Андрэй Садоўскі: “Беларусы не застаюцца абыякавымі”

Важнае Улада

Чарговая сустрэча старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага па тлумачэнні і абмеркаванні пытанняў, якія выносяцца на рэспубліканскі рэферэндум, адбылася з працоўным калектывам ААТ “Новаяльнянскі камбінат хлебапрадуктаў”.

Вынікі маштабнага даследавання “Беларусь. Меркаванне аб будучыні” для работнікаў агучыў галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аляксей Якаўчык. Ён расказаў, што ўзровень падтрымкі кіраўніка дзяржавы высокі ва ўсіх узроставых катэгорыях, у значнай ступені беларусы давяраюць арміі, рэлігіі, праваахоўнікам, сярод сродкаў масавай інфармацыі лідзіруюць тэлебачанне і друкаваныя выданні, пераважная частка апытаных збіраюцца прыняць удзел у рэспубліканскім рэферэндуме, асабліва актыўная ў гэтым плане катэгорыя – грамадзяне старэйшыя за 56 гадоў, якія хочуць, каб іх дзеці і ўнукі і надалей шчасліва жылі ў нашай квітнеючай, прыгожай краіне.

– Невялікай дзяржаве на сучасным этапе складана захаваць свой суверэнітэт, – прадоўжыў тэму кіраўнік раёна. – Змяненні і дапаўненні Асноўнага Закона скіраваны на тое, каб зберагчы краіну і яе эканоміку. Канстытуцыйная камісія ажыццявіла значную работу па падрыхтоўцы праекта. На этапе грамадскіх абмеркаванняў адбываецца яго ўдасканаленне, і беларусы не застаюцца абыякавымі: паступае вялікая колькасць прапаноў.

Расказваючы пра галоўныя новаўвядзенні, Андрэй Садоўскі больш падрабязна спыніўся на актуальных для кожнага беларуса – захаванні нацыянальнай самабытнасці, культурнай і духоўнай спадчыны, патрыятычным выхаванні моладзі, адказнасці грамадзян за ўласнае здароўе. Кіраўнік раёна даў тлумачэнні і па новай главе Асноўнага Закона – аб паўнамоцтвах, статусе і саставе Усебеларускага народнага сходу. Напрыканцы выступлення ён нагадаў, што і работнікі камбіната могуць накіроўваць свае прапановы наконт палажэнняў новай Канстытуцыі на інтэрнэт-рэсурс pravo.by або агучваць на дыялогавых пляцоўках раёна, работа якіх прадаўжаецца.

Дырэктар прадпрыемства Ігар Язэпаў заклікаў сваіх калегаў абавязкова азнаёміцца з праектам Канстытуцыі, паабяцаў, што ён будзе размешчаны на камбінаце для агульнага доступу, бо важна не заставацца абыякавымі, калі вызначаецца будучыня нашай краіны.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: