама па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18 і камісіі па справах непаўналетніх.
Былі разгледжаны вынікі сацыяльнага расследавання, 3 дзяцей прызнаны ў сацыяльна ненадзейным становішчы, з 10-ю сем’ямі, дзе гадуюцца 22 непаўналетнія, работа прадоўжана. Члены камісіі палічылі пакуль немэтазгодным вяртанне маці чатырох дзяцей, прызнаных маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне; разгледжана хадайніцтва каледжа аб пропусках заняткаў непаўналетняй дзятлаўчанкай; бацькоў дзвюх дзяўчынак папярэдзілі аб недапушчэнні знаходжання дзяцей без суправаджэння дарослых у позні час.
Прагноз зрабіць цяжка
На працягу месяца пасля кадзіроўкі ад алкагольнай залежнасці ў стане ап’янення не была заўважана жанчына, чацвёра дзяцей якой прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.
Узяўся за розум і сужыцель шматдзетнай маці, які таксама прайшоў кадзіраванне і пасля працяглага перыяду беспрацоўя ўладкаваўся на работу. Сітуацыя ў сям’і пакуль стабільная, аднак ёсць значная запазычанасць за электраэнергію. Жанчына спадзяецца вярнуць дзяцей, цікавіцца поспехамі старэйшага сына-навучэнца каледжа, наведвала ў прытулку двух сярэдніх, яе дачка пакуль знаходзіцца пад апекай цёткі, наладзіць з ёю адносіны спрабуе біялагічны бацька.
Спецыялісты службаў прафілактыкі адзначаюць, што дзеці да маці прывязаны, а ў яе паводзінах бачны станоўчыя зрухі, аднак прагноз надалей рабіць цяжка, бо гэта ўжо трэцяе адабранне непаўналетніх у жанчыны: з папярэдніх “урокаў жыцця” высноваў яна так і не зрабіла.
Члены камісіі выказаліся за тое, што яшчэ рана разглядаць пытанне аб вяртанні сыноў і дачкі, звярнуцца да гэтай тэмы вырашылі на адным з чарговых пасяджэнняў. Тым больш што жанчына атрымала кватэру ў райцэнтры, збіраецца знайсці тут новую работу. Магчыма, змена абстаноўкі прывядзе і да зменаў у жыцці – галоўнае, каб яны былі ў лепшы бок. Пакуль жа сям’я застаецца на кантролі.
Ёсць праблема – трэба вырашаць
У сям’і, дзе гадуецца трое дзяцей, праведзена сацыяльнае расследаванне. Падставай для яго сталі паводзіны бацькі. У стане алкагольнага ап’янення мужчына бушаваў так, што разбіў дома мэблю і бытавую тэхніку. На дапамогу яго жонцы і каб абараніць дзяцей, малодшаму з якіх усяго год, паспяшаліся сацыяльны педагог школы і праваахоўнікі.
На пасяджэнні каардынацыйнага савета спецыялісты службаў прафілактыкі расказалі, што на глебе ўжывання алкаголю сітуацыі рызыкі ў гэтай сям’і ўзнікалі перыядычна. Гаспадар, калі моцна вып’е, паводзіць сябе даволі агрэсіўна, што стварае пагрозу для жыцця і здароўя дзяцей. Маці непаўналетніх таксама час ад часу “прыкладваецца да чаркі”, таму самастойна справіцца з праблемай дарослыя наўрад ці змогуць. Складана з імі працаваць і спецыялістам службаў прафілактыкі, якія рызыкуюць трапіць пад “гарачую руку” хатняга агрэсара.
Паколькі ў сям’і назіраюцца ярка выражаныя прыкметы недабрабыту, каардынацыйны савет вынес рашэнне аб прызнанні траіх дзяцей у сацыяльна ненадзейным становішчы. Дарослым рэкамендавана ў бліжэйшы час наведаць доктара-нарколага і, калі спатрэбіцца, прайсці курс лячэння ад алкагольнай залежнасці. Падрыхтаваны індывідуальны план прафілактычнай работы з сям’ёй.
Сітуацыі розныя – работа прадоўжана
На пасяджэнні члены каардынацыйнага савета райвыканкама па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18 прааналізавалі раней прынятыя рашэнні аб прызнанні 22 непаўналетніх з 10 сем’яў у сацыяльна ненадзейным становішчы. Работа з усімі сем’ямі прадоўжана, у дачыненні да адной з іх вывучаецца пытанне аб датэрміновай адмене сацыяльна ненадзейнага становішча хлопчыка ў сувязі з паляпшэннем сямейнага клімату і адсутнасцю прыкмет недабрабыту.
Асноўныя прычыны, па якой работа з іншымі сем’ямі прадаўжаецца, – гэта асацыяльныя паводзіны бацькоў і іх “сяброўства” з алкаголем, з-за чаго пакутуюць дзеці. Большасць дарослых стараюцца выправіць ранейшыя памылкі, прадпрымаюць для гэтага пэўныя крокі, аднак выносіць станоўчыя рашэнні на іх конт, як паказвае практыка, пакуль рана. Некаторым бацькам нагадалі аб неабходнасці сустрэчы з доктарам-нарколагам, іншым – параілі працаваць і клапаціцца пра дзяцей. З кожнай сям’ёй спецыялісты службаў прафілактыкі прадоўжаць работу, згодна з індывідуальнымі планамі, у якія ўнесены канкрэтныя дапаўненні.
Памылілася ў выбары будучай прафесіі?
У камісію па справах непаўналетніх паступіла хадайніцтва аднаго з каледжаў аб рэгулярных пропусках заняткаў без уважлівых прычын сямнаццацігадовай дзятлаўчанкай.
На пасяджэнне камісіі прыйшла маці дзяўчыны, сама навучэнка адсутнічала. Жанчына расказала, што дачка з’ехала з ранейшай кватэры, рэдка выходзіць на сувязь з блізкімі, хаця сцвярджае, што працаўладкавалася. Наведваць каледж і ў далейшым атрымаць спецыяльнасць, здаецца, больш не ўваходзіць у планы непаўналетняй.
Члены камісіі парэкамендавалі маці дзяўчыны сустрэцца з адміністрацыяй каледжа і канчаткова вырашыць пытанне аб адлічэнні дачкі, а таксама звязацца з непаўналетняй і патлумачыць ёй, што калі прадоўжыць сябе паводзіць такім чынам, то можа быць прызнана маючай патрэбу ў дзяржаўнай абароне і дастаўлена праваахоўнікамі ў сацыяльны прытулак.
Доўгая дарога дахаты
З вынясеннем папярэджання ад адміністрацыйнай адказнасці былі вызвалены бацькі дзвюх непаўналетніх, якія не забяспечылі суправаджэнне сваіх дзяцей у позні час.
На адной з вуліц райцэнтра пасля 23 гадзін дзяўчат-падлеткаў затрымала міліцыя. Як аказалася, яны вярталіся дахаты з дыскатэкі, але загаварыліся і не паспелі зрабіць гэта ў дазволены час.
На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама дзяўчынкі расказалі, што ў школе і дома ім неаднаразова нагадвалі пра тое, што знаходзіцца позна без дарослых на вуліцы нельга. На пытанне, чаму ж парушылі забарону, сяброўкі адказалі, што не ўсачылі за часам на гадзінніку. Бацькі патлумачылі, што ў той вечар сапраўды дазволілі дзецям пагуляць, але не дапазна, прычым тэлефанавалі ім перыядычна, а ў трубцы гучала адно і тое ж: “Мы ўжо ідзём”.
На жаль, несур’ёзнасць і легкадумнасць дзяцей нярэдка дастаўляе іх бацькам лішнія праблемы і клопаты.
Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Віктар ПЕТРУКЕВІЧ,
начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнтка газеты “Перамога”, член камісіі