Каляндар адмярае пачатак новага 2022 года, а час добрых спраў на Дзятлаўшчыне прадаўжаецца разам з дабрачыннай рэспубліканскай акцыяй “Нашы дзеці”.
Гэтым разам навагоднія чараўнікі з настольнымі гульнямі і салодкімі падарункамі завіталі ў дзіцячы дом сямейнага тыпу Марыны і Аляксандра Шэлегаў. Гасцей сустрэла гаспадыня Марына Генадзьеўна разам з дзецьмі, якія цяпер знаходзяцца на школьных канікулах. Валанцёры Чырвонага Крыжа і раённага савета ветэранаў прымерылі на сябе вобразы Дзеда Мароза і Снягурачкі, каб нават у зусім незімовае надвор’е прынесці дзецям часцінку навагодніх святаў. Дзяўчынкі і хлопчыкі праспявалі калядную песню і расказалі вершы, атрымаўшы ад Дзядулі Мароза салодкую ўзнагароду, зрабілі традыцыйны калектыўны фотаздымак каля святочна ўпрыгожанай ёлкі. Марына Генадзьеўна таксама не пакінула гасцей без падарункаў, уручыўшы ім друкаваныя календары на 2022 год.
Наступным пунктам дабрачыннага маршруту стаў сацыяльна-педагагічны цэнтр горада Дзятлава, куды адправіліся старшыня раённага савета ветэранаў Міхаіл Губар і адказны сакратар аб’яднання Ядвіга Гушча, а таксама старшыня раённага Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк. Ад іх выхаванцы цэнтра атрымалі цацкі, настольныя гульні і салодкія падарункі. А галоўнае – пажаданне быць здаровымі і дружнымі.
– Да акцыі “Нашы дзеці”, а разам з ёю – акцыі Чырвонага Крыжа “Ёлка жаданняў” на гэты раз далучыўся калектыў ДРБУ-119, які прадаставіў салодкія падарункі, – расказала Галіна Касцюк.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga