Дзіцячыя мары збыліся

Грамадства Свежыя навіны

Дзятлаўшчына прыняла ўдзел у рэспубліканскай навагодняй дабрачыннай акцыі Ёлка жаданняў.

Напярэдадні Новага года валанцёры раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа наведалі ў Дзятлаве дзіцячы дом сямейнага тыпу Марыны і Аляксандра Шэлегаў, сацыяльна-педагагічны цэнтр, Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дзе пацікавіліся ў дзяцей, што яны хацелі б атрымаць у падарунак ад Дзеда Мароза. Пазней іх пажаданнямі ў выглядзе папяровых цацак-аленяў упрыгожылі “Ёлку жаданняў” у магазіне “Родны кут”. Кожны, хто прыходзіў за пакупкамі, мог прачытаць навагодняе пасланне і выканаць запаветныя дзіцячыя мары. Прыемна, што маленькіх дзятлаўчан чакалі святочныя сюрпрызы не толькі ад жыхароў нашага горада. Так, прэзідыум Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа таксама не застаўся абыякавым і перадаў выхаванцам Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Марку Кашчыку, Лізавеце Карэцкай і Ільі Ламака салодкія падарункі, цацкі і балеткі, якія ўручыла дзецям старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ



Теги: