Прымалі пажаданні ад калегаў

Грамадства Свежыя навіны

У Дзятлаўскім аддзеле Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь даўно існуе добрая традыцыя: ва ўрачыстай і цёплай абстаноўцы праводзіць на пенсію людзей, які прысвяцілі працоўныя гады дзейнасці ў службе аховы.

На гэты раз асабовы састаў аддзела сабраўся для ўрачыстых провадаў на заслужаны адпачынак былых работнікаў Аляксандра Дзядулькі і Ніны Аліферовец.

Начальнік аддзела Дзмітрый Харошка павіншаваў іх з выхадам на пенсію, уручыў кветкі і падарункі.

Нагода для сустрэчы выдалася добрая, але крыху сумная, – зазначыў Дзмітрый Іванавіч, звяртаючыся да прысутных. – Аляксандр Рыгоравіч аддаў рабоце ў Дэпартаменце аховы значную частку свайго жыцця, Ніна Дзмітрыеўна – больш за 10 гадоў. Калегі цэняць і паважаюць вас, расставацца, вядома ж, шкада. Жадаю вам моцнага здароўя на доўгія гады, каб заўжды спадарожнічала ўдача, было больш пазітыўных момантаў і ясных дзён, мірнага вам неба над галавой.

Віншаванні і словы ўдзячнасці прагучалі на адрас Аляксандра Дзядулькі і Ніны Аліферовец ад калегаў па рабоце. Яны адзначалі дысцыплінаванасць, сумленнасць, выканаўчасць, адказнасць, актыўнасць жыццёвай пазіцыі, аптымізм і мудрасць былых работнікаў.

І не дзіўна. Працоўны стаж Аляксандра Дзядулькі ў аддзеле складае 35 гадоў. З 1985-га ён працаваў на пасадзе начальніка падраздзялення аховы аб’екта ўчастка №2 у Наваельні. Сцвярджае, што тры з паловай дзесяцігоддзі жыцця патрачаны не дарэмна, бо побач заўсёды знаходзіліся добрыя людзі. Змяніліся сем начальнікаў аддзела, аднак з усімі кіраўнікамі ў Аляксандра Рыгоравіча былі добрыя адносіны і паразуменне. Ён і сам заўжды стараўся падтрымліваць работнікаў, якія былі ў падпарадкаванні, аднак патрабаваў ад іх адказнага выкананя працоўных абавязкаў. Аляксандр Дзядулька і надалей збіраецца падтрымліваць адносіны з калектывам, уступіць у ветэранскую арганізацыю аддзела. Праўда, цяпер больш часу ён зможа патраціць і на сваё захапленне рыбалкай.

Ніна Аліферовец пасля заканчэння Гомельскага кааператыўнага інстытута па размеркаванні прыехала на Дзятлаўшчыну, працавала галоўным эканамістам райспажыўтаварыства. Паколькі па спецыяльнасці з’яўлялася бухгалтарам, вырашыла паспрабаваць сябе і ў гэтай прафесіі, для чаго ўладкавалася ў Будкомплекс. У лютым 2007 года ёй прапанавалі ўзначаліць фінансавую службу Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы. Працаваць тут было прэстыжна, ды і калектыў падабраўся выдатны – зладжаны, згуртаваны, здольны прыйсці на дапамогу. У 2015 годзе Ніна Дзмітрыеўна перайшла на пасаду загадчыцы гаспадаркі групы тылавога забеспячэння аддзела, з якой і выходзіць на заслужаны адпачынак. Цяпер мяркуе больш часу траціць на сям’ю, сваё здароўе і захапленні. Збіраецца часцей наведваць дзяцей, запісацца на заняткі па фітнэсе, хадзіць у басейн, бываць на экскурсіях, абавязкова з’ездзіць у Пецярбург, вырошчваць кветкі на прысядзібным участку.

Ірына СТЫРНІК