І ў будні ёсць месца подзвігу

Важнае Падзеі Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Героі жывуць побач, хаця часам мы іх не заўважаем, аднак у сітуацыях рызыкі яны імгненна прымаюць рашэнні, ад якіх, парою, залежыць жыццё адразу некалькіх чалавек.

Анёлам-ахоўнікам для дзвюх жанчын, жыццё якіх аказалася пад пагрозай, стаў наш зямляк – вадзіцель пажарна-аварыйнай ратавальнай часці № 1 горада Дзятлава раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Жыбко.

Як удалося аказацца ў патрэбным месцы ў патрэбны час, Сяргей Анатольевіч расказаў у інтэрв’ю.

– У той дзень я быў на выхадным дні і сабраўся адвезці знаёмых у горад Слонім. Выехалі, але на пад’ездзе да вёскі Хадзяўляны аказалася, што забыліся мабільны тэлефон. Вярнуліся назад – і зноў у дарогу. Кароткага прамаруджвання якраз хапіла, каб праз некалькі кіламетраў трапіць у цэнтр падзей.

Мінуўшы аграгарадок Вензавец, на пад’ездзе да ўчастка дарогі, дзе працякае рэчка, я ўбачыў жанчыну, якая махала рукамі, заклікаючы прытармазіць. Прызнацца, зрабіць гэта было цяжкавата, бо ў той дзень асфальт аказаўся слізкім. Ужо пасля, кінуўшы позірк на абочыну, я заўважыў там перакулены на дах аўтамабіль, які пагружаўся ў ваду. Каб нас не спынілі, наўрад ці я разгледзеў бы пацярпелую машыну бакавым зрокам.

Мы са знаёмым – сланімчанінам Уладзімірам Быстрыцкім – кінуліся на дапамогу. Праўда, я яшчэ паспеў набраць нумар 101, патлумачыць сітуацыю, а ўжо дыспетчар сам паведамляў пра здарэнне медыкам.

Мы разумелі, што зваротны адлік ідзе на хвіліны і людзі ў салоне, якія не змаглі выбрацца самастойна, могуць патануць. Па пояс у ледзяной вадзе перарэзалі рамень бяспекі жанчыны-вадзіцеля, якая непрытомная ўпала на рукі Уладзіміру. Пазней пацярпелая не памятала нават моманту аварыі. У якасці пасажыркі ехала яе маці. Яна заставалася ў свядомасці, але паведаміла, што не можа вызваліць заціснутую нагу. Паступова з нашай дапамогай пажылая жанчына таксама змагла выбрацца з салона. Сярод пацярпелых у дарожна-транспартным здарэнні быў і мужчына, які да нашага прыезду самастойна пакінуў аўтамабіль. Іх траіх забрала падаспелая “хуткая дапамога”.

– Ці даўно працуеце ратаўніком, і што дапамагло зрэагаваць аператыўна?

У аддзеле па надзвычайных сітуацыях я з 2014 года, таму дапамагаць пацярпелым даводзілася не раз. У нас рэгулярна ладзяцца заняткі і трэніроўкі, на якіх адпрацоўваем свае навыкі да аўтаматызму, за кошт чаго хваляванняў у крытычныя моманты не ўзнікае – проста робім сваю справу.

– З уратаванымі пазнаёміцца паспелі?

– Прызнацца, было не да таго: людзі перапалохаліся і замерзлі, мы іх проста перадалі медыкам. Аднак пазней стасункі усё ж такі адбыліся. Унучка пажылой жанчыны пачала пошукі праз інтэрнэт. Людзі адгукнуліся, і адпаведная інфармацыя паступіла начальніку Дзятлаўскага РАНС Сяргею Казушчыку. Затым была 15-хвілінная тэлефонная размова, у час якой жанчына не пераставала плакаць і дзякаваць мне. Я рады, што ў іх усё добра.

– Чаго пажадаеце землякам?

– Быць акуратнымі і берагчы сябе і дома, і на дарозе, і пры кантакце з агнём. Жадаю ніколі не трапляць у надзвычайныя сітуацыі, а вось калі сталі відавочцамі чужой бяды, не пакідаць людзей на волю лёсу. Не атрымаецца дапамагчы самастойна – выклікайце прафесіяналаў па нумары 101. Моцнага ўсім здароўя, бяспечных будняў і святаў.

Ірына СТЫРНІК    

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: