Не сёння, лідчане!

Свежыя навіны Спорт і турызм

Захапляльныя гульнявыя моманты, напружанне на працягу ўсяго матча, невычэрпны запал у вачах футбалістаў – менавіта такой выдалася сустрэча паміж камандамі “Граніт-Агра” і “Лакафарба” ў рамках адкрытага чэмпіянату горада Ліды па міні-футболе.

Пасля стартавага свістка лідчане адразу паспрабавалі навязаць сваю гульню, аднак, як аказалася, не на тых нарваліся: дзятлаўчане не давалі сапернікам развіць ініцыятыву, раз за разам атакавалі, стваралі вострыя моманты каля варот гаспадароў.

Да канца першага тайма напорыстасць і настойлівасць дзятлаўскіх футбалістаў прынеслі свае “дывідэнды” – з перадачы Івана Дарашэвіча Максім Юганаў забівае гол і робіць лік 1 : 0. Пасля перапынку гульцы “Лакафарбы” пастараліся вярнуць раўнавагу ў матчы: праводзілі больш атак, сталі частымі “гасцямі” на дзятлаўскай палове пляцоўкі. Футбалісты “Граніт-Агра” трымалі вароты “пад замком” пакуль у сустрэчы не адбылося дэжавю: зноў у канцы тайма мяч аказваецца ў сетцы за спіной галкіпера, але, на жаль, ужо ў нашага – 1 : 1.

Сапернікі вырашаюць не спыняцца на дасягнутым, забіць яшчэ адзін гол і атрымаць перамогу ў матчы. І ўсё б атрымалася, калі б на бок нашых футбалістаў не стала “фартуна” ў выглядзе штангі, шостага гульца і другога варатара. Не сёння, лідчане. Сустрэча скончылася нічыёй з нязменнымі адзінкамі ў ліку.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Фота з https://vk.com/lida_champ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga